І праз хмары БАЧЫЦЬ ЗОРКІ…
Общество

І праз хмары БАЧЫЦЬ ЗОРКІ…


60-годдзе адзначыла Ніна АВІЖЫЧ, якая працавала інжынерам станцыі Лунінец. 
Ураджэнка Гомельшчыны, яна вучылася ў трэцім класе, калі не стала мамы… Сірот накіравалі ў дзіцячы дом, а калі яго расфарміравалі – перавялі ў школу-інтэрнат. У Камунарах, што на Магілёўшчыне, закончыла 10 класаў. Пасля ўладкавалася на трыкатажную фабрыку ў Гомелі. Трывалыя веды і прага да працягу вучобы спрыялі паступленню ў Беларускі інстытут інжынераў чыгуначнага транспарту. Сустрэла студэнцкае каханне, выпрабаванае часам і адлегласцю, – два гады чакала мужа з армейскай службы. У 1976-ым абарані-ла дыплом па тэме «Арганізацыя руху цягнікоў на ад-дзяленні чыгункі і павелічэнне прапускной здольнасці”. Атрымаўшы кваліфікацыю інжынера шляхоў зносін эксплуатацыі чыгунак, была размеркавана на Баранавіцкае аддзяленне.
На станцыю Лунінец, услед за мужам, узначаліўшым калектыў, Ніна Іванаўна была пераведзена 35 год таму. Не аднойчы плакала, заблытаўшыся на цёмных і нядобраўпарадкаваных завулках Залесся, дзе маладая сям’я жыла ў бараку. Але выхаваная ў падпарадкаванні аса-бістых спраў службовым, не дазваляла бытавым дробязям узяць верх над працай. На ўсіх пасадах – тэхнік-тэхнолаг, старшы аператар, інжынер-тэхнолаг – была добрасумленнай, дысцып-лінаванай, патрабавальнай – перш-наперш, да сябе. Паказваючы ўласны прыклад, таксама ж арганізоўвала і падначаленых. 
Асабліва трэба пад-крэсліць ініцыятыўнасць Ніны Іванаўны. У 2005-ым яна распрацавала Тэхналагічны працэс работы станцыі Лунінец. Пад яе кіраўніцтвам былі аформлены і ўкаранёны ў вытворчасць тры рацыяналізатарскія прапановы. Эканамічны эфект ад навінак склаў амаль 2 тысячы долараў. Па выніках 2005 года ў раённым конкурсе Ніна Іванаўна была ўдастоена звання «Чалавек года” ў галіне транспарту. 
Сведчанне прызнання працоўных заслуг – далёка не адзіны зорны час у жыцці юбіляркі. Яе мудрасцю і разважлівасцю ўмацавана сям’я. Як і ўсе маці, хвалявалася, калі сын быў на тэрміновай службе ў арміі. Затрымаўшы небяспечнага ўзброенага злачынцу, у 2002-ім быў адзначаны ўрадавай узнагародай. Якія пачуцці перавалодваюць у Ніны Іванаўны, калі глядзіць на медаль «За выдатную службу” – не зменшаныя часам хваляванні за родную кроў ці гонар, што выхавала сына мужным і адказным грамадзянінам Айчыны? Безумоўна, гэта – таксама зорны час жанчыны-маці.
Нават дасягнуўшы пен-сійнага ўзросту, Ніна Іванаўна працягвала ўдасканальваць тэхналагічны працэс станцыі Лунінец на чарговую пяцігодку. І ўсё ж выкананыя больш, чым напалову, распрацоўкі хутка перадала для маладой змены. Муж Канстанцін Іванавіч прыцягнуў дачнымі захапленнямі. На заслужаным адпачынку чыгуначніка паклікалі сялянскія карані. Дбайны гаспадар асабліва клапоціцца аб яблынях, якіх выгадаваў больш дзясятка гатункаў. Жонка дадае прыгажосці ўчастку, вырошчваючы кветкі. Вясной радуецца разнаквеццю цюльпанаў, а ў восень душу грэе аскомісты водар яе любімых хрызантэм.
Услед за бацькамі, дзеці закончылі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту. Працягваюць чыгуначную дынастыю: дачка Вольга – у Гомелі, сын Аляксей – у Мінску. Авіжычы маюць ужо і трох унукаў. Сапраўднае свята для бабулі і дзеда, калі 8-гадовы Улад, а таксама працягваючыя прозвішча Іван і Максім, якім адпаведна 7 і 2 гады, летам адпачываюць у зачынальнікаў роду. Ніна Іванаўна, якая ў сваім маленстве зведала сум і роспач, адчувае шчасце дзяцінства і ў такія моманты называе сваю сціплую дачу зямным раем…  
Адна з самых паважаных ветэранаў калектыву, яна прымала шмат шчырых віншаванняў з юбілеем. Усміхалася пажаданням, адзначаючы, што за ўсё ўдзячна лёсу. Гледзячы на асаблівую прыгажосць юбіляркі ў восеньскім узросце, думала: Ніна Іванаўна вучыць нас прымаць жыццё такім, якое наканавана, а самае важнае, пэўна, – кожны дзень настройваць сябе на дасягненне зорак…
Галіна ТУРКЕВІЧ, інспектар аддзела кадраў станцыі Лунінец.
Фота Сяргея КАРПУКОВІЧА. 



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть