Общество

Імкненне да ЗОРНЫХ ВЫШЫНЬ

У нашым раёне шырокую вядомасць мае гэта немясцовае прозвішча – ураджэнка Лунінца Наталля Іванаўна КАЗАНКОВА 1 верасня адзначыла 70-гадовы юбілей.

Нашчадак двух пакаленняў чыгуначнікаў працягвае традыцыі сям’і, у якой дзед і яго дзеці ўражвалі стварэннем прыгажосці. З юных год была прыхільніцай тэатральнага мастацтва, выконвала ролі ў самадзейных спектаклях. Любімай настаўніцай была Алена Віктараўна Кірыевіч. На легенду лунінецкай “рэалкі” марыла быць падобнай выпускніца-1958 СШ №2 г. Лунінца. Вышэйшую педагагічную адукацыю набывала ў Гродна. Студэнткай 5-га курса стала жонкай афіцэра-лётчыка. З ім “служыла” па розных гарнізонах: Віцебшчына, Брэстчына, Забайкалле, Чэхаславакія… Кім толькі ні давялося працаваць, уключаючы касіра афіцэрскага клуба! Была піянерважатай, выхавальніцай дзіцячага садка, кіраўніком гуртка Дома піянераў, дырэктарам краязнаўчага музея. Але для чалавека такой адказнасці, якой прыцягвае Наталля Іванаўна, кожнае працоўнае месца, няхай і на пэўны час, станавілася адзіным і любімым.

З цягам часу актрыса ўзнялася да рэжысёра – а таксама гукаафарміцеля, дэкаратара, касцюмера і іншых сцэнічных спецыяльнасцей – не толькі тэатралізаваных пастановак, але і ўсіх школьных святаў. Захапленне стала прафесіяй з увядзеннем для вучняў прадмета “Сусветная мастацкая культура”. Наталля Іванаўна пачынала і распрацоўвала курс для аднадумцаў.

Вось ужо 35 год яна шчыруе на карысць раёна. Справы Наталлі Іванаўны на пасадах намесніка кіраўніка СШ №2 па малодшых класах (якіх у той час было 43!), дырэктара СШ №4, старшыні савета ветэранаў-педагогаў не раз адлюстроўвалі “ЛН”.

Першым жа месцам працы была сярэдняя школа, дарэчы, таксама №4, у Кобрыне, куды ў 1964-ым накіравалі мужа. Малады спецыяліст прагла прыцягнуць дзяцей цікавай справай. Піянерская дружына насіла імя Юрыя Гагарына. Наталля Іванаўна напісала ліст першаму лётчыку-касманаўту. Хто – адкрыта, хто – “за вочы” скептычна ўсміхаліся з неверагоднай ініцыятывы. Якім жа было здзіўленне ўсяго Кобрына, калі з Зорнага гарадка на адрас школы прыйшоў вялікі пакет з цёплым адказам Юрыя Аляксеевіча, фота з аўтографамі яго і іншых касманаўтаў!

Праз 5 год сям’я з двума дзецьмі пераехала на іншае месца службы. Маладая настаўніца пакінула зорную памяць школе, аформіўшы выдатны стэнд. Сабе ўзяла два самыя маленькія здымкі з аўтографамі, пра якія расказала толькі сёлета, прыгадаўшы 50-годдзе адкрыцця касмічнай эры. Для паважанага педагога ўзорам сціпласці і добразычлівасці з’яўляецца чалавек, які першым убачыў Зямлю з космасу. І таксама, як Юрый Гагарын, сваёй рознастайнай дзейнасцю Наталля Іванаўна кліча лунінчан да зорных вышынь.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть