Экология

Спякотны рэйд

белоеНе дзіўна, што гарачыя жнівеньскія дні насельніцтва імкнецца правесці каля вады. У мінулую суботу галоўны спецыяліст райінспекцыі прыродных рзсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Шкут, старшы інжынер РАНС Сяргей Бесан, старшы ўчастковы РАУС Мікалай Сядоў, майстар лесу лясгаса Аляксандр Грыневіч, ляснічы Лобчанскага лясніцтва Аляксей Шэпетунка разам з карэспандэнтам «ЛН» пабывалі на самым папулярным месцы адпачынку — возеры Белае.

— У нас пастаянна праводзяцца і самастойныя, і сумесныя рэйды. За гэты час ужо ёсць станоўчыя вынікі, — увёў у курс спраў Аляксандр Шкут. — Аднак, нягледзячы на гэта, парушальнікаў яшчэ хапае. Складаем пратаколы, у асноўным — за стаянку транспарту каля вадаёма і распальванне вогнішчаў. Гутарым з людзьмі, папярэджваем.

Да любімага месца адпачынку з самай раніцы накіроўваецца не адзін дзясятак машын. Прыпаркавацца пакуль не складана. Пляж практычна пусты, мангалы, каля 70 палатак. Пад’ехаўшы, заўважаем аўтамабіль, які стаіць прама на прыбярэжнай зоне возера. Вадзіцелю давялося прыпыніць размову з роднымі для дыялогу з інспектарам. Аўтаўладальніку нагадваюць, што ў водаахоўных зонах і прыбярэжных палосах дзейнічаюць забарона і абмежаванне гаспадарчай і іншай дзейнасці (артыкул 77 Воднага кодэкса Рэспублікі Беларусь), у тым ліку нельга пакідаць аўтамабіль на адлегласці менш як трыццаць метраў па гарызанталі ад лініі вады. Выключэнне складаюць спецыяльна адведзеныя ва ўстаноўленым парадку месцы для паркоўкі.

Мужчына сваю віну цалкам прызнаў: у далейшым да такіх момантаў ён будзе больш уважлівым. За парушэнне заканадаўства накладаецца штраф да 35 базавых велічынь, але на першы раз яго толькі папярэдзілі.

Падчас растлумачальнай гутаркі міжволі думала: “Трыццаць метраў — не трыццаць кіламетраў. Не проста так закон забараняе блізкую да вады стаянку. Па-першае, аўтамабіль перашкаджае адпачываючым. Па-другое, гляньце на асфальт у месцах, дзе рэгулярна пакідаюць свае транспартныя сродкі аўтаўладальнікі — яны часцей за ўсё забруджаныя гаруча-змазачнымі матэрыяламі. Няўжо такім мы хацелі б бачыць бераг Белага возера?

Накіраваліся да месца знаходжання супрацоўніка таварыства выратавання на водах. У гэты час у пляжнай зоне дзеці і дарослыя купаліся, гулялі з мячом, загаралі.

— Для многіх летні адпачынак каля вадаёма — адзін з лепшых варыянтаў правядзення вольнага часу. Аднак грэбаванне правіламі паводзін і мерамі бяспекі на вадзе нярэдка прыводзіць да няшчасных выпадкаў, — расказвае старшы інжынер РАЙС Сяргей Бесан. Перад тым, як дазволіць дзіцяці ўвайсці ў ваду, дарослыя павінны вывучыць дно на адсутнасць небяспечных прадметаў. Бацькам варта ўважліва назіраць за малымі, якія знаходзяцца як у вадзе, так і побач з ёй. Не спадзявайцеся на тое, што старэйшыя будуць прыглядаць за малодшымі. Памятайце, што хлопчыкі і дзяўчынкі, якія плаваюць няўпэўнена, павінны «курсіраваць» уздоўж берага.

Раптам з тэрыторыі заказніка (паміж былым лагерам «Бярозка» і асноўнай пляжнай зонай), адчуўся пах дыму. Падышоўшы бліжэй, заўважылі распаленая вогнішчы і мангалы. Амаль усе парушальнікі з заўвагамі супрацоўнікаў зацікаўленых службаў згаджаліся і на месцы выпраўлялі сітуацыю. Толькі госці з суседняга Пінска, на жаль, уступілі ў спрэчку. Лагічным завяршэннем яе стаў пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні.

Анамальна высокая тэмпература паветра і адсутнасць ападкаў справакавалі ўзнікненне і распаўсюджванне лясных і тарфяных пажараў. Каб прадухіліць іх, уведзены абмежаванні і забарона на наведванне зялёнай зоны. Парушэнне патрабаванняў цягне накладанне штрафу ў памеры ад 25 да 50 базавых велічынь.

— Усяму віной — няўважлівасць і абыякавасць. На пад’ездзе ўсталявана шыльда на якой папярэджваецца аб дзеяннях, забароненых каля вады, але большасць неабачліва яе ігнарыруе.

Даводзіцца прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці, — адзначае майстар лесу Аляксандр Грыневіч.

белое 2На зваротным шляху ў мэтах выканання заканадаўства забароны знаходжання ў месцах, не прызначаных для адпачынку, наведалі сажалкі на вуліцы Кобрынская ў райцэнтры і ў аграгарадку Палескі. Аматараў адпачынку тут не было.

Нагадваем, што ў сувязі з сухім надвор’ем і ў мэтах прыняцця дадатковых мер па прадухіленню магчымых надзвычайных сітуацый, з 13 чэрвеня 2015 года, згодна з рашэннем райвыканкама №805, забаронена наведванне лясоў насельніцтвам і ўезд у іх транспартных сродкаў без дазволу органаў лясной гаспадаркі. Парушальнікі прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці.

Марына АРЭШКА



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть