Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Невар: «Інакш працаваць не ўмею…»
Общество

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Невар: «Інакш працаваць не ўмею…»

У рэдакцыю “ЛН” патэлефанавала жанчына, якая не шкадавала ўдзячных слоў у адрас дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігара НЕВАРА. Ігар Леанідавіч неабыякава паставіўся да праблемы сям’і, пасадзейнічаўшы ў працаўладкаванні сына. Перадаючы парламентарыю падзяку, скарысталіся выпадкам пацікавіцца, з якімі яшчэ праблемамі звяртаюцца да яго людзі?

– Спачатку землякі ніяк не маглі адвыкнуць бачыць у маёй асобе ўрача, а таму найчасцей прыходзілі за медыцынскімі парадамі, дапамогай у накіраванні на лячэнне ў вобласць ці сталіцу, са-дзейнічаннем у прызначэнні групы інваліднасці. Заўсёды стараўся дапамагчы. Вядома ж, не пераступаючы мяжу закона. Разумееце, як ні крыўдна, але іншы раз чалавеку трэба, каб яго нехта выслухаў, унікнуў у праблему, не адмахнуўся ад яе. І насамрэч, многія з пытанняў пасля гэтага не здаюцца такімі ўжо невырашальнымі. Праз некаторы час пайшла паласа, калі людзі звярталіся за падтрымкай у працаўладкаванні. Вось тут дапамагчы ўдавалася не ўсім. Былі такія, хто бачыў сябе толькі ў ролі кіраўніка, а гэта, разумееце, асаблівая адказнасць, ды і не ўпаўнаважаны дэпутат парламента вырашаць кадравыя пытанні. Хто-ніхто прыходзіў з просьбай дапамагчы працаўладкавацца ў канкрэтную арганізацыю, дзе на той час была вакансія. Тэлефанаваў кіраўніку, прэтэндэнта на пасаду запрашалі на размову і, ведаю выпадкі, бралі на працу. Дагэтуль нямала зваротаў, якія закранаюць праблемы добраўпарадкавання вуліц і дарог. Удзячны кіраўнікам зацікаўленых службаў, перш за ўсё, начальніку ДРБУ-101 Аляксандру Трухнову, які заўсёды ўважліва ставіцца да запытаў дэпутата. Найбольш запомнілася, калі на прыём прыйшоў чалавек і з парога прыгадаў, што я, калі балатаваўся ў дэпутаты, актыўна падтрымліваў ідэю стварэння ў Лунінцы парка культуры і адпачынку. Маўляў, ці не забыў пра гэта? Не забыў, бо і сёння выношваю гэтую вельмі слушную, на мой погляд, ідэю. Вось толькі справа гэта не аднамомантная. Вы ж ведаеце, што ўзрост самых слынных і вядомых паркаў краіны  вылічваецца не дзесяцігоддзямі нават, а куды большым тэрмінам. Будзе выдатна, калі мы станем роданачальнікамі стварэння такога парку ў райцэнтры. На жаль, пакуль ёсць розныя погляды на тое, дзе быць месцу адпачынку гараджан. Я больш схільны бачыць яго на пустцы за стаматалагічнай паліклінікай. Але ёсць іншыя меркаванні. Думаю, праз пэўны час вызначымся больш дакладна, і тады буду спадзявацца на падтрымку і ўдзел гараджан.

– Ігар Леанідавіч, а чым напоўнены будні дэпутата ў час, які прынята называць канікуламі?

– У перапынках паміж сесі-ямі працуем над падрыхтоўкай самых розных закона-праектаў. Асабіста я разам з вядомым спартсменам Вадзімам Дзевятоўскім курыруем унясенне змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь “Аб фізічнай культуры і спорце”. Прайшло каля дзясятка пасяджэнняў рабочых груп, у якіх удзельнічалі прадстаўнікі многіх зацікаўленых міністэрстваў і ведамстваў. Як высветлілася, ёсць мноства нюансаў і пытанняў, на якія раней проста не звярталі ўвагі. Датычаць яны ўключэння ў зборныя каманды спартсменаў, абавязкаў трэнераў, іх стаўлення да самога працэсу падрыхтоўкі зборных. У святле падзей апошняга часу гучыць шмат прапаноў па ўдасканаленню антыдопінгавага заканадаўства. Хаця, справядлівасці дзеля, варта заўважыць, што, па меркаванню дасведчаных спецыялістаў, яно ў нас адно з найбольш вывераных і дасканалых. У новым Законе будзе дадзена дакладнае вызначэнне многіх паняццяў. Сярод іх такое вядомае, як “балельшчык”, і менш вядомае – “сцюард”.  Будуць прапісаны правы і абавязкі гэтых і іншых дзеючых асоб спартыўнай сферы. Асабіста мяне заўсёды цікавіць бяспека правядзення трэніровак і спаборніцтваў. Калі спраектаваць усё на нашы ўмовы, то, прыводзячы ў спартыўную школу ці адпускаючы на трэніроўку на секцыю дзіця, бацькі павінны быць упэўнены, што з ім там не здарыцца няшчасця. Мы ж памятаем трагічны выпадак у аквапарку ў Кобрыне, калі побач былі адказныя дарослыя, а бяда ўсё роўна напаткала.

– Але хіба можна ў законе прадугледзець меры папярэджання, скажам, наступстваў дзіравага даху, з-за якога ў спартыўнай зале – слізкая падлога, і ніхто не застрахаваны, што на ёй не ўпадзе дзіця?

– Можна прадугледзець меры адказнасці, якія павінны стаць перасцярогай, перш за ўсё, для дырэктара спартыўнай ці навучальнай установы і падштурхнуць яго шукаць магчымасць гэты дах адрамантаваць. А інакш як? Увогуле працэс законатворчасці вельмі працаёмкі і адказны. Пры падрыхтоўцы праектаў да абмеркавання ў першым ці другім чытанні ўсё павінна адпавядаць літары Закона. Менавіта таму так скрупулёзна падыходзім да кожнай прапановы, да кожнага ўзгаднення.

– Для выбаршчыкаў вельмі важная частка дзейнасці дэпутата – яго работа ў акрузе.          У чым яе змест?

– Удзельнічаем у пасяджэннях “круглых сталоў”, абмяркоўваючы самыя злабадзённыя праблемы, праводзім сустрэчы ў працоўных калектывах, прысутнічаем на сесіях раённага Савета дэпутатаў і пасяджэннях раённага выканаўчага камітэта. А яшчэ – праводзім асабістыя прыёмы грамадзян і “Прамыя тэлефонныя лініі”, накшталт сённяшніх.

У гэты час у дзверы кабінета  на трэцім паверсе Дома Саветаў пастукалі, і ў пакой увайшоў сярэдніх год мужчына. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў – ці не апошняя яго надзея ў спробах аднавіць справядлівасць. Гаспадар вялікай сям’і, дзе гадуюцца шасцёра дзяцей, тры гады таму скарыстаўся магчымасцю з падтрымкай дзяржавы пабудаваць дом. Узводзіць яго ўзяліся будаўнікі ПМК-19. Сёння гатоўнасць будынка – 65 працэнтаў. І раптам адзін з вуглоў пачаў разыходзіцца. Шчыліну, якая ўтварылася, замазалі, аднак мужчына выказаў занепакоенасць надзейнасцю дома. Пасля яго звароту ў райвыканкам была створана спецыяльная камісія. З яе вывадамі заяўляльніка, па яго словах, не пазнаёмілі. Магчыма, будаўнічай арганізацыі і накіравана прадпісанне, тады чаму там яго ігнаруюць?

Ігар Невар паабяцаў разабрацца ў праблеме з дапамогай спецыялістаў. Тым больш, што кампетэнтная камісія працавала ўжо на месцы ўзвя-дзення дома. Дакладны адказ будзе накіраваны гараджаніну ў вызначаны тэрмін.

Праблема, з якой да дэпутата звярнулася адна з жыхарак прыгарадных вёсак, хоць і не дужа звычная, але дастаткова вострая. Яе сын адбывае пакаранне ў месцах зняволення за незаконны абарот наркотыкаў. Маці не падвяргае сумненню справядлівасць хоць і строгага, але ўсё ж правільнага прыгавору. Яе клопат – пра іншых, каму, магчыма, пагражае наркатычная атрута. Няўжо, па словах, жанчыны, нельга знайсці рэчыва, якое дапамагло б раз і назаўсёды знішчыць зараснікі канапель? Так, камунальнікі па заяўцы праваахоўнікаў іх скошваюць, але новыя – паяўляюцца ў іншых месцах.

Размаўляючы з жанчынай, Ігар Невар выказаў занепакоенасць не толькі гэтым, але і тым, што сёння на авансцэну ўсё больш актыўна выходзяць моцныя псіхатропы ў выгля-дзе сінтэтычных наркатычных сродкаў, наступствы ўжывання якіх проста немагчыма прадказаць. І відавочна, на праблему варта паглядзець больш глыбока, вызначыўшы прыярытэтныя накірункі прафілактычнай і растлумачальнай работы з моладдзю і падлеткамі. І вялікая роля ў гэтым належыць бацькам.

У адказ жанчына падзялілася яшчэ адной праблемай. У свой час яе сын даў згоду паехаць у адзін з цэнтраў па лячэнню ад наркатычнай залежнасці  ў сталіцы. Але месяц знаходжання там каштаваў на той час 9 мільёнаў недэнамінаваных рублёў – непад’ёмныя для сям’і грошы.  Ці нельга зрабіць больш даступнай дапамогу нарказалежным?

Варта сказаць, што дзяржава не пакідае без увагі  такіх людзей. Лячэнне ў наркалагіч-ных дыспансерах даступнае для кожнага. Грамадства пайшло нават на тое, каб адпускаць у спецыяльных аптэках пэўны пералік медыцынскіх прэпаратаў, якія здольны зняць “ломку”. Аднак і тут нярэдкія выпадкі, калі атрыманыя таблеткі рэалізоўваюцца потым іншым асобам. А значыць, у канчатковым выпадку ўсё ў руках самога чалавека, яго жадання вызваліцца ад злачынных “кайданоў” атруты. І ніводзін медык ці цудадзейны метад не здольны вырваць з пасткі наркамана, калі сам ён не будзе гэтага хацець. Наколькі гэта складана, ведаюць тыя, хто па сваёй волі аднойчы трапіў у страшную залежнасць ад наркотыкаў. Таму лепш ніколі не рызыкаваць паспрабаваць сумніўнае задавальненне ад атруты. Усё гэта даступна растлумачыў жанчыне І.Л. Невар.

Наступны наведвальнік звярнуўся з просьбай аб дапамозе ў працаўладкаванні. Маючы эканамічную адукацыю, ён памяняў нямала месцаў работы. Дэпутат зацікаўлена ўзяўся чалавеку дапамагчы. Вось толькі ці надоўга затрымаецца той на чарговай пасадзе?

Чаргу прыйшоўшых на прыём перапыніў тэлефонны званок, які пацвердзіў словы Ігара Леанідавіча, што дагэтуль іншы раз людзі бачаць у ім, перш за ўсё, урача. Хворы на цукровы дыябет гараджанін, які, да таго ж, перанёс інсульт, агучыў, на яго погляд, вельмі важную праблему. У свой час яму бясплатна выдалі глюкометр. Штомесяц выпісваюць тэст-палоскі для вызначэння ўзроўню ўтрымання цукру ў крыві, але іх катастрафічна не хапае. Ці нельга павялічыць колькасць выпісваемых бясплатных палосак?

Асабіста ў мяне не было сумнення, што і з гэтым пытаннем дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь разбярэцца з уласцівай яму неабыякавасцю і здаровым педантызмам, бо інакш ставіцца да людскіх бед проста не ўмее.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть