Экология

«Листья желтые над городом кружатся…»

Калі яны шамацяць пад нагамі на тратуары, гэта выклікае замілаванне гукамі залатой восені, аб якой будзем сумаваць зімой. Але прыгожая лістота не павінна хаваць сляды  людской неахайнасці, якую пазней абавязкова выявіць бялюткае снежнае покрыва. З сярэдзіны кастрычніка на Брэстчыне аб’яўлены месячнік навядзення парадку на зямлі. З мэтай вызначэння “болевых кропак” і прыняцця мер да нядбайных гаспадароў быў праведзены рэйд прадстаўнікоў санітарнай і камунальнай службаў, а таксама рэдакцыі “ЛН”.
Па вызначаным маршруце аўтамабіль рушыў па Лунінцу. Першы прыпынак – вуліца Заходняя ў раёне магазіна “СК “Юна”. Мясцовыя жыхары маюць дрэнную звычку складзіраваць каля бардзюраў смецце ў поліэтыленавых пакетах. Вядома, што ЖКГ вытрымлівае графік санітарнай ачысткі Лунінца, пяць разоў на тыдзень забіраючы спецтранспартам бытавыя адходы. Каля кожнага жыхара, які наводзіць парадак у кватэры, адначасова забруджваючы двор, вартавога не паставіш. Застаецца спадзявацца, што сумленныя лунінчане схопяць за руку тых, хто не захоўвае нормы агульнаграмадскіх паводзін, каб да парушальнікаў былі прыняты меры адміністрацыйнага ўздзеяння. Гэта той выпадак, калі выхоўваць трэба і дарослых.
Менавіта такім чынам ЖКГ паступіла ў адносінах стыхійнага гаражнага масіву па завулку Чэхава. Уладальнікам збудаванняў былі дасланы прадпісанні ў пэўны тэрмін знесці незарэгістраваную нерухомасць. Два гаспадары ад яе адмовіліся. Іх гаражы ліквідавалі. Рашучасць камунальнікаў падштурхнула выканаць загад і іншых лунінчан. Цяпер тут забяспечаны парадак.
У гэтым жа мікрараёне, на пустцы за шматпавярхоўкамі, знаходзіцца стыхійная звалка, барацьба з якой пакуль не дасягнула поспеху. Але ў гэты раз смецця не заўважылі – яго “замаскіравалі” залатым дываном сухога лісця. Абураешся несвядомасцю лунінчан, пагаршаючых экалагічную сітуацыю ў наваколлі свайго дома ці работы. Не ўдалося ўстанавіць, хто пастараўся “замясці сляды” – асобныя жыхары ці ўборшчыкі тэрыторый устаноў, размешчаных у квартале жылой забудовы.
Сумнае ўражанне выклікае Навадворская дарога ўздоўж дачных участкаў. Ачышчаючы градкі ад рэшткаў ураджаю, лунінчане выносяць зелле да праезнай часткі. Адначасова пакідаюць тут і бытавыя адходы, захопленыя “па дарозе” з дому. Дадаюць смецця і аўтамабілісты, выкідваючы пакеты проста з акна машыны. Як высветлілася, дачнікі заключылі дагаворы з ЖКГ на вываз адходаў, але ў вызначаных аб’ёмах. Камунальная служба свае абавязкі выканала, а за новы вываз патрабуе чарговую аплату, на што людзі не згаджаюцца. Гэтым ствараецца праблема для ДРБУ-101, за якім замацавана дарожная сетка.
Наступны пункт наведвання – вёска Дварэц у наваколлях аўтамагістралі. Малюнак пакідае неадназначнае ўражанне. Прыбраная пляцоўка каля ўстановы грамадскага харчавання, вычышчаны кантэйнер. Але засмечаны масіў у зоне адпачынку, за якую адказвае лясгас. Аўтобусны прыпынак – таксама акуратны і дагледжаны, а вось за яго сценамі ў лесапаласе валяюцца паперкі, бутэлькі, пластыкавыя пакеты.
Рознакаляровымі малымі формамі прываблівае зона адпачынку каля Луніна. Зноў тая ж праблема: на пляцоўцы – чыста, у лесе – засмечана.
Абвалоўка вызначыла тэрыторыю міні-палігона бытавых адходаў пасёлка Палескі. Але некаторыя людзі грэбуюць устаноўленымі межамі (каб толькі сметнікаў…). Магчыма, хтосьці адзін выкінуў з кузава аўтамабіля зелле разам з бытавымі адходамі перад міні-палігонам, а да яго, нядоўга думаючы, далучыліся і іншыя. Вецер разносіць смецце па полю насупраць, забруджваючы вялікую плошчу паблізу паселішча, што прэтэндуе на гарадскі статус.
Усе аўтааматары ведаюць тэрыторыю аўтадрома, на якім шліфавалі вадзіцельскія навыкі. Ускраек лесу бліжэй да Лунінца аблюбавалі прыхільнікі спіртнога. Яны нават вырабілі “стол” з цэменту, які акуратна разраўнялі. Створаны ўмовы для “цывілізаванай” выпіўкі. Няхай бы і наступстваў не пакідалі, але прыбіраць – “не царская справа”. На “стале” – па-бітыя бутэлькі, паўсюдна – адходы ад закускі.
Напярэдадні адкрыцця плавальнага басейна “Дэльфін” тэрыторыю тылу прыбралі ад бытавых адходаў. Праз тыдзень “задворкі” зноў былі засмечаны…
Звяртаюся да спадарожнікаў па рэйду, каб пракаменціравалі ўбачанае.  
Начальнік участка добраўпарадкавання ЖКГ Сяргей САМУСЕВІЧ:
– Бачылі гаражны масіў па вуліцы Кутузава? Своечасова ачышчаем кантэйнер зноў жа з вызначаным на колькасць уладальнікаў нерухомасці аб’ёмам адходаў. Але паўсюдна – прыватныя дамы. Праз гадзіну кантэйнер перапоўнены, а навокал – звалка. Неахайныя дарослыя не могуць даць добры прыклад дзецям. Пастаянна сутыкаемся з выпадкамі вандалізму, якія наносяць значны ўрон камунальнай гаспадарцы, а значыць – усім лунінчанам. Пацверджу думку канкрэтнымі фактамі з найбольш буйных разбурэнняў. Сёлета разбіта 6 кветніц з прылад вертыкальнага азелянення. Зламаны саджанцы на вуліцы Савецкая. Пашко-джаны дарожныя знакі па вуліцы Прыпяцкая. У зоне адпачынку на вадаёме Баханова зламана чыгунная агароджа, на дзіцячай пляцоўцы – пластмасавая горка. Вырваны свяцільні з фантана на плошчы Леніна…
Памочнік урача-гігіеніста РЦГіЭ Кацярына ГНЕДЗЬКА:
– Двары школ пакідаюць выдатнае ўражанне, але неабходна клапаціцца і пра наваколле: прыбіраць смецце, ліквідаваць дзікія зараснікі. Можна было б арганізаваць суботнікі для школьнікаў. Такая праца – ім па сілах, дзяцей трэба прывучаць да навя-дзення парадку да зямлі. Што да дарослых, то высылаем арганізацыям рэкамендацыі па ліквідацыі заўважаных недахопаў і вызначаем пэўны тэрмін для гэтага. Пасля правядзем чарговы рэйд. У выпадку паўторнага выяўлення смецця будуць складацца пратаколы аб адміністрацыйным пакаранні. Спадзяемся, у перыяд месячніка актывізуюцца кіраўнікі сельвыканкамаў, старасты вёсак, іншыя службы, што адказваюць за добраўпарадкаванне, і наогул усе жыхары нашага краю, якія перажываюць за яго чысты і светлы выгляд.  
Падрыхтавала Таццяна ВАСІЛЬЕВА. 
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть