Загадка Чорнага возера
КультураЭкология

Загадка Чорнага возера

озеро чёрноеДва прыродныя люстэркі размясціліся ў наваколлі Бастыні – Белае і Чорнае азёры. На карце раёна яны выглядаюць двайнятамі: аднолькавых памераў і рэльеф той жа самы. Абодва выклікаюць цікавасць у турыстаў. У той жа час, яны, як і колеры, поўныя супрацьлегласці. Белае возера – адно з любімых месцаў адпачынку лунінчан і жыхароў суседніх раёнаў. А вось пра Чорнае – амаль нічога не чуваць. Зацікаўленая, адправілася з мужам у невялікае падарожжа.

Да возера можна даехаць па гравійцы з боку Лунінца і па вясковай дарозе з Бастыні, якую мы для сябе і выбралі. На жаль, яна аказалася нязручнай нават для веласіпедыстаў. Складана ўявіць, як жыхары ездзяць па ёй: па заканчэнні вуліцы яна ўся зарасла вялікім трыпутнікам, а глыбокія яміны застаўляюць рухацца пешшу. Затое гэта такі жывапісны куточак, што ідэя пераехаць на лепшую дарогу здаецца глупствам. Непрыглушаная чалавекам моц прыроды адчуваецца ў кожнай прымятай лісціне, у ствалах дрэў, сярод якіх дуб, абхапіць які могуць чатыры чалавекі. Падчас усёй дарогі не пакідае пачуццё неверагоднасці, што ёсць яшчэ ў нашым краі такія некранутыя мясціны.

Раптам вачам адкрылася чыстая паверхня вады з роўнымі, зарослымі хмызняком берагамі. Цудоўны від, і загадкавы, калі заўважыць ідэальна выгнутую кругам лінію берага. Прама ў цэнтры – “востраў”. Паблудзіўшы крыху, зразумелі, што гэта водны канал. Спыніліся на бетонным умацаванні накшталт рачнога прычалу. Непадалёку цагляны будынак, у якім, напэўна, змяшчалася нейкае абсталяванне. Па-за дарогай накапаны невялікія катлаваны. Адразу ж узнікла шмат пытанняў. Сустрэўшы рыбакоў, даведаліся, што некалі на возеры вялася здабыча сапрапелю, наладжаная вясковым калгасам.

Звярнулася з пытаннямі да тагачаснага старшыні калгаса “Шлях Леніна” Мікалая Лышчыка. Ад яго даведалася, што ў дзевяностых гадах мінулага стагоддзя на ўзроўні Савета Міністраў ажыццяўлялася праграма па здабычы сапрапелю.  Уладзімір Цяльпук, былы галоўны інжынер, расказаў:

– Глей выкарыстоўвалі для ўгнаення. Спачатку здабычу спрабавалі наладзіць саматужным спосабам: устанавілі пантон, моцную помпу, падвялі да яе электрычнасць, трубы праклалі да самага возера.

Пазней быў выкапаны абвадны канал, пабудаваны прычал, умацаваны кран для транспарціроўкі. Планавалася, што кацер будзе дастаўляць экскаватар на пантоне да возера, а той – вычэрпваць і сыпаць глей у баржу. А ўжо на прычале сапрапель загружаецца ў грузавікі. Прадугледжваўся і другі спосаб: помпы па трубах выкачваюць глей у адстойнікі, адкуль вада павінна сцякаць у выкапаныя каналы. Усё было зроблена, заставалася толькі ўкамплектаваць і здабываць.

Але ў 2000 годзе справа спынілася: вялікія на той час сродкі, людская праца аказаліся незапатрабаванымі. Не гаворачы пра сам сапрапель, карысны як угнаенне і корм, а таксама  сваімі лячэбнымі ўласцівасцямі. Абсталяванне прадалі, пакінулі толькі секцыі баржаў.

Так і засталося возера неакультураным. І толькі час ад часу парушаюць цішыню гэтага куточка прыроды рыбакі ды рэдкія турысты.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть