Ведаць правілы лясной этыкі
Экология

Ведаць правілы лясной этыкі

плющБольш як 100 краін у 42-гі раз 5 чэрвеня адзначаюць Дзень аховы навакольнага асяроддзя. Упэўнены, што гэта пытанне хвалюе кожнага. Згадзіцеся, ва ўсе часы было важна, якім паветрам мы дыхаем, што п’ем, ці добра “адчувае” сябе наша прырода.
Прырода Лунінеччыны па-свойму ўнікальная. Гэта Прыпяць і прылягаючая тэрыторыя з разнастайным жывёльным і раслінным светам. Асабліва захапляешся зараз, калі чуеш куванне зязюлі, трэлі салаўя. Берагі ракі – любімае месца адпачынку лунінчан. Можна паплаваць на лодцы, павудзіць рыбу, пакупацца ці проста пахадзіць, удыхаючы непаўторны водар лясных кветак і траў. Не менш прыгожае месца – і каля славутага возера Белае, дзе таксама адпачываеш душой і целам. Лес дае чарніцы, суніцы і іншыя ягады, грыбы. Адным словам, прырода чалавеку спакон вякоў дае ўсё неабходнае для жыцця на зямлі. Шкада толькі, што чалавек не заўсёды памятае аб гэтым і бяздумна адносіцца да яе. Людзі – частка прыроды, прычым вельмі нязначная.
У 2009 годзе на Гомельшчыне, Століншчыне і Лунінеччыне працавала навуковая экспедыцыя Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В.Ф. Купрэвіча НАН Рэспублікі Беларусь. У раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ёсць цікавыя матэрыялы вынікаў яе працы. Пасля заканчэння работы ў памяшканні лясгаса прайшла сустрэча з калектывамі лясніцтваў, дзе былі прадэманстраваны дзве выдатныя каляровыя прэзентацыі: “Жывёльны і раслінны свет Лунінецкага раёна”. (Вось добра было б прыдбаць іх усім установам адукацыі – аўт.). Увагу чытачоў “ЛН” звярну на некаторыя цікавыя факты з іх.
З даследавання вынікае, што фаўну і флору Лунінеччыны на той час прадстаўлялі: 30 відаў рыб, 13 – земнаводных, 7 – паўзуноў, 99 – птушак, 180 – насякомых (сярод іх 26 – вельмі рэдкіх), 8 – насякомаедных, 22 – грызуноў, 5 – рукакрылых, 14 – драпежнікаў, 54 – млекакормячых, 2 – зайцападобных; 123 – вышэйшых сасудзістых раслін, 4 – дзеразападобных, 2 – хвошчападобных, 6 – папарацепадобных, 2 – голанасенных, 19 – аднадольных, 90 – двухдольных пакрытанасенных. Грыбоў у нашых лясах налічваецца каля 100 відаў. Акрамя таго, ёсць прадстаўнікі, якія патрабуюць ахоўных мерапрыемстваў, – так званыя чырвонакніжнікі: раслін – 25, жывёл – 33. І гэта – не апошнія знаходкі.
Вось свежы прыклад. Летась у верасні быў выяўлены яшчэ адзін чырвонакніжнік на тэрыторыі нашага лясгаса. Называецца ён плюшч звычайны – шматгадовая ліяна з тонкім галінкавым сцеблем. Дасягае даўжыні ад 3 да 5 метраў. Сцелецца па зямлі або падымаецца па ствалах дрэў пры дапамозе маленькіх паветраных каранёў-прысосак. Лісткі бліскучыя, зялёныя.
Аб адносінах да навакольнай прыроды трэба весці пастаянныя гутаркі. Ёсць некалькі добрых парад тым, хто збіраецца правесці адпачынак на лоне прыроды.
1. Слухайце цішыню! Не шуміце. Не ўключайце на ўсю моц прыёмнік! Ад вібрацыі паветра не могуць узляцець чмялі, пчолы, восы, жукі ды іншыя мошкі. 2. Размаўляйце з кветкамі! І не рвіце іх вялікімі ахапкамі. Іх засталося не так шмат, паспрыяйце іх размнажэнню! Ці ведаеце, напрыклад, што каб з зернятка ландыша вырасла расліна, трэба 7-8 гадоў?! 3. Лясныя жывёлы нарадзіліся тут, у лесе, і нельга іх прыручаць. Лепш парадуйцеся шчаслівай сустрэчы, а свае назіранні запішыце ў дзённік. 4. Калі вы распалілі вогнішча, не пакідайце гэтае месца, пакуль не патушыце кожны вугельчык. У наступны раз прыходзьце сюды зноў, каб не выпальваць траву ці лясную падсцілку. 5. Смецце апошнім часам зрабілася ці не самай вялікай пагрозай лесу. Разбітае шкло можа стаць прычынай пажару, а поліэтыленавы мяшэчак пакуль разбурыцца, праляжыць 226 гадоў. Ды і папера згніе толькі праз 2-3 гады. 6. У “Чырвоную кнігу Беларусі” занесены: белая лілея, вятроўніца лясная, купальніца еўрапейская, першацвет высокі, званочак рапунцэль і шмат іншых. Вывучайце іх, каб ахоўваць. 7. У лесе сустракаюцца і ядавітыя расліны: блёкат, дурман, цыкута, мудранка, воўчае лыка. Будзьце асцярожныя! 8. Птушыныя спевы – сапраўдныя канцэрты. Яны – крылатая ахова лесу, садоў і паркаў. Не чапайце іх гнёзды, не парушайце спакой. Назірайце ціха і непрыкметна – і вы ўбачыце куды больш… 9. Калі вы – аматар калекцый, то павінны ведаць, што з гэтага занятку выключаны насякомыя. Прыдбайце фотаапарат! 10. Мурашнікі – адно з упрыгожанняў лясных харомаў. Зрабіце для іх агароджу!
Гэтыя правілы-падказкі далёка не поўныя. Аднак іх дастаткова на пачатак, калі з любоўю і пяшчотай глядзець на прыроду! Радаснага адпачынку!
Іван ПАНАСЮК, настаўнік-ветэран. г. Лунінец.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть