“Раз бярозка, два бярозка… А потым – хвойку пасадзі”
Экология

“Раз бярозка, два бярозка… А потым – хвойку пасадзі”

лесБольш за ўсё чалавек шануе тое, да чаго прыклаў сваю руку. Каб дзеці паважалі лес, іх далучаюць да яго стварэння, а дакладней – да аднаўлення. Вучні Лунінскай СШ з леснікамі сябруюць даўно. Юныя памочнікі дапамагаюць саджаць дрэўцы і даглядаць за імі.

Днямі вучні 7-10 класаў рамках акцыі «Тыдзень лесу» высаджвалі на тэрыторыі Лунінскага лясніцтва на плошчы  амаль у 5 гектараў сеянцы хвоі і саджанцы бярозы.

Намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ДЛГУ “Лунінецкі лясгас” Аляксандр Дубініч падзякаваў вучням за тое, што яны любяць прыроду і ахвотна выконваюць адну з важных запаведзяў – пасадзіць дрэва. Ён адзначыў, што гэта мерапрыемства стане добрым прыкладам для ўсіх жыхароў раёна.

Работнікі лясніцтва правялі для хлопчыкаў і дзяўчынак інструктаж. Пляцоўку для работ, інвентар і пасадачны матэрыял падрыхтавалі загадзя.

Саджалі традыцыйным спосабам: дзве бярозкі, потым – 8 хвоек. Дапамагло ў рабоце спецыялізаванае прыстасаванне “меч Колесава”. Большасць юных эколагаў ужо бралі ўдзел у акцыях па захаванню прыроды, але за “мячы” ўзя-ліся ўпершыню.

– Лес садзіць – добрая справа!
гаворыць сямікласнік Саша Марко. – Такі зарад станоўчай энергіі атрымліваеш!

– Вясна сёлета непрадказальная,сцвярджае Віктар Калешка. – Выгляне сонейка, прыпячэ, і вільгаць з падрыхтаваных плошчаў сыдзе вельмі хутка. Зараз галоўнае паспець пасадзіць дрэўцы на ўсіх запланаваных плошчах, а  гэта – 13 гектараў. Акцыі, прысвечаныя аднаўленню лясоў з прыцягненнем школьнікаў, важныя, і праводзіць іх трэба часцей, чым раз у год.

Гаспадары лесу даўно заўважылі, што пасля працы дзяцей прыжывальнасць маладых дрэў амаль 100-працэнтная. Тут адыгрывае ролю іх адказнае стаўленне да свайго задання і жаданне зрабіць навакольны свет лепшым. Гэта супрацоўніцтва – на доўгую перспектыву! Магчыма, пазней нехта з моладзі прыйдзе ў новы лес са сваімі дзецьмі і з гонарам скажа: «Сярод гэтага мноства соснаў і бяроз ёсць і маё дрэва!»

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть