Рыбакі, адпусціце сома!
Згодна з пунктам 107 Правілаў вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства, зацверджаных Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №551 ад 05.12.2013 г., з 1 лістапада па 31 сакавіка ўстаноўлена забарона на лоў сома звычайнага.
У выпадку парушэння кошт адной здабытай асобіны складзе 12 базавых велічынь, што роўна 1800000 рублёў, а сам віноўнік будзе прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці па частцы 1 артыкула 15.35 КоАП Рэспублікі Беларусь – штрафу ў памеры ад 10 да 50 базавых велічынь.
ВЫДАЛА ТАПТУХА
Работнікі Мікашэвіцкай міжрайінспекцыі каля ракі Валчанка паблізу Галага Бора спынілі для праверкі аўтамабіль, на даху якога была прымацавана забароненая прылада для рыбалоўства – таптуха.
У машыне двое мясцовых жыхароў перавозілі 34 асобіны розных відаў рыб і два капронавыя браднікі. Памер урону, нанесенага навакольнаму асяроддзю, склаў 253 базавыя велічыні – 37 мільнаў 950 тысяч рублёў, яшчэ 5 мільёнаў 607 тысяч – кошт незаконна здабытай прадукцыі. Супрацоўнікі РАУС вырашаюць пытанне аб узбуджэнні крымінальнай справы па частцы 4 артыкула 181 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь – незаконная здабыча рыбы, якая пацягнула прычыненне ўрону ў асабліва буйным памеры.
ПАРУШАЛЬНІКАЎ ПАКАРАЎ СУД
Органы правасуддзя вынеслі адразу два вердыкты па крымінальных справах аб незаконным рыбалоўстве.
Суд Жыткавіцкага раёна назначыў пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры 30 мільёнаў рублёў двум жыхарам суседняга раёна, якія вясной гэтага года пры дапамозе сетак з лескі і драўлянай вёславай лодкі здабылі ў пойменным вадаёме ракі Прыпяць (угоддзі філіяла ПГ “Ласіны востраў” ААТ “Тураўшчына) 23 ляшчы. Адзін з парушальнікаў аказаў непадпарадкаванне работнікам інспекцыі, спрабаваў збегчы з незаконнымі прыладамі лоўлі і здабычай. Памер урону, прычыненага навакольнаму асяроддзю і кошт атрыманай прадукцыі, у суме больш як 11 мільёнаў рублёў віноўнікі здарэння кампенсавалі да суда.
Крыху менш – 8 мільёнаў рублёў – заплаціў да судовага разбіральніцтва жыхар Купаўцоў, якога затрымалі ў час веснавой забароны ў пойменным вадаёме ракі Прыпяць (фонд запасу рыбалоўных угоддзяў) каля Лахаўкі. 9 асобін рознай рыбы, здабытых пры дапамозе капронавай сеткі і рыбалавецкага касцюма (канфіскаваны, як сродак злачынства), хапіла для ўзбуджэння крымінальнай справы. Рашэнне па ёй вынес суд Лунінецкага раёна.
Аляксандр КРАЎЧЭНЯ,
начальнік Мікашэвіцкай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.