Захаваць прыгажосць для нашчадкаў
Экология

Захаваць прыгажосць для нашчадкаў

dsc_2923У 2011-ым у краіне пачалося Дзесяцігоддзе біялагічнай разнастайнасці. Стратэгія, разлічаная да 2020-га, уключае у сябе шмат мерапрыемстваў, накіраваных на захаванне і рацыянальнае выкарыстанне таго, што чалавеку падарыла прырода. Адпаведная праграма распрацавана і ў нашым раёне. Як яна выконваецца? Сёння пра гэта расказвае начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Іван ПІЛІПЦЭВІЧ:

— Пачну з таго, што дакумент, пра які ўспомнілі, утрымлівае 16 пунктаў. Некаторыя з іх ужо выканананы, многае — у стадыі завяршэння. Шмат увагі ўдзяляецца папулярызацыі прыгажэйшых мясцін Палесся. Так, у заказніках “Сярэдняя Прыпяць” і “Лунінскі” распрацаваны, узгоднены і зацверджаны турыстычныя маршруты. Аматары прагулак маюць магчымасць пехатой па запаведных мясцінах прайсці да 50 кіламетраў. Есць і водны маршрут.

Яго працягласць — 130 кіламетраў. У раёне Волянскіх мастоў створаны эколага-асветніцкі цэнтр. Побач уладкаваны экалагічныя сцяжыны “Па лазовай даліне” працягласцю 1,8 кіламетра і “Кабановы след”, даўжыня якой 5,2 кіламетра. Спецыялістамі заказнікаў выраблены і ўстаноўлены прыстасаванні для гнездавання птушак. У гэтым сэнсе мы вельмі плённа супрацоўнічаем з грамадскай арганізацыяй “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. Так, параўнаўча нядаўна разам завяршылі акцыю міжнароднага ўліку белага бусла ў Беларусі. Захаванню і ўстойліваму выкарыстанню біялагічнай разнастайнасці садзейнічаюць шматлікія іншыя акцыі, у тым ліку і абласныя, у якіх нашы землякі, асабліва юныя, ахвотна бяруць удзел. Дастаткова ўспомніць “Дапаможам пярнатаму сябру”, “Рэспубліканскую школу актыву юных лесаводаў”, вучнёўскія конкурсы навуковых біёлага-экалагічных работ, агляд-конкурс “Прыгожай стане Брэстчына мая” і іншыя. Створаны і працуюць так званыя “зялёныя маршруты” па месцах, якія аблюбавала дзікая жывёла, дзе шмат раслін, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Па матэрыялах вандровак ствараюцца аматарскія фільмы, выдадзена некалькі буклетаў.

—    Верагодна, найбольш актыўна асветніцкая работа вядзецца у школах?

—    Так. Захопленыя настаўнікі разам з вучнямі пастаянна ўдасканальваюць маршруты вучэбных экалагічных сцяжын, праводзячы там пазакласныя заняткі. Вельмі папулярныя сярод дзетвары турыстычныя паходы на возера Белае, водныя — па рацэ Лань. Вялікае ўражанне пакідаюць арніталагічныя практыкумы ў заказніку “Сярэдняя Прыпяць”. Ва ўстановах адукацыі арганізавана правядзенне цыклаў інфармацыйных гадзін пра водна-балотныя ўгоддзі, асабліва ахоўваемыя прыродныя тэрыторыі. Усіх добрых спраў не злічыць. Але, справядлівасці дзеля, варта зазначыць, што апошнім часам вельмі актыўна ўключыліся ў справу папулярызацыі ведаў пра біялагічную разнастайнасць нашых мясцін работнікі культуры, у прыватнасці, бібліятэкары. У многіх бібліятэках іх стараннямі аформлены тэматычныя кніжна-ілюстраваныя выставы. Так, у Лунінскай, Міжлескай і Вулькаўскай 2 вясковых бібліятэках наведвальнікаў радуюць выставы пад агульнай назвай “Жыві, прырода!”, у Сінкевіцкай і Дзятлавіцкай — “Палессе маё лунінецкае”, у Мікашэвіцкай дзіцячай бібліятэцы — “Браты нашы меншыя”. У гэтых установах не забываюць пра асноўныя экалагічныя даты. Ну, хто адразу ўспомніць, што Сусветны дзень водна-балотных угоддзяў адзначаецца 2 лютага? Або хто ведае, што 1 сакавіка — Міжнародны дзень лесу, 1 красавіка — Міжнародны дзень птушак, 26 красавіка — Міжнародны дзень клімату, а 22 мая — Міжнародны дзень біялагічнай разнастайнасці? А яны, разам з нашай газетай, дапамагаюць людзям не забываць пра такія даты, памятаць, што бясцэнны дар — унікальную прыроду — трэба берагчы. Дарэчы, біялагічная разнастайнасць палескага края вельмі яскрава адлюстравана ў экспазіцыі раённага краязнаўчага музея. Летась тут экспанавалася выстава “Падводнае царства”. Нямала прыхільнікаў займела фотавыстава Паўла Куніцкага “Палесся цудоўныя імгненні”. Увогуле экалагічная асвета — справа шматгранная і абмяжоўвацца чымсьці адным, даўно апрабаваным, нельга. Яна патрабуе пастаяннага ўдасканалення. І вельмі добра, што гэта разумеюць настаўнікі, работнікі бібліятэк ды і ўсе тыя, каму неабыякавы лёс Бацькаўшчыны. Да такіх адносіцца Іван Панасюк, краязнаўца і прыродазнаўца, пазаштатны аўтар “Лунінецкіх навін”. Іван Аляксеевіч атрымаў перамогу на раённым этапе конкурсу на лепшую публікацыю на экалагічную тэматыку. У вобласці работа І. Панасюка “Доўгачаканыя сустрэчы” заняла ганаровае другое месца. Веру, што такіх энтузіястаў на лунінецкай зямлі нямала.

— Згодна з вамі. Прыгожае і незвычайнае, насамрэч, побач з намі, важна яго заўважаць. І як добра, што ёсць людзі, якія гэта робяць. Вось і многія лунінчане кожную вясну любаваліся белымі лебедзямі, што вясной на некаторы час выбіралі сажалкі на Баханова. Але ж сёлета, здаецца, не толькі птушкам, людзям не будзе дзе адпачыць у спякоту.

— На жаль, бясснежная зіма і маладажджлівая вясна робяць сваю чорную справу ў дачыненні да натуральных і штучных вадаёмаў. Абмялелі малыя рэкі раёна, нават Прыпяць страціла сваю былую велічнасць, адступіўшы ад звыклых берагоў. Да крытычна нізкай адзнакі ўпаў узровень грунтовых вод, што не замарудзіла адбіцца, перш за ўсё, на стане штучных вадаёмаў, якія імі сілкуюцца. Сухое і рэчышча канала, праз які паступала вада на сажалкі Баханова. Шмат год таму планавалася “прабіць” непадалёк некалькі невялікіх свідравін, прызначаных для падтрымання належ-нага ўзроўню вады ў вадаёмах, ваколіцы якіх сталі ўлюбёным месцам адпачынку гараджан. Аднак планам не суджана было ўвасобіцца ў жыццё. Сёння пра выдаткі на такую справу (а яны дастаткова вялікія) гаварыць не даводзіцца, ёсць больш надзённыя і неадкладныя праблемы. А значыць, трэба проста падтрымліваць парадак у зоне адпачынку. Не сумняваюся, што камунальная служба, на чыім балансе яна знаходзіцца, разумеюць усю адказнасць справы. Спадзяемся на тое, што і прырода дажджамі прыйдзе ім на дапамогу, захаваўшы Баханова адной з найбольш прыгожых мясцін горада.

Гутарыла Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть