Экология

Пакіньце машыну на стаянцы!

безавто22 ВЕРАСНЯ – СУСВЕТНЫ ДЗЕНЬ БЕЗ АЎТАМАБІЛЯ

Яшчэ колькі год таму правядзенне акцыі ў падтрымку агульнаеўрапейскага “Дня без аўтамабіля” нярэдка суправаджалася рэплікамі скептыкаў: маўляў, ну хто ў наш час хоць бы на дзень адмовіцца ад такога зручнага сродку перамяшчэння, як аўто? Між тым, з часам акцыя набірае ўсё большую папулярнасць. Распачатая ў 1998 годзе ў Францыі, яна была падтрымана ўсяго двума дзясяткамі гарадоў. Аднак ужо ў 2001 годзе да руху далучыліся больш як тысяча буйных мегаполісаў у 35 краінах свету.

Беларусь праводзіць “Дзень без аўтамабіля” ў шосты раз. Столькі ж адзначаецца ён і ў Лунінецкім раёне. Шчыра сказаць, дагэтуль у нас нямала тых, хто не жадае задумацца над сур’ёзнасцю праблемы і ўсяго на адзін дзень адмовіцца ад машыны, аддаўшы перавагу веласіпеду ці нават пешай хадзьбе. Ва ўмовах Лунінца, Мікашэвіч і вёсак раёна зрабіць гэта зусім нескладана. А таму варта яшчэ раз нагадаць, якую шкоду нясуць з сабой “чатырохколыя сябры”, да якіх мы так прывыклі.

У сярэднім пры прабегу аўтамабілем за год 15 тысяч кіламетраў спальваецца больш як 2 тоны паліва і знішчаецца каля 30 тон паветра. Пры гэтым у атмасферу выкідваецца каля 700 тон чаднага газу (СО), 400 кілаграмаў дыяксіду азоту, 230 – вуглевадародаў і іншых забруджваючых рэчываў, агульная колькасць якіх перабольшвае 200 найменняў. Яны нясуць велізарнейшую шкоду чалавеку і прыродзе. І гэта – толькі ад адной машыны. У Беларусі ж  іх – больш як 3 мільёны, у нашым раёне – каля 30 тысяч.

Толькі ўявіце: зараз асноўная частка забруджваючых рэчываў – 80 працэнтаў – трапляе ў атмасферу менавіта ад аўтамабіляў, якія выкарыстоўваюцца ў асабістых, вытворчых ці службовых патрэбах. За адзін толькі 2012 год у цэлым па краіне ў атмасферу выкінута амаль 150 тысяч тон атруты ў выглядзе чаднага газу.

Што кожны з нас можа зрабіць, каб выправіць гэтую неспрыяльную сітуацыю? Перш за ўсё, падтрымаць акцыю “Дзень без аўтамабіля”, якая праводзіцца 22 верасня. Не мае значэння, чаму будзе аддадзена перавага – веласіпеду, ролікам ці пешай прагулцы – галоўнае, хоць на кароткі час адмовіцца ад машыны, перакрыць крыніцу таксічных выкідаў у атмасферу, унесці ўклад у захаванне чысціні паветра родных мясцін.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть