Общество

Гатоўнасць нумар адзін

Падрыхтоўка школ і дзіцячых садоў, а ўсіх іх на Лунінеччыне 57, да новага навучальнага года пачалася задоўга да першавераснёўскага свята. Патрачаны на гэта немалыя сродкі. Расказвае начальнік аддзела адукацыі, спорту  і турызму райвыканкама Наталля ЦЯЛЬПУК:

– Сёлета ў бюджэце раёна на капітальны і бягучы рамонт устаноў адукацыі прадугледжана больш як 264 тысячы рублёў. Амаль усе яны асвоены. Разам з тым, няварта забываць, што многае было зроблена напрыканцы 2016 года. Так, за сродкі раённага бюджэту набылі 50 адзінак тэхналагічнага абсталявання і вытворчага інвентару, а таксама мэблю для некаторых школьных  сталовак. На гэтыя мэты выдаткавана больш як 38 тысяч рублёў. Да канца 2017 года плануецца закупіць тэхналагічнага абсталявання яшчэ на амаль 14 тысяч рублёў.

Трэба падкрэсліць, што сёлета на Лунінеччыне істотна палепшылася сітуацыя з забеспячэннем устаноў адукацыі вучнёўскай мэбляй. Практычна ўсе камп’ютарныя класы абсталяваны зручнымі паваротнымі крэсламі, а да пачатку навучальнага года купілі 80 новых парт-канторак і 105 парт з рэгулюемым нахілам паверхні, на што патрачана больш як 13 тысяч рублёў. Поўнасцю працэс забеспячэння школ спецыяльнай мэбляй плануецца завяршыць у 2019 годзе.  Акрамя таго, больш як на 44 тысячы рублёў набыта новых камп’ютараў. Іх атрымаюць Мікашэвіцкая  гімназія імя У. Нядзведскага, СШ №2 г. Мікашэвічы і Лобчанская яслі-сад-базавая школа.Усе вучэбныя класы ва ўстановах адукацыі раёна аснашчаны энергаэфектыўнымі свяцільнямі.

Яшчэ больш цёпла і ўтульна будзе ўзімку ў многіх установах адукацыі Лунінеччыны. У ходзе праведзенага рамонту ўдалося поўнасцю памяняць аконныя блокі ў СШ №1 г. Лунінца і часткова – у СШ №№ 2, 3, 4 г. Лунінца, яслях-садзе №4 г. Мікашэвічы, №8 г. Лунінца і Дварэцкай яслі-сад-сярэдняй школе. У межах рэалізацыі праекта “Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь” за кошт займа Сусветнага банка ў 2017 годзе запланавана капітальна адрамантаваць СШ №1 г. Мікашэвічы.

Асобна варта сказаць пра харчблокі. Сёлета капітальнага рамонту на іх не планавалася, аднак мадэрнізацыя дзе-нідзе наспела. Так у 2018 годзе плануецца правесці яе на харчблоку Палескай СШ.Папярэдні кошт абсталявання і работ – 40 тысяч рублёў.

У раёне забяспечваюцца дзяржаўныя гарантыі па падвозу дзетвары з аддаленых вёсак да месцаў вучобы. У распараджэнні 1960-ці вучняў – 14 школьных аўтобусаў. Задзейнічаны для гэтых мэт гарадскі і грамадскі транспарт. Практычна штогод парк рухомага саставу папаўняецца. Вось і сёлета падпісаны дагавор фінансавай арэнды на два аўтобусы МАЗ. Аплата па дагаворах лізінгу будзе выконвацца за кошт сродкаў, перададзеных з абласнога ў раённы бюджэт.

Да пачатку новага навучальнага года праведзена таксама вялікая работа па захаванню пажарнай бяспекі, абсталяванню ўстаноў адукацыі сістэмамі відэаназірання (дарэчы, відэакамерамі аснашчаны ўсе школы, дзе  колькасць вучняў больш як 200 чалавек). Відавочны клопат пра захаванне дарожнай бяспекі: паўсюдна на праезнай частцы паблізу школ і дзіцячых садоў нанесена спецыяльная разметка, пакладзены штучныя няроўнасці, распрацаваны схемы маршрутаў бяспечнага руху дзетвары. Маніторынг вуліц і дарог, што вядуць да школ і дзіцячых садоў, працягваецца.

Пэўных затрат патрабуе падрыхтоўка да ацяпляльнага сезона. Мяркуецца, што да 30 жніўня будуць падпісаны ўсе пашпарты гатоўнасці. Да гэтага ж часу завершыцца працэс перадачы на баланс спецыялізаваных арганізацый жыллёва-камунальнай гаспадаркі ўсіх інжынерных сетак і збудаванняў, якія пакуль знаходзяцца ў вядзенні аддзела адукацыі, спорту і турызму.

Усё вышэй пералічанае, паўтаруся, у вялікай ступені зроблена за кошт дзяржаўных сродкаў. Аднак істотную фінансавую падтрымку (пазабюджэтныя асігнаванні дасягнулі сёлета амаль 146 тысяч рублёў) аказалі спонсары. Сёлета імі сталі ААТ “Санта Рытэйл”, РУВП “Граніт”, ААТ “Спецжалезабетон” і “Лунінецкі малочны завод”, індывідуальны прадпрымальнік В.Н. Сыцэвіч, фермерскія гаспадаркі “Чэркасы” і “Любачын”, дзяржаўнае прадпрыемства “Лунінскі”, а таксама многія бацькі, за што ўсім – шчыры дзякуй. Словы ўдзячнасці адрасую таксама педагагічным калектывам, якія ўзялі на свае плечы правядзенне касметычнага рамонту ў навучальных установах.

Нельга сказаць, што ў адукацыйнай сферы вялікіх праблем няма. Яны ёсць, і кіраўніцтва раёна пра іх ведае. Таму і да вырашэння падступаецца выверана і мэтанакіравана, пра што сведчаць вышэй прыведзеныя лічбы і факты. Разам мы дасягнулі галоўнага – забяспечылі гатоўнасць устаноў адукацыі да новага навучальнага года.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть