Экология

“Залаты” цецярук

У ходзе прыродаахоўнага рэйду 29 жніўня супрацоўнікі нашай інспекцыі затрымалі непрацуючага грамадзяніна Н., які займаўся незаконным паляваннем.
Усё адбылося вечарам каля Малых Чучавіч. У квартале №54 Борскага лясніцтва ДЛГУ “Лунінецкі лясгас” з незарэгістраванай зброяй без неабходных дакументаў парушальнік здабыў адну асобіну цецерука агульнай вагой 1,1 кілаграма. Памер урону, нанесенага навакольнаму асяроддзю, склаў 9 мільёнаў рублёў, яшчэ 300 тысяч – кошт незаконна здабытай прадукцыі.
На месца разбіральніцтва выклікаліся супрацоўнікі следча-аператыўнай групы РАУС. Зброя і здабыча канфіскаваны. Па дадзеным факце вырашаецца пытанне аб узбуджэнні крымінальнай справы.

НОВАЯ РЭДАКЦЫЯ ЧЫРВОНАЙ КНІГІ
прынята ў Беларусі.
Спісы рэдкіх відаў дзікіх жывёлін і дзікарастучых раслін і тых, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення, на тэрыторыі нашай краіны зацверджаны пастановай Міністэрства прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя №26 ад 09.06.2014 г. Накіроўваючыся ў лес ці на рыбалку, неабходна загадзя азнаёміцца з пера-лікам узятых пад ахову прадстаўнікоў флоры і фауны. Дарэчы, у апошняй рэдакцыі са спісу чырвонакніжнікаў выключаны падуст і рапушка еўрапейская, затое дабаўлены азёрны гальян. Раздзел драпежнікаў папоўніў гарнастай, які дагэтуль адносіўся да паляўнічых жывёлін.

ПАЛЮЙЦЕ НА РАБЧЫКА І КУРАПАТКУ
З 6 верасня па 14 снежня адкрываецца сезон палявання на рабчыка і курапатку шэрую.
Паляваць можна ў светлы час сутак ружэйным спосабам з засады і падыходу, безружэйным – з выкарыстаннем лоўчых птушак. Дазваляецца прымяняць гладкаствольнае паляўнічае ружжо і патроны са шротам, а таксама сабак (выжлаў, спаніеляў, ратрывераў).
Карыстаючыся агнястрэльнай паляўнічай зброяй, абавязкова захоўвайце меры перасцярогі. Памятайце, што большасць няшчасных выпадкаў у час палявання адбываецца з-за неахайнага выкарыстання зброі і стральбы па незразумелых цэлях.

БРАКАНЬЕРСТВА КАРАЕЦЦА ЗАКОНАМ
15 жніўня на меліярацыйным канале ля вёскі Люшча затрыманы мясцовы жыхар, які разам з неўстаноўленай асобай лавіў рыбу забароненай прыладай – падхватам. Лунінецкі РАУС вырашае пытанне аб узбуджэнні крымінальнай справы за незаконную здабычу рыбы, пацягнуўшую прычыненне ўрону ў буйным памеры – на суму 6,6 мільёна рублёў. Кошт 16 незаконна здабытых відаў рыбін склаў 1065000 рублёў.
Літаральна праз 5 дзён у пойме ракі Прыпяць непадалёк ад вёскі Князь Бор Жыткавіцкага раёна за такое ж парушэнне затрыманы жыхар вёскі Града. У яго канфіскаваны незаконныя прылада лоўлі “настаўка” і ўлоў агульнай вагой 6,6 кілаграма рыбы.
Прычынены ўрон “пацягнуў” на 9 мільёнаў 150 тысяч рублёў, а кошт незаконна здабытай рыбы – 412 тысяч 500 рублёў.
Віталь СУРМА, намеснік начальніка Мікашэвіцкай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть