Общество

Інвестыцыі ў будучае

Прыкладна так в.а. галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Ігар Кругліч,  адзін з удзельнікаў “Круглага стала”, праведзенага на базе лунінецкай СШ №2 у рамках кансультацыйна-адукацыйнай акцыі “Школьнае харчаванне – здаровае і рацыянальнае”, назваў бюджэтныя асігнаванні на арганізацыю харчавання вучняў. Лічбы і насамрэч уражваюць: з рэспубліканскага бюджэту на гэтыя мэты сёлета накіравана 3 мільёны рублёў, з раённага – 525 тысяч. Зразумела, што і аддачы ад укладанняў чакаюць адпаведнай: прапаноўваемыя для дзетвары стравы павінны быць не толькі смачнымі, але і абавязкова карыснымі, бо менавіта ад гэтага залежыць развіццё школьнікаў, іх фізічныя і разумовыя здольнасці. Што маем на справе?

Як расказала начальнік раённага аддзела адукацыі Наталля Цяльпук,  сёння  32 навучальныя ўстановы раёна наведваюць 8650 хлопчыкаў і дзяўчынак. Паколькі пераважная іх большасць жыве на тэрыторыі з перыядычным радыяцыйным кантролем (у чыстай зоне знаходзіцца толькі 11 адукацыйных устаноў і 259 выхаванцаў), філіял райспажыўтаварыства “Грамадскае харчаванне”, з якім раа заключыў адпаведны дагавор, узяў на сябе клопат пра тое, каб у школах дзетвара магла штодня атрымліваць бясплатнае гарачае харчаванне. Яго кошт пры аднаразовым харчаванні ад 1 рубля 43 капеек да 1 рубля 73 капеек, двухразовым – ад 2 рублёў 58 капеек да 2 рублёў 80 капеек у залежнасці ад узросту вучняў. (З 1 снежня грашовыя нормы расходаў на харчаванне дзяцей мяркуецца павялічыць у сярэднім на 10 працэнтаў – Т.В.). Гэта – грашовая норма, якая выконваецца на 100 працэнтаў. А ёсць яшчэ натуральная – набор прадуктаў, якія пры захаванні збалансаванасці і карыснасці можна дазволіць у межах выдзеленых сродкаў. На сённяшні дзень выкананне натуральных нормаў вагаецца ў межах 86-90 працэнтаў. Паказчык, па запэўніванню Наталлі Аляксандраўны, у параўнанні з іншымі раёнамі вобласці нядрэнны. 

Якасць школьнага харчавання і парадак на харчблоках кантралююць цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, а таксама тэхнолагі – ад-дзела адукацыі і “Грамадскага харчавання”. Прыкладнае меню складаецца на 2 тыдні і ўзгадняецца з урачом-гігіеністам РЦГіЭ. Ёсць бракеражная камісія, у якую ўваходзіць дырэктар навучальнай установы, адказны за арганізацыю харчавання ці дзяжурны настаўнік, повар і медработнік. Звесткі пра якасць прапаноўваемых страў заносяцца ў спецыяльны журнал. Няякасная прадукцыя да выдачы не дапускаецца. Здавалася б, усё як мае быць.

Аднак у кожнай школе, нягледзячы на знешняе падабенства, пры арганізацыі харчавання ёсць свае асаблівасці. СШ №2 г. Лунінца – самая вялікая ў раёне. Сёння тут больш як 1130 вучняў – прыкладна восьмая частка  ад агульнай колькасці! У новым навучальным го-дзе гэтая акалічнасць нечакана непажаданым чынам паўплывала на працэс кармлення дзетвары. “Адпраўной” кропкай стала змяненне пачатку заняткаў: замест ранейшых 8.00 сёлета ўрокі, як і паўсюдна, пачынаюцца ў 8.30. Каб не “наступаць на пяткі” другой змене, дзе ўрокі не могуць заканчвацца пазней, чым у 19.30, у СШ №2 пайшлі на скарачэнне перапынкаў. Практычна пасля кожнага ўрока школьную сталовую наведваюць адначасова да пяці класаў. Для большасці выдзелена ўсяго 10 хвілін, за якія ў ідэале трэба дабегчы да сталоўкі, паспець з’есці прапанаваныя салаты, другую страву, выпіць чай, сок ці кампот, прыімчаць у клас, заняць сваё месца за партай, падрыхтаваўшыся да наступнага ўрока… Зразумела, што гэта проста нерэальна.

– Пра якое здаровае харчаванне можа ісці гаворка, калі дзецям даводзіцца ледзь не на хаду глытаць ежу? У лепшым выпадку яны паспяваюць сабраць партфель, дабегчы да сталовай, ухапіць булачку ці яблык і адразу ж імчаць на наступны ўрок, – даводзілі прадстаўнікі бацькоўскага камітэта Леанід Бірыла і Алена Кіндрук. – Вось і атрымліваецца, што дзяржава траціць велізарныя сродкі на прадукты, якія ідуць у адходы…

Дырэктар СШ №2 г. Лунінца Мікалай Гарадкавец у адукацыі чалавек не новы, але і ён вымушаны канстатаваць, што сёлета з пачаткам урокаў у 8.30 школа апынулася ў жорсткіх рамках пры арганізацыі харчавання. З аднаго боку – строгія санітарна-нарматыўныя патрабаванні, парушаць якія не маюць права, а з другога – катастрафічны недахоп часу для таго, каб у школьнай сталоўцы пакарміць дзяцей, якія займаюцца ў дзве змены. Вось і вымушаны скарачаць перапынкі, ладзіць кармленне некаторых класаў пасля першага ўрока, калі дзетвара яшчэ не паспела прагаладацца пасля ранішняга сняданку дома.

Прадстаўнікі бацькоўскага  камітэта выйшлі з прапановай абмеркаваць агучаныя праблемы спачатку на сваім пасяджэнні, каб потым вынесці іх на агульна-школьны бацькоўскі сход. Са свайго боку кіраўніцтва раа і школы таксама паабяцалі разгледзець магчымасці вырашэння гэтай праблемы, бо нават дадатковыя 5 хвілін перапынку маглі б зняць яе вастрыню.

У пасяджэнні “Круглага стала” брала ўдзел і прадстаўнік “Грамадскага харчавання” – інспектар па кадрах Валянціна Андрух.  Да яе ў прысутных было найбольш пытанняў. Адказваючы на іх, Валянціна Іванаўна паведаміла, што прадукты ў харчблокі завозяць тройчы на тыдзень – у паня-дзелак, сераду і пятніцу. Яйкі выкарыстоўваюць толькі дыетычныя; каўбасныя вырабы – вышэйшага і першага гатунку; смятана, тварог, малако – у дробнай фасоўцы. Сыры – у асноўным бярозаўскія. Мяса дастаўляецца з нарыхтоўча-вытворчага камбіната “Палессе” вялікімі кавалкамі ахалоджаным. Агародніну закупляюць у гаспадарках і насельніцтва раёна. Дарэчы, гэтая акалічнасць дазволіла некаторым школам, сярод якіх Вялуцкая, Лунінская, Лобчанская, крыху пашырыць межы натуральных нормаў, за кошт эканоміі павялічыўшы памер вы-дзяляемых на харчаванне аднаго дзіцяці сум. Кіраўніцтва навучальных устаноў самастойна клапоціцца пра запасы агарод-ніны на зіму, тым самым выключаючы траты на яе з боку “Грамадскага харчавання”. У выніку паяўляецца дадатковая магчымасць больш разнастайным рабіць дзіцячае меню.

У тым, што гэта актуальна, пераканалі вучні, якія прысутнічалі на пасяджэнні. “Чаму з фруктаў нам даюць толькі яблыкі? Ці нельга пры складанні меню ўлічваць пажаданні школьнікаў? “Шведскі стол” у школах – гэта фантастыка?” – пытанні сыпаліся адно за адным.

Дзетвары цярпліва тлума-чылі, што рабіць больш разнастайнай вітамінную прадукцыю пакуль не дазваляюць грашовыя нормы, а ў тым, што часта прапаноўваюць яблыкі, нічога дрэннага няма. Вучоныя даказалі, што ферментатыўныя здольнасці арганізма найбольш прыстасаваны да садавіны і агародніны, якая расце ў мясцінах, дзе нарадзіўся і жыве чалавек. Што да заморскіх ласункаў, то можна толькі здагадвацца, які шлях яны пераадолелі, як і чым апрацаваны, каб нават праз працяглы час мець таварны выгляд…

А вось што датычыць ідэі ўкаранення, так званага, заказнога меню, то яна даўно “вітае” ў паветры. Магчыма, гэтая навінка будзе апрабіравана на адной невялікай установе, хутчэй за ўсё – у лунінецкай гімназіі. І толькі пасля гэтага, пры ўмове, што ўдасца дасягнуць станоўчых вынікаў, будзе прапанавана для ўсіх астатніх школ. Пакуль жа ніхто не забараняе заказваць дадатковыя стравы (у тым ліку і супы) праз буфет. Вядома, за ўласныя грошы. Гэта ж датычыць заморскіх фруктаў, паштучны продаж якіх для дзяцей ужо наладжаны. А вось “шведскі стол”, па ўсяму бачна, пакуль і на-самрэч застаецца фантастыкай.

У ходзе абмеркавання агучана было і пытанне аб перспектывах абсталявання школьных буфетаў касавымі апаратамі. На гэтую абставіну была звернута асаблівая ўвага падчас праверак, праведзеных сёлета ў школах Брэста і Бярозаўскага раёна. Правяраючыя прыйшлі да высновы, што адсутнасць такога абсталявання нярэдка становіцца ўмовай для карупцыйных праяў. Менавіта таму патрабаванне аб устаноўцы ў школьных буфетах касавых апаратаў значыцца асобным пунктам у спецыяльным Пратаколе даручэнняў Прэм’ер-міністра. Праўда, адрэагавалі на яго ў нашым раёне па-свойму. Літаральна праз некалькі дзён пасля пасяджэння “Круглага стала” ў рэдакцыі “ЛН” раздаўся тэлефонны званок. Абураныя бацькі (а пазней – і настаўнікі) расказалі, што ў СШ №2 г. Лунінца спешна згортваецца гандаль, маўляў, усе буфеты ў школах будуць закрыты. Вестка, якая спачатку падалася недарэчным жартам, аказалася праўдай. Яе пацвердзілі і ў раа, і ў філіяле “Грамадскае харчаванне”. І ўсё ж буфеты ў школах удалося адстаяць. Пакуль.

Зразумела, што да ўдзелу ў абмеркаванні такой актуальнай і важнай тэмы, якой з’яўляецца школьнае харчаванне, запрасілі медыкаў. Раённы педыятр Марына Пашкелевіч расказала, што дзетвару абавязкова трэба карміць сняданкам, прапаноўваючы стравы, якія засвойваюцца адносна марудна – кашы, яйкі, сыр… Асабіста мне падалася цікавай рэкамендацыя, што стравы няварта запіваць гарбатай ці кавай, якія перашка-джаюць нармальнаму засвойванню карысных рэчываў. Лепш падыдзе кампот, кісель ці нават звычайная вада. А фрукты наогул пажадана есці толькі праз 2 гадзіны пасля прыняцця асноўнай ежы. Увогуле сняданак і абед павінны займаць прыкладна 75 працэнтаў сутачнай каларыйнасці, і толькі 25 – вячэра.

А яшчэ доктар гаварыла пра культуру харчавання і тое, што выхоўваць яе трэба з маленства. Галоўную ролю ў гэтым павінны адыгрываць бацькі, якім няварта ісці на паваду ў дзетвары, а наадварот – уласным прыкладам, насуперак агрэсіўнай тэлерэкламе, паказваць, што чыпсы, кірыешкі і газіраваныя напіткі прыносяць арганізму толькі шкоду. Інакш ці было б у нас столькі паталогій страў-нікава-кішэчнага тракта? Між іншым, ад гэтых хвароб церпяць сёння больш як 500 юных пацыентаў нашага раёна, што не так і мала. Дыягназ “атлусценне” пастаўлены кожнаму дзясятаму падлетку.

Ідэю правядзення анкетавання сярод вучняў школ падтрымаў урач-гігіеніст Віктар Даніловіч. Праўда, ён загадзя паставіў пад сумненне карыснасць большасці прапаноў падлеткаў, зазначыўшы, што будзе выдатна, калі ў канчатковым выніку ў школьным меню ўлічаць хаця б 10 працэнтаў іх пажаданняў.

Вынік абмеркаванню падвёў Ігар Кругліч, які падкрэсліў, што спецыялістамі РЦГіЭ пастаянна кантралюецца арганізацыя харчавання дзетвары ў школах. Падобныя праверкі праводзяцца пастаянна і практычна заўсёды выяўляюць тыя ці іншыя парушэнні. Іх не пакідаюць без увагі. Вось і ў снежні пройдзе чарговы маніторынг. Падыход заўсёды прынцыповы, бо на шалях самае дарагое, што ёсць у жыцці – здароўе нашых дзяцей.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть