ІСКРЫНКА ЛУНІНЕЧЧЫНЫ МАЁЙ…
Общество

ІСКРЫНКА ЛУНІНЕЧЧЫНЫ МАЁЙ…

Свята “Лунінецкія клубніцы” ў Дварцы ладзілася ў пяты раз. Гэты маленькі юбілей яго ўдзельнікі пастараліся адзначыць па-свойму.
Яшчэ задоўга да пачатку афіцыйнай часткі на пляцоўцы каля Дома культуры размясціліся маляўніча аформленыя выстава гатункаў клубніц, якія вырошчваюцца на Лунінеччыне. Гасцей чакалі “Літаратурная”, “Спартыўная”, “Вясёлая” і “Фота”-паляны. Горад майстроў суседнічаў з проста-такі фантастычна аформленымі “падворкамі” сельсаветаў. На ўваходзе размясціліся гандляры. Дзетвару клікалі атракцыёны і ласункі, дарослыя спяшаліся заняць месцы ў кафэ на адкрытым паветры .
Аднак галоўнае дзеянне разгарнулася на вялікай сцэне. Як толькі сюды скіравалася святочнае шэсце, неба пасвятлела, хмары, што сеялі дробным дажджом, узняліся вышэй, сыходзячы за далягляд. Мерапрыемства пачалося з ушанавання тых, хто не шкадуе таленту для папулярызацыі вядомага на ўсю Беларусь лунінецкага брэнда. Па традыцыі напярэдадні былі аб’яўлены конкурсы на самае яркае афармленне куткоў у бібліятэках, лепшы літаратурны твор і найбольш уражваючы дзіцячы малюнак. У выніку Дыпломы атрымалі бібліятэкар з Луніна Лідзія Цімашэй, юныя мастакі лунінчанкі Аня Клімчук і Аліса Макарава, а таксама Аляксандр Малайчук з Чарабасава.
Складана было журы вызначыць лепшых творцаў. Колькі ўзнёслых слоў прагучала ў самабытных апавяданнях і казках, колькі новых вершаў і песень нарадзілася да свята! Але ж конкурс на тое і конкурс, каб вызначыць найбольш дасціпных. Сёлета перамогу святкавалі лунінчанкі Валянціна Трухнова і Галіна Гаргун, Алена Муравейка з Вялікіх Чучавіч і Ірына Ванюк з Язвінак. Дыпломамі адзначаны Рэдакцыя “Лунінецкіх навін”, калектыў філіяла “Грамадскае харчаванне” райспажыўтаварыства, кіраўнік танцавальнага калектыва “Абіссаль” алянціна Бадак, тэатр моды “Дзіва” і яго натхняльнік Ганна Бандарэнка, кіраўнік студыі “Смайлікі і Смайлы” ГДК Галіна Трысцень, а таксама майстар народнай творчасці з Сінкевіч Алена Капліч. Узнагароды ўручыў старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко.
Пасля афіцыйнай часткі сцэнай заўладарылі артысты – народны ансамбль песні і музыкі “Шляхцічы”, клуб аматараў песні “Весніца” з Палескага Дома культуры, госці з Ганцавіч, Століна, Жабінкі і Пружан, якія штогод прыязджаюць на свята лунінецкіх клубніц.
Сапраўдным падарункам для ўсіх стала тэатралізаванае прадстаўленне “Клубнічны юбілейны баль ці Іван Васільевіч абнаўляе плантацыю”. Напоўнены каларытным народным гумарам у выкананні самадзейных артыстаў невялікі спектакль знайшоў цёплую падтрымку ў гледачоў і суправаджаўся то гучнымі апладысментамі, то выбухамі рогату…
Тым часам камісія на чале са старшынёй райвыканкама абыходзіла “падворкі” сельсаветаў. Аляксандр Мікалаевіч затрымліваўся каля кожнага, цікавіўся тэхнікай выканання самых разнастайных вырабаў. А былі тут не толькі выдатныя вышыўкі, але і ткацтва, дэкупаж, лоза- і саломапляценне… А колькі смакаты прыгатавалі гаспадыні з сакавітых клубніц! Сярод велізарнага пераліку страў найбольш уразіў… шашлык з буйных ягад. Кожны з “падворкаў” меў сваю адметнасць, характэрную менавіта для тых мясцін, адкуль прыехалі майстры, і кожны заслугоўваў захаплення. Гэта – шчыра!
Камісіі складана было вызначыць пераможцу. Таму той-сёй з удзельнікаў атрымалі заахвочвальныя Дыпломы. Іх павезлі дадому прадстаўнікі Чучавіцкага і Сінкевіцкага сельсаветаў. Дыпломы ІІІ ступені атрымалі Рэдзігераўскі і Гарадоцкі сельсаветы, ІІ ступені – Дварэцкі і Дзятлавіцкі. Перамогу члены камісіі аднадушна аддалі “Клубнічнаму фальварку Лунінскага павета”.
З сыходам дня клубнічная іскрынка Лунінеччыны памалу ператварылася ў вялікае свята цуда-ягады, што на працягу дзясяткаў год услаўляе наш край і яго працавіты люд.

Таццяна Вайцяхоўская. Фота аўтара.

ПАДРАБЯЗНЫ ФОТАРЭПАРТАЖ Ў ГРУПАХ У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ «ВКОНТАКТЕ» https://vk.com/lncnews І «ОДНОКЛАССНИКИ» https://ok.ru/lncnews

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть