За навагодняй ёлкай — не ў лес, а на кірмаш!
Экология

За навагодняй ёлкай — не ў лес, а на кірмаш!

елкаШтогод з 15 снежня па 7 студзеня супрацоўнікі Мікашэвіцкай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь стараюцца папярэдзіць парушэнні, звязаныя з масавай нарыхтоўкай грамадзянамі, юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі навагодніх дрэў хвойных парод, у тым ліку ёлак.

Застаюцца лічаныя тыдні да Новага года і Каляд. Неўзабаве практычна ў кожным доме паявіцца святочная прыгажуня, якая зазіхаціць вясёлкавымі агнямі. Набыць яе ў магазінах не складае ніякай цяжкасці. Тым больш, што выбар багаты: можна знайсці на свой густ — і па колеру, і па вышыні, і па цане. Аднак некаторыя грамадзяне перад штучным дрэўцам аддаюць перавагу натуральнаму. Звычайна імі гандлююць напярэдадні святаў на спецыяльных кірмашах. На жаль, сустракаюцца сярод людзей і “ёлачныя” браканьеры, якія не цураюцца з сякерай пайсці ў бліжэйшы лес і варварскім спосабам здабыць галоўны навагодні атрыбут.

Нагадваем усім землякам, што ў адпаведнасці з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, за незаконнае знішчэнне або пашкоджанне дрэў і кустарнікаў у лясах першай групы ляснога фонду, а таксама драўняна-хмызняковай расліннасці (насаджэнняў), не ўваходзячых у лясны фонд, можа быць накладзены штраф у памеры: ад 5 да 50 базавых велічынь — на грамадзян, ад 20 да 200 — на індывідуальных прадпрымальнікаў, ад 50 да 300 — на юрыдычных асоб. У астатніх лясах ляснога фонду за аналагічныя правапарушэнні прадугледжаны штрафы (адпаведна) — да 30 базавых велічынь, ад 10 да 150, ад 50 да 300 БВ.

Акрамя гэтага, за кожнае высечанае дрэва дыяметрам ствала да 12 сантыметраў вінаватыя абавязаны будуць кампенсаваць урон, прычынены навакольнаму асяроддзю, у памеры ад 0,1 да 0,2 базавай велічыні, у залежнасці ад месца ўчынення парушэння, а таксама павінны вярнуць кошт самаго дрэва.

Спадзяемся на экалагічную культуру і цывілізаваны падыход да лесакарыстання жыхароў Лунінеччыны. Памятайце, што сумніўнае задавальненне можа абярнуцца істотнымі матэрыяльнымі затратамі, што, у сваю чаргу, азмрочыць перадсвяточны настрой.

Віталь СУРМА,
намеснік начальніка Мікашэвіцкай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть