Общество

Гараж

Хто з нас не любіць фільмы Эльдара Разанава? Люблю іх і я, асабліва – “Гараж” з яго трагікамічнымі хітраспляценнямі жыццёвых інтрыг, глыбокім псіхалагізмам па-майстэрску выведзеных на экран галоўных дзеючых асоб. Народ імгненна разабраў на цытаты многія выказванні з фільма. Чаго каштуе толькі сакраментальнае «Я за машину родину продал!» Георгія Буркова! Мы захапляліся смеласцю аўтараў і, вядома ж, абсалютна не задумваліся, што нешта падобнае можа закрануць і нас.

А пачыналася ўсё дастаткова трывіяльна. 28 студзеня 2008 года быў падпісаны Указ Прэзідэнта РБ №43 “Аб дзейнасці арганізацый забудоўшчыкаў, гаражных кааператываў і кааператываў, ажыццяўляючых эксплуатацыю аўтамабільных стаянак”. Гэтым дакументам мясцовым выканаўчым і распарадчым органам прадпісвалася “да 1 снежня 2008 года сфарміраваць гаражныя кааператывы з ліку грамадзян, якім былі прадастаўлены зямельныя ўчасткі для будаўніцтва (устаноўкі) часовых індывідуальных гаражоў, а таксама асоб, да якіх перайшло ад указаных грамадзян права ўласнасці на часовыя індывідуальныя гаражы, за выключэннем грамадзян, якім зямельныя ўчасткі прадастаўлены для будаўніцтва (устаноўкі) часовых індывідуальных гаражоў на прыдамавых тэрыторыях”. У вызначаны законам тэрмін у Лунінцы быў створаны гаражны кааператыў “Вялікі”. Рашэннем райвыканкама яму выдзелілі зямельны масіў, на якім месціліся больш за тысячу ўчасткаў з ужо ўзведзенымі ці толькі праектуемымі гаражамі. Іх уладальнікаў пачалі настойліва запрашаць уступіць у новую суполку.

Зрабіць гэта было не так проста, бо за доўгі час (а першыя ўчасткі тут адбілі яшчэ ў пачатку 80-ых гадоў мінулага стагоддзя) людзі прывыклі да думкі, што пабудаваныя гаражы – гэта іх неаспрэчная і недатыкальная ўласнасць. Зрэшты, так яно і ёсць. Іншая справа – зямля. З-за прыроднай ментальнасці ці па якой іншай прычыне права валодання ёю да пазначанай даты ў прадугле-джаным законам парадку аформіў толькі адзін з гаспадароў гаражоў. Астатніх да пары да часу гэта пытанне не хвалявала наогул і ўсплыло, калі зайшла гаворка пра матэрыяльныя выдаткі на членства ў кааператыве і карыстанне яго інфраструктурай, дзе зямля – адзін з галоўных элементаў. Варта сказаць, што асабліва востра паўстала праблема пасля таго, як гаражны кааператыў узначаліў М.М. Цыганкоў.

Супрацьстаянне яго і групы гараджан, якія не згаджаліся з прапаноўваемымі старшынёй і статутам кааператыва правіламі, дасягнула кульмінацыйнай кропкі і вылілася ў шматлікія судовыя разбіральніцтвы. Практычна ўсе іх гараджане прайгралі. Пайшлі скаргі ў розныя інстанцыі. Свае прэтэнзіі людзі актыўна выказвалі і ў ходзе сустрэчы з кіраўніцтвам раёна, якая адбылася 22 сакавіка гэтага года. Тады ж было вырашана правесці сход наяўных і патэнцыяльных членаў гаражнага кааператыва “Вялікі”. З удзелам намесніка старшыні райвыканкама Руслана Хоміча, галоўнага архітэктара Андрэя Лузько і намесніка начальніка землеўпарадкавальнай службы Аляксея Бурлака сход быў арганізаваны.

Людзей у зале гарадскога Дома культуры сабралася нямала. Міхаілу Цыганкову далі слова для справаздачы. Пасля некаторых агульных выкладак ён заявіў, што ўсе цікавячыя ўладальнікаў гаражоў лічбы і факты змешчаны на сайце кааператыва. Абурэнне сабраўшыхся ў зале тым, што большасць з іх – людзі пажылыя і, мякка кажучы, не дужа сябруюць з “сусветным павуціннем”, падтрымалі прадстаўнікі ўлады, абавязаўшы кіраўніцтва кааператыва апублікаваць лёсавызначальныя дакументы на старонках раёнкі, што мы сёння і робім.

Тым не менш, нават яны не даюць адказу на некаторыя пытанні, якія прагучалі ў зале. У прыватнасці, так і не ўдалося даведацца пра лёс двух гаражоў, пабудаваных, быццам бы, на сродкі членаў кааператыва. Калі іх узводзілі летась, то чаму затраты не адлюстраваны ў акце рэвізійнай камісіі? Калі раней – то па якім прызначэнні яны выкарыстоўваюцца зараз і чаму не прыносяць прыбытак кааператыву ад, скажам, здачы ў арэнду? Прагучала таксама незадаволенасць затратамі на здымнае памяшканне пад офіс, якія цяжка супаставіць з выдаткамі на куды больш слушныя, на думку людзей, патрэбы – тое ж грэйдзіраванне дарог. Не сакрэт, што стан іх у гаражным кааператыве “Вялікі” далёкі ад нармальнага. Зрэшты, не будзем паглыбляцца ў лічбы даходаў/расходаў – яны апублікаваны, і цяпер кожны зможа іх для сябе прааналізаваць.

Асабліва вострая спрэчка разгарэлася вакол карыстання так званай інфраструктурай гаражнага кааператыва. Хто-ніхто з тых, што катэгарычна адмаўляюцца стаць членамі “Вялікага”, згодны заключыць асобны дагавор на гэтыя выгоды, але не ведаюць, што дакладна ўваходзіць у іх пералік. Мы паспрабавалі высветліць інфармацыю ў М.М. Цыганкова. Згодна з прадастаўленай паперай, аб’екты агульнага карыстання (інфра-структура) гаражнага кааператыва гэта:

  • зямля агульнага карыстання (праезды, праходы) у межах ГБПК, кантэйнерныя пляцоўкі;
  • агульная агароджа вакол межаў зямельнага ўчастка кааператыва;
  • лініі электраперадачы разам з электраабсталяваннем ад межаў балансавай прыналежнасці паміж ГБПК і энергазабяспечваючай арганізацыяй да (калі такія ёсць) межаў балансавай прыналежнасці паміж ГБПК і ўладальнікамі гаражоў – спажыўцамі электраэнергіі;
  • будынкі, збудаванні, абсталяванне, створаныя ці набытыя для абслугоўвання аб’ектаў (маёмасці) агульнага карыстання і забеспячэння захаванасці маёмасці ГБПК (уязныя вароты, шлагбаум, будка вартаўніка, кантэйнеры для смецця, мэбля, аргтэхніка, канцылярскія прыналежнасці, трывожная сігналізацыя з вывадам на пульт Дэпартамента аховы МУС РБ, тэлефонная сувязь, інвентар, дапаможнае абсталяванне для энергазабеспячэння КПП і інш.), іншыя аб’екты ў межах унутранай і прылягаючай тэрыторыі, прызначаныя для абслугоўвання членаў ГБПК;
  • утрыманне праездаў, праходаў, аб’ектаў нерухомасці і будынкаў агульнага карыстання ў адпаведнасці з патрабаваннямі электра-, пажарнай, санітарнай і экалагічнай бяспекі;
  • вываз смецця і снега, санітарная апрацоўка тэрыторыі ГБПК, абсталяванне пажарных шчытоў супрацьпажарнымі сродкамі і прадметамі пажаратушэння;
  • аплата работы асоб, якія працуюць у ГБПК згодна са штатным раскладам і грамадзянска-прававымі дагаворамі;
  • аплата электраэнергіі, падатковыя плацяжы за зямельны ўчастак і ўсе іншыя падатковыя і непадатковыя плацяжы ГБПК, як юрыдычнай асобы;
  • абарона інтарэсаў ГБПК і яго членаў ва ўсіх дзяржаўных і недзяржаўных органах, установах і арганізацыях.

Дакладна прыводжу гэты спіс для таго, каб стала зразумела, што многага з пералічанага ў ГБПК “Вялікі” няма. Дык няўжо людзям нельга было дакладна растлумачыць, за што насамрэч мяркуюць з іх браць грошы, не абмяжоўваючыся, як гэта было на сходзе, зневажаючым “Я так хачу!”.

Увогуле, склалася меркаванне, што менавіта ў нежаданні чуць і, па магчымасці, паважліва ставіцца адзін да аднаго – корань многіх канфліктаў і спрэчак у кааператыве “Вялікі”. Інакш, хіба нельга было да сходу з удзелам кіраўніцтва раёна прывесці ў зручны для людзей распарадак работы кіраўніка і бухгалтара і наладзіць іх работу не толькі па буднях, але і ў суботу? Хіба так цяжка урэгуляваць, калі яны насамрэч ёсць, праблемы з графікам і месцамі збору смецця, тым больш, што камунальнікі ў большасці выпадкаў ідуць насустрач пажаданням людзей дзеля іх зручнасці? Расказаць, на якой падставе ў многіх гаражах без папярэджвання адключылі электрычнасць і чаму яе няма дагэтуль? Хіба нельга было з дапамогай сродкаў масавай інфармацыі, не абмяжоўваючыся толькі сайтам (на ім, дарэчы, дагэтуль няма адказаў на многія пытанні), а выкарыстоўваючы больш зручныя і зразумелыя для многіх пажылых друкаваныя СМІ, расказаць лю-дзям, чаму так адрозніваюцца сумы плацяжоў і што ўвогуле ўплывае на іх памер? Растлумачыць, урэшце, што парадак на такой вялікай тэрыторыі ўсё ж павінен быць і пад-трымліваць яго лягчэй разам, чым паасобку.

Прынамсі, пераконваць у гэтым многіх не трэба. Сёння каля 250-ці ўладальнікаў гаражоў выказалі жаданне стварыць свой асобны кааператыў. Справа дастаткова клопатная, але, магчыма, тут абодвум бакам удасца вывесці ўзаемаадносіны паміж кіраўніцтвам і членамі суполкі на новы, больш цывілізаваны, не абцяжараны не заўсёды аб-грунтаванымі прэтэнзіямі і крыўдамі ўзровень, дзе вызначаць дзеянні і ўчынкі будзе элементарная паважлівасць, бо недарма кажуць, што менавіта павага да іншых прадвызначае павагу да сябе самога.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть