Общество

ГАЛОЎНАЕ – ЗАХАВАЦЬ ПАМЯЦЬ…

Прачытала ў “ЛН” ( №20 за 17 сакавіка 2010 г.) зварот М.Ф. Хамініч “Заўважце нас, дзяцей вайны…” і не змагла застацца абыякавай.
Паважаная Марыя Феадосьеўна, я ад чыстага сэрца падзяляю Ваш боль і крык душы. Дзеці вайны… Пра нас мала кажуць і ўспамінаюць, хоць мы, старыя і хворыя, яшчэ жывыя. Ды толькі пакуты не прайшлі бясследна. Зараз дзяржава дапамагае сённяшнім сіротам, і гэта, бясспрэчна, правільна. Вось толькі мы, чые сіроцкія слёзы засталіся ў мінулым, усё чакаем увагі і спагады…
Вайна спаліла ў сваім страшным вогнішчы мільёны людзей, асіраціўшы мноства дзяцей. Вы раслі паўсіратой, а таму не былі абдзелены мацярынскай увагай і цяплом. І гэта шчасце, калі мама побач. Яе ласкі і дапамогі нішто і ніхто не заменіць.
Я таксама з пакалення дзяцей вайны, і гэта незагойнаю ранаю баліць усё жыццё. Бацька наш загінуў на фронце. Матулю ў канцы вайны на нашых з сястрычкай вачах расстралялі немцы. Цяжка сказаць, які жудасны след пакінуў у нашых душах гэты страх смерці. На ўсё жыццё запомнілі мы той страшны дзень. Нас выратавалі і далі прытулак добрыя спагадлівыя людзі. Паклон ім да зямлі.
Потым быў Плешчаніцкі дзіцячы дом. Сірочае жыццё ніколі не было салодкім, а ў дзіцячым доме пасляваеннага часу яно яшчэ было вельмі галодным. Сярод выхаванцаў былі дзеці ад 6 да 17 год. Старэйшыя ў нас, малодшых, забіралі яду. Не аддасі – атрымаеш спаўна, жыць не захочаш… А жыць вельмі хацелася. Бывала, кавалачак хлеба, які са страхам схаваеш, тайком сярод малых дзялілі на ўсіх. На градках не паспявала вырасці морква, капуста і буракі – усё з’ядалі. Вясной збіралі на палях бульбу, з якой потым добрыя выхавальнікі смажылі нам, малым, блінчыкі. Здаецца, смачней за іх не было нічога на свеце…
У школу многія з нас перабягалі босымі – добра, што была яна непадалёк. Вятраліся ў пакой, дзе жылі 20 чалавек, і па чарзе каля грубкі адагравалі пасінелыя рукі і ногі. Праз некаторы час старэйшых дзяцей накіравалі на работу на будоўлі Мінска. Стала трошкі лягчэй. Жыццё памалу наладжвалася. У дзіцячым доме пачалі адкрывацца гурткі і секцыі. Дарослыя хацелі нас заняць як мага лепш і больш. Але бацькоўскага цяпла ўсё роўна не хапала. 
Многіх дзетак наведвалі родныя. Прывозілі ім сціплыя гасцінцы. У нас з сястрой нікога не было. Асабліва горка адчувалі мы сябе на Вялікдзень. Як хацелася ў свята з’есці кавалачак велікоднай булкі і атрымаць у падарунак чырвонае яйка! Памятаю, выхавальніца абняла нас, пагладзіла па галоўкам і сказала: “Дзяўчынкі, не сумуйце, прыйдзе час, і вы самі будзе пячы розныя булачкі, фарбаваць яйкі. Прычым, такімі прыгожымі ўзорамі, як вышываеце”. Яе прадказанні збыліся, але ўсё жыццё нам не хапала ласкі, цяпла, не было каму пакласці галаву на плячо і проста папалакаць удосталь толькі для таго, каб пачуць шчырае суцяшальнае слова…
Шмат потым сустракалася на нашым жыццёвым шляху людзей. Розных, але заўсёды больш было добрых. Выхаваныя ў працы і павазе, вельмі любіўшыя Радзіму, мы ўмелі цаніць дабро і ніколі не праходзілі міма дрэнных учынкаў. Дагэтуль удзячна выхавальнікам, якія прывілі любоў да працы. Пасля дзіцячага дома мы ўмелі касіць і жаць, нарыхтоўвалі сена, пасвілі кароў, ахвотна працавалі на агародзе. Такая загартоўка садзейнічала і таму, што многія вельмі любілі спорт. Я таксама была заўзятай фізкультурніцай. Пасля сямігодкі паступіла ў тэхнікум. Студэнцтва без бацькоўскай падтрымкі таксама было нялёгкім. Каб выжыць, даводзілася працаваць. Разам з сяброўкамі мы прыбіралі кватэры ў зажытачных сем’ях, мылі бялізну, не цураліся ніякай работы.
А потым па размеркаванню я трапіла на Лунінеччыну. Яшчэ не было і 18-ці, як пачала настаўнічаць у Дварэцкай СШ. Там, памятаю, прытуліла мяне вялікая сям’я Коўшыкаў. Бацька іх загінуў на фронце, а чатыры дзяўчынкі сталі мне сёстрамі. Іх матулю я так і звала – мама Зося. Пазней мяне выбралі ў склад райкама камсамола. Пачалося гарадское жыццё. Менавіта тады я змагла забраць з Мінска 15-гадовую хворую сястрычку, якая працавала на будоўлі. Жылі мы на прыватнай кватэры і атрымлівалі на дваіх мізэрную зарплату. Дагэтуль памятаю, колькі давялося пахадзіць па чыноўных кабінетах, каб атрымаць жыллё. Але свет не без добрых людзей. Нямала было і тых, хто шчыра дапамагаў – словам і справай. За гэта вельмі ім удзячна. Менавіта дзякуючы добрым людзям ды ўласнай настойлівасці і жыццялюбству выкараскаліся. Няхай не пабудавала дом, не купіла дзецям кватэр і не назапасіла вялікіх грошай, але працавала чэсна. Паверце, ніякае багацце не заменіць шчырых чалавечых зносін. Я шчаслівая, што маю цудоўную сям’ю, разам з мужам радуюся дзецям, унукам і праўнукам. Няхай ніколі не зведаюць яны жудасцяў вайны, якія выпалі на маю долю. 
А яшчэ хачу маладому пакаленню даць наказ паважаць ветэранаў, памятаць пра тых, хто змагаўся за Перамогу, але ўжо ніколі не сустрэне яе світанне. Гэта патрэбна не толькі і не столькі тым, хто ляжыць у зямлі, колькі тым, хто жыве.

Галіна МАР’ІНА. г. Лунінец.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть