Экология

Даруйце нам, буслы…

бускиГавораць, што буслы прыносяць удачу і багацце. Ці так гэта на самай справе, ведаюць жыхары Вулькі 1, чыю вёску гэтыя птушкі аблюбавалі даўно.
Вось і летась літаральна на кожным слупе красаваліся буслянкі. Па-гаспадарску ўладкоўваючы гняздо, велічныя птушкі стваралі сем’і, у якіх пазней паяўлялася патомства. Штодзень жыхары назіралі за павольным рухам птушынага жыцця: вось запішчалі малыя; а вось бацька прынёс ежу; а гэта ўжо бусляняты спрабуюць лускаць маленькімі дзюбамі… З надзеяй на хуткую сустрэчу восенню вулькаўчане развіталіся з лёгкакрылымі птушкамі. Але якім жа было абурэнне, калі сёлета большасць буслянак работнікі раёна электрасетак скінулі са слупоў. Як расказаў начальнік арганізацыі Леанід Алешка, і сапраўды давялося пайсці на такія меры. Справа ў тым, што адходы жыццядзейнасці буслоў хімічна актыўныя, таму яны псуюць электраправады. Як вынік – выходзяць са строю электрапрыборы ў дамах вяскоўцаў. Падобныя работы праведзены не толькі ў Вульцы 1, але і Кажан-Гарадку, Лобчы і іншых населеных пунктах. Дарэчы, супрацоўнікі РЭС могуць устанавіць спецыяльнае ўстройства на слупах, якое размяшчаецца вышэй правадоў, і такім чынам буслянкі не нясуць ніякай шкоды. На Лунінеччыне ўжо ёсць тры падобныя прыстасаванні, але з-за абмежаванага фінансавага рэсурсу набываць іх у дастатковай колькасці не атрымліваецца.
У дзяцінстве бабуля расказвала цікавую легенду, паводле якой буслы ачышчаюць зямлю. Даўным даўно чалавеку Бог даў даручэнне: кінуць у бездань завязаны наглуха мех з сабраным у ім паскуддзем: гадзюкамі, рапухамі, яшчаркамі, жабамі… Але просьбу чалавек не выканаў – падвяла залішняя цікаўнасць. У той момант, калі ён развязаў мяшок, усе істоты распаўзліся па зямлі. За гэту непаслухмянасць Бог ператварыў чалавека ў бусла. З тых часоў ён ходзіць па зямлі і збірае ўсё, што калісьці раскідаў.
Ці не прыйдзецца і нам ператварыцца ў тых, хто збірае непрадбачана раскіданыя “камяні” жорсткасці і бездухоўнасці? І ці знойдзем тады апраўданне перад пакрыўджанай птушкай, якая з’яўляецца сімвалам сінявокай Беларусі?



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть