ГАЛОЎНАЕ СВЯТА ГАЛОЎНЫХ ЛЮДЗЕЙ НА ЗЯМЛІ
Общество

ГАЛОЎНАЕ СВЯТА ГАЛОЎНЫХ ЛЮДЗЕЙ НА ЗЯМЛІ

Абласныя «Дажынкі” прайшлі ў Бярозе. Ганаровымі гасцямі свята сталі тыя, хто стараннай працай даказаў сваю адданасць хлебаробскай справе – лепшыя камбайнеры, вадзіцелі, аператары зернесушыльных комплексаў, маладзёжныя экіпажы… Святочнай калонай разам з дэлегацыямі ўсіх раёнаў Брэстчыны яны прайшлі па галоўнай вуліцы горада. Жыхары Бярозы сустракалі іх сардэчнымі вітаннямі і песнямі.


 


 


 


 


Ушанаванне пераможцаў жніва прайшло на галоўнай сцэне свята. Сабраўшыхся вітаў старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар. «Сёлета людзі рабілі ўсё магчымае, каб наш каравай быў больш важкім… А для паспяховай работы ў нас ёсць усё: зямля, тэхніка і, самае галоўнае, – працалюбівы народ. Сёння вобласць стабільна штогод намалочвае больш як 1 мільён тон зерня. Хлебаробы па праву заслужылі гэтае свята!”, – сказаў звяртаючыся да сабраўшыхся Канстанцін Андрэевіч.

І вось на сцэну ўзняліся лепшыя хлебаробы. Сярод іх і нашы землякі – камбайнеры Аляксандр Кіндрук і Сяргей Ільючык, вадзіцелі Аляксандр Казун і Аляксандр Профіт (усе – СВК «Дварэцкі”), сямейны экіпаж у складзе Людмілы і Сяргея Івановых, вадзіцель Мікалай Кіндрук, аператар зернесушыльнага комплекса Фёдар Бірыла (усе – СВК «Гарадоцкі”), намеснік старшыні праўлення СВК «Вулькаўскі світанак” па ідэалагічнай рабоце Галіна Соц і старшыня праўлення гэтай гаспадаркі Уладзімір Соц. Узнагароды пераможцам жніва ўручалі старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар, яго намеснік Якаў Бухавецкі, першы намеснік Міністра сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Надзея Каткавец, старшыня абласнога аб’яднання прафсаюзаў Мікалай Басалай, старшыня абкама прафсаюза работнікаў агпрама Аляксей Флар’яновіч. Начальнік УУС аблвыканкама Уладзімір Сычэўскі адзначыў праваахоўнікаў, якія бралі актыўны ўдзел у галоўнай хлебаробчай кампаніі.


Працягам свята стаў цудоўны канцэрт, у якім вядучую ролю ўзялі на сябе артысты фальклорных калектываў. Шмат іх было і на імправізаваных пляцоўках уздоўж вуліцы Леніна, дзе размяшчаліся гандлёвыя рады. Многія прадпрыемствы скарысталіся цудоўнай магчымасцю разрэкламаваць сваю прадукцыю. На жаль, сярод гандляроў амаль не было прадстаўнікоў нашага раёна (як, зрэшты, і сярод артыстаў). У межах стэнда абласнога ўпраўлення адукацыі прадставілі свае ўстановы сельскагаспадарчы і політэхнічны каледжы, ды СВК «Гарадоцкі” прапаноўваў пакупнікам мёд з уласнай пасекі. Крышку пазней даведаліся, што актыўны ўдзел у афармленні гандлёвых радоў «Брэстхлебпрама” браў хлебазавод. У прыватнасці, яркія імправізаваныя млыны з казінакаў ды караваі былі лунінецкай вытворчасці.

Службам рэкламы і маркетынгу было чаму павучыцца каля павільёнаў многіх бярозаўскіх прадпрыемстваў, асабліва – тамтэйшага мясакамбіната. Гасцей «Дажынак” уразілі пухнастыя індыкі, качкі, гусі, вырабленыя з сала і мяса. А на невялікім лужку каля карытца застылі два запечаныя парасяці… Попытам карысталася прадукцыя мясцовага рыбгаса «Сялец”. Пакупнікі разам са звычнымі карпамі і таўсталобікам ахвотна свежую сцерлядзь. Зрэшты, без увагі наведвальнікаў не засталася ніводная з гандлёвых палатак.

Дыхтоўнасцю і дагледжанасцю ўразіў і сам горад. Старажытная Бяроза быццам памаладзела, сустракаючы галоўнае свята галоўных людзей на зямлі. Да позняга вечара па вуліцах горада разносіліся песні, а Брэсцкі абласны акадэмічны тэатр драмы падарыў гаспадарам і гасцям свята незабыўнае вулічнае прадстаўленне.

 


 


 


 


Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ. Фота аўтара і Аляксея ГАНЧУКА.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть