Жыватворны МОЦ ДУБРАЎ сілкуе чалавека
Экология

Жыватворны МОЦ ДУБРАЎ сілкуе чалавека

Так лічыць галоўны ляснічы лясгаса Іван КАЛЕШКА, які сёлета ўдастоены высокага звання «Ганаровы лесавод Рэспублікі Беларусь”. 

Нават калі 6-класнік Вулькаўскай 1 СШ ішоў з сякерай у лес, каб дапамагчы леснікам, ён не марыў звязаць будучыню з зялёнай сферай. Бацька і дзядзька навучалі догляду за ляснымі культурамі, дакладнаму вядзенню высечак асвятлення; мама падказвала, як беражліва палоць пасадкі ў гадавальніку. Для хлопчыка ж рухавіком цікавасці было не столькі прынясенне карысці лесу, колькі магчымасць зарабіць на важныя ў дзяцінстве, але дастаткова дарагія ў тагачаснай вёсцы рэчы. На ўсё жыццё застаўся ў памяці той гонар, калі ў 7-ым класе прыйшоў у школу з наручным гадзіннікам «ЗІС”, на які бацькі выдаткавалі 21 рубель заробленых сынам грошай. Пазней набылі і веласіпед, да якога захоплены тэхнікай Ванька адносіўся, як да апошняга дасягнення навуковага прагрэсу.
Калгас у Вульцы 1 славіўся механізатарскімі кадрамі. Марыўшы далучыцца да «афіцэраў”, пасля заканчэння 9-га класа хлопец настроіўся на Пружанскі саўгас-тэхнікум. Але і адно слова крута можа змяніць лёс. У бацькоўскі дом выпадкова завітаў галоўны ляснічы лясгаса Міхаіл Міхайлавіч Карпенка. Даведаўшыся аб планах Івана, параіў:
– Паступай лепш у Полацкі лясны тэхнікум. Будзеш мець спецыяльнасці і тэхніка, і агранома, – і пажартаваў (а аказалася – напрарочыў): 
– З цягам часу і маю пасаду зоймеш…
Прапанова прадвызначыла далейшы прафесійны шлях. У верасні 1972-га юнак стаў студэнтам. Прыкмеціўшы поспехі ў вучобе, грамадскую актыўнасць, прызначылі старастам групы. Па размеркаванню ішоў у пяцёрцы лепшых выпускнікоў. З Брэсцкага абласнога ўпраўлення лясной гаспадаркі накіравалі ў Лунінец. Першае месца работы з красавіка 1976-га – тэхнік-лесавод Бастынскага лясніцтва.
Праз два тыдні прызвалі на тэрміновую службу. Танкавыя войскі – армейская рамантыка нашага земляка. У часці пад Слонімам давялося выпрабоўваць новую баявую машыну Т-72, вывучаць устройства, што і сёння ведае, як свае пяць пальцаў. Пераадольваў водныя перашкоды па дне Нёмана і Шчары, быў выдатнікам баявой і палітычнай падрыхтоўкі. Камандаванне прапаноўвала звышурочную службу «зампатэхам”. Ваенная кар’ера не адбылася з-за адказнасці, якую Іван адчуваў перад старымі бацькамі. Яны выгадавалі пяцёра дачок і двух сыноў. Чацвёра дзяцей знайшлі сваё шчасце за межамі Вулькі 1. Малой радзіме засталіся адданымі дзве сястры і брат.
Другое прышэсце ў лясгас адбылося ў дзень анёла – 7 ліпеня 1978-га. Майстар лесу Дзятлавіцкага лясніцтва праз 7 месяцаў быў пераведзены на гэту ж пасаду ў Лунінскае. Адразу ж паступіў на завочнае аддзяленне факультэта лясной гаспадаркі Беларускага тэхналагічнага інстытута. Гэты год наогул можна назваць лёсавызначальным. Калі ехаў у ВНУ ў цягніку, пазнаёміўся з дзяўчынай – ура-джэнкай Ракітна. Дарожнае знаёмства хутка завяршылася вяселлем. Іван набыў і жонку, і аднадумца. 
– Мне шчасціла на кіраўні-коў-прафесіяналаў, – з удзячнасцю адзначае Іван Якаўлевіч. – Каштоўны вопыт перадаваў Канстанцін Лукіч Саковіч. Дай Бог здароўя ветэрану, якому 9 мая споўнілася 88 год… Пасля дырэктарам лясгаса быў Васіль Сцяпанавіч Стэльмах. У 1986-ым ён прызначыў мяне ляснічым у Дзятлавічы. Тут мая жонка Ганна Іванаўна пачала весці бухгалтэрыю.
У 2000-ым на баланс лясгаса сталі перадаваць зялёныя зоны калгасаў. І.Я. Калешка ўзначаліў створанае Дварэцкае ляс-ніцтва. Рэарганізацыю праводзіў з галоўным ляснічым Уладзімірам Віктаравічам Мінічам. Хутка ён стаў дырэктарам Пінскага лясгаса, а на вызваленую пасаду ў Лунінецкім у студзені 2002-га кіраўніцтва Брэсцкага ВЛГА прызначыла Івана Якаўле-віча. 
– Прайшоўшае дзесяцігоддзе напоўнена стваральнай працай усяго калектыву на чале з дырэктарам Вячаславам Іванавічам Торчыкам, – галоўны ляснічы з задавальненнем расказвае аб сваіх калегах. – Палепшылася якасць правядзення высечак догляду. На дапамогу леснікам прыйшла сучасная тэхніка. Новыя адміністрацыйныя будынкі ўзведзены ў Дварцы і Дзятлавічах, на наступны год наваселле справяць у Багданаўцы. Рэканструяваны канторы ў Перунова (Краснавольскае лясніцтва), Мікашэвічах і Сінкевічах. У дварах лясніцтваў упарадкаваны дэндрапаркі. Гэта і прыцягвае ўвагу навакольных, і служыць своеасаблівым цэнтрам прафарыентацыі школьнікаў. Наш жа гадавальнік, размешчаны ў наваколлях Вулькі 1, у пэўным сэнсе з’яўляецца ўзорным. У 2010-ым інжынер па лесаўзнаўленню Таццяна Васільеўна Стэльмах першай у лясгасе адзначана званнем «Ганаровы лесавод Рэспублікі Беларусь”.   
Сёлета аналагічнае пасведчанне ўручана Івану Якаўлевічу на ўрачыстасцях у сталіцы. А дома яго віншавала працоўная дынастыя Калешкаў. Да бацькі і мамы далучыліся два сыны і нявестка. Андрэй, выпускнік ПТВ-160, быў ва-дзіцелем Дварэцкага ляс-ніцтва. Яго жонка Таццяна працуе тут лесніком (дарэчы, як і яе бацька), а муж цяпер – у лясгасе, кіруе пажарным аўтамабілем. Віктар закончыў той жа факультэт, што і бацька. Праўда, змяніла назву ВНУ – Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт. Два гады працаваў майстрам лесу ў Дзятлавічах. З красавіка 2010-га – ляснічы Лунінскага лясніцтва. Яго жонка выкладае замежную мову ў мясцовай школе. 
Захапленнем жыцця Івана Якаўлевіча застаюцца дубравы. Яны радуюць вока і душу ў Бастынскім, Лунінскім, Лунінецкім лясніцтвах. 
– Як бы ні стаміўся на працягу дня, дакранешся спіной да дуба – быццам у цябе пяройдзе яго сіла, – пацвярджае старажытнае павер’е прафесіянал.
Іван Якаўлевіч здзейсніў трыяду жыццёвага прызначэння. Вырошчвае дрэвы, выгадаваў сыноў, пабудаваў дом (марыў аб гэтым, шмат год жывучы ў маленькай купленай хаціне). Жонка – аматар кветкаводства – пераўтварыла двор у сапраўднае царства флоры. Вясной сядзіба патанае ў цюльпанах, летам – у ружах, восенню – у вяргінях. Найбольш жа радуюць бабулю з дзедам 9-ці і 3-гадовая ўнучкі – сапраўдныя кветачкі жыцця.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть