Сезон закончыўся, работа працягваецца
Экология

Сезон закончыўся, работа працягваецца

припятьЧас летняга адпачынку для эколагаў і прыродаахоўных службаў заўсёды вызначаецца асаблівай напружанасцю. У нашым раёне ахоўныя мерапрыемствы канцэнтруюцца вакол зон, найбольш часта наведваемых людзьмі, – возера Белае і ўзбярэжжа ракі Прыпяць.

Сёлета па-сапраўднаму гарачых дзён было не так і шмат, таму і аматараў адпачынку на берагах вадаёмаў у параўнанні з леташнім паменшала. І ўсё ж звычка пакідаць смецце там, дзе бавяць вольны час, у людзей засталася. Як засталіся і тыя, хто імкнецца пад’ехаць на машыне як мага бліжэй да вады, не звяртаючы ўвагі на забараняючыя знакі і аншлагі. За сезон на парушальнікаў было складзена больш як 30 пратаколаў.

Па словах начальніка раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Івана Піліпцэвіча, у асноўным гэта жыхары суседняга Пінскага раёна і гарадоў Беларусі, якія аблюбавалі Белае і Прыпяць для адпачынку. Лунінчане памалу прывыкаюць больш беражліва ставіцца да жамчужын свайго краю, разумеючы, што прыгажосць, якой адарыла нас прырода, не вечная і ўжо сёння мае патрэбу ў абароне і беражлівым стаўленні.

З мэтай акультурыць збор смецця, сёлета сям-там у зонах адпачынку, акрамя вялікіх кантэйнераў, былі ўстаноўлены прымітыўныя смеццезборнікі – трынога з прымацаваным да яе поліэтыленавым пакетам. Здавалася б, усё для зручнасці адпачываючых. Аднак многія з іх гэта ацаніць не здолелі: не абцяжарваючы сябе стараннем пакласці смецце ў пакет, шпурлялі яго побач. У выніку добрае пачынанне па віне асобных адпачываючых абярнулася звычайнай прыкрасцю.

Справядлівасці дзеля, варта сказаць, што, наведваючы ўзбярэжжа возера Белае неаднойчы даводзілася бачыць перапоўненыя смеццем кантэйнеры, якія не спяшаліся “вызваляць” работнікі камунальнай службы. Як даведаліся, смецце вывозілася па графіку адзін раз у тыдзень. Відавочна, у пік сезона гэты графік варта ўдасканальваць, прыстасоўваючы яго да наплыву людзей. У супраціўным выпадку малюнак разнесенага па беразе смецця стане непераходзячай прыкметай зон адпачынку, і акцыі “Чысты бераг” з прыцягненнем членаў грамадскіх аб’яднанняў і работнікаў лясгаса давя-дзецца праводзіць не час ад часу, а пастаянна.

Падводзячы вынікі мінулага летняга сезона, хацелася б звярнуцца яшчэ да адной праблемы, якая аніяк не знойдзе вырашэння ў тых, хто за гэта адказвае. Гэта – забруджванне лунінецкіх сажалак Баханова  водарасцямі. Узбярэжжа штучных вадаёмаў  – адзінае добраўпарадкаванае месца адпачынку ў межах Лунінца. Яно карыстаецца папулярнасцю ў гараджан па прычыне даступнасці і адноснай уладкаванасці. Аднак у пік лета ні пакупацца, ні нават пазагараць на беразе штучнага вадаёма нярэдка немагчыма. Вада – мутная і зеленаватая ад водарасцяў, да таго ж выдзяляе непрыемны пах, ад якога адпачынак псуецца канчаткова.

Мы неаднаразова звярталіся да дырэктара КУШВП ЖКГ “Лунінецкая ЖКГ” Васіля Вакульчыка з просьбай звярнуць увагу на гэта. У адказ – адпіскі наступнага зместу: “ЖКГ не можа самастойна вырашыць праблему. Выкананне такога віду работ магчыма толькі з прыцягненнем сіл і сродкаў рыбгаса “Лахва”.

Верагодна, чытач, гэтак жа як і мы, падумаў, што для таго, каб ачысціць акваторыю вадаёмаў ад водарасцяў, трэба спецыяльныя прыстасаванні ці нават хімічныя сродкі? Зусім не!  Як растлумачыў дырэктар рыбгаса Мікалай Яраховіч, дастаткова апрацаваць узбярэжжа звычайнай вапнай ці хлоркай (акуратна, абавязкова памятаючы пра рыб, якія насяляюць вадаёмы!). Яшчэ больш бяспечны спосаб – запусціць сюды таўсталобіка, які дапамагае прыроднай фільтрацыі вады.

Думаю, пра гэтыя спосабы ведаў спадар Вакульчык. Але ж прасцей адмахнуцца ад праблемы, чым патраціць сілы і сродкі на яе вырашэнне. Прычым не толькі адмахнуцца, але і  паспрабаваць перакласці свае абавязкі на іншых. Практыка звычная, вось толькі не заўсёды эфектыўная. Сёлета сезон адпачынку ўжо закончыўся, аднак на будучы год пастараемся своечасова і без падказкі адпачываючых трымаць праблему ў полі зроку да поўнага яе вырашэння.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть