Экология

Знаёмыя незнаёмцы

жаворонокПасля Вадохрышча да нас прыйшла сапраўдная зіма – са снегам, маразамі і нават завірухай. Гэта на сабе адчулі людзі. Цяжэй за ўсіх давялося нашым сябрам – птушкам.

“Падножны” паўсядзённы корм накрыла снежным покрывам, трэба шукаць новыя месцы “сталавання”. Сарокі, галкі, дзятлы, сойкі, амялушкі і іншыя, больш буйныя птушкі, знаходзяць сабе харчаванне паўсюдна. А вось дамовыя вераб’і, сініцы застаюцца ў такую пару бездапаможнымі. Прыемна, што побач са школамі, дзіцячымі садкамі, хатамі і нават на многіх балконах шматпавярховак размешчаны кармушкі.
Сярод птушак ёсць від, які прыцягвае асаблівую ўвагу ля рынкаў, аўтастанцыі, чыгуначнага вакзала, магазінаў, аўтобусных прыпынкаў. Завуць яго жаўрук-смяцюх (на рускай мове – хохлатый жаворонок). Ад сваіх родзічаў адрозніваецца даволі вялікім чубам на галаве. Ёсць у птушкі яшчэ адна ўкраінская назва – «сусідка», што адпавядае прыхільнасці да чалавека і паселішча. Гэты від жаўрукоў мае 28 падвідаў.
Жаўрук-смяцюх – наземная птушка. Карыстаецца крыламі рэдка, аддаючы перавагу перамяшчэнню з дапамогай ног па зямлі. Гняздо робіць у небяспечным месцы, сярод няшчыльнай расліннасці, даволі добра замаскіраванае і схаванае. Высцілку робіць з сухой травы, лісця з прымессю каласкоў, месцамі пераплятае тонкімі валасамі. Летам корміцца дробнымі насякомымі, насеннем травяністых раслін і іх зялёнымі часткамі. Калі вы падсыплеце ім хлебных крошак, альбо дробнай крупы, насенне сланечніка, яны вам будуць толькі ўдзячны. Птушкам не так страшны холад, як бяскорміца. За імі цікава назіраць, як яны снуюць паміж людзей, якія ідуць міма. Па вясне, зрэдку, можна пачуць іх не вельмі звонкі кароткі посвіст.
Не пашкадуйце жменьку корму, ідучы ў горад, і крылатыя сябры аддзячаць вас прыгожымі спевамі.
Іван ПАНАСЮК, член АПБ, настаўнік-ветэран.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть