Общество

Эканоміць, выкідваючы

У краіне распрацавана новая канцэпцыя абыходжання з камунальнымі адходамі. Каб ад збору смецця атрымаць эканамічны эфект, неабходны комплексны падыход. Некаторыя краіны перапрацоўваюць да 50 працэнтаў смецця. Наш паказчык пакуль каля 10 працэнтаў. А гэта – неапраўданы расход валюты на закупку другаснай сыравіны за мяжой і дадатковыя траты грошай на энерганосьбіты. Як палепшыць сітуацыю, і калі выносіць смецце з кватэры стане не проста неабходна, але і выгадна? Аб гэтым вядзем размову з майстрам участка санітарнай ачысткі КУШВП ЖКГ “Лунінецкая ЖКГ” Вольгай ТРУШ:

– Паасобны збор смецця – адзін са спосабаў, які рэальна дапаможа ператварыць адходы ў даходы. У Еўропе гэта робяць даўно. У нас жа папулярна скідваць усё ў адзін пакет і выносіць у кантэйнер смеццевоза. Але такім чынам жыхары ніяк не дапамагаюць эканоміцы. Сыравіна не перапрацоўваецца. Смецце, якое трапляе на звалкі, закідваюць зямлёй. А нам штодзень патрэбны новыя пакеты, папера… І высякаюць для гэтага дрэвы, дабываюць нафту. А можна ж не выкідваць, а аддаваць на другасную перапрацоўку. Паступаючы так, зможам захаваць прыроду, чыстае паветра і атрымаць эканамічны эфект. Напрыклад, 1 тона паперы, якая зроблена з макулатуры, выратоўвае 17 дрэў, зберагае 30 літраў вады, эканоміць 2000 кВт/г электраэнергіі. Але пакуль жыхары запаўняюць усім падрад кантэйнеры смеццевозаў і тыя, што прызначаны для паасобнага збору, іншы раз ствараючы на прыстасаваных пляцоўках звалку.

– Так што ж атрымліваецца: эканоміць, выкідваючы, мы яшчэ пакуль не гатовы?

– Менавіта так. Лічыце самі: для таго, каб загрузіць смецце з кантэйнераў з паперай, шклом і пластыкам, даводзіцца рабіць дадатковы рэйс, каб спачатку прыбраць тое, што пакінулі жыхары побач.

– Некаторыя разважаюць так: а навошта кідаць у розныя кантэйнеры, калі машына збірае ўсё разам.

– Гэта так. Але потым яна прывозіць сабранае на спецыялізаваны пункт, дзе камунальнікі дзеляць паперу, пластык і шкло. Разумею, што гэта дадатковыя выдаткі, але пакуль па-іншаму нельга.

– А як змагаецеся з тымі, хто забруджвае навакольнае асяроддзе і не прытрымліваецца заканадаўства, якое рэгулюе паасобны збор смецця?

– Згодна з адміністрацыйным кодэксам, парушальнік павінен заплаціць штраф ад 5 да 10 базавых велічынь. Зразумела, каля кожнай кантэйнернай пляцоўкі нашы супрацоўнікі і праваахоўнікі дзяжурыць увесь час не могуць. А вось разуменне і культура лунінчан пакуль не на вышыні, таму і назіраем іншы раз непрыемныя воку карціны. Між тым, работу па навя-дзенню парадку актывізуем, праводзім спецыяльныя рэйды. Пакуль склалі 5 пратаколаў у Лунінцы на жыхароў дамоў 4б па вуліцы Блока, 117 і 119а па вуліцы Чырвоная. Будзем і надалей змагацца з парушальнікамі.

– Гэта добра. Але, думаю, калі б грамадзяне ведалі, што, напрыклад, за пластыкавую бутэльку можна атрымаць 2 еўра, як у Германіі, наўрад ці, хто ад іх пазбаўляўся. Бо проста ў кантэйнеры выкідваць было б не выгадна. За гэта ж грошы не даюць?

– У нас не такія вялікія расцэнкі, як у Еўропе, але мы таксама прымаем сыравіну ад насельніцтва і арганізацый у спецыялізаваных пунктах, якія працуюць у Багданаўцы, Дзятлавічах і Кажан-Гарадку ў будынках ком-плексных прыёмных пунктаў. У кастрычніку пачне функцыянаваць такі ж нарыхтоўчы пункт у Лунінцы па вуліцы Прыпяцкая, 19а. За 1 кілаграм паперы і кардону можна атрымаць 850 рублёў, шклянак і бутэлек – 650, ПЭТ-бутэлек – 1050 рублёў.

– Улічваючы, што зараз у Беларусі шмат увагі надаецца другаснай перапрацоўцы,

да арганізацый таксама даводзяцца планы…

– Так. У камунальнікаў ён самы вялікі ў раёне: 331 тона паперы, 335 – шкла і 17,5 тоны – ПЭТ-бутэлек. Кажуць, што многае ў новай справе залежыць ад уласнага прыкладу. У нашай арганізацыі даведзены нормы на кожнага работніка – 50 кілаграмаў паперы, 30 – шкла і 20 кілаграмаў – пластыкавых бутэлек. У Заходняй Еўропе на тое, каб навучыцца правільна збіраць смецце, спатрэбілася 40 год. Колькі спатрэбіцца на гэта беларусам, пабачым. Але мы павінны разумець, што з кожным днём чалавецтва ўтварае ўсё больш смецця. Вялі-кія тэрыторыі ператвараюцца ў звалкі, хаця 70 працэнтаў адходаў можна перапрацаваць. Давайце зробім свет чысцей – гэта ж у нашых сілах!

 

 

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть