Іванаўскі рэцыдывіст «адзначыўся» у Лунінцы і не толькі…
МикашевичиНовости районаОбществоПроисшествия

Іванаўскі рэцыдывіст «адзначыўся» у Лунінцы і не толькі…

У зале судовых пасяджэнняў 36-гадовы жыхар Іванаўскага раёна пабываў ужо 9 разоў! У крымінальнай біяграфіі ў асноўным былі крадзяжы, за якія ў тым ліку пазбаўлялі і волі. Аднак нічога не паўплывала на паводзіны рэцыдывіста. Пасля апошняга вяртання з калоніі ён вытрымаў усяго 5 месяцаў законапаслухмянага ладу жыцця. Магчыма, не будзь ён у алкагольным ап’яненні, то нічога б супрацьпраўнага не ўчыніў, але ж…

Як павеламіла «Лунінецкім навінам» памочнік пракурора Лунінецкага раёна Вераніка Чарнавокая, рамантычны вечар у адным з рэстаранаў Лунінца закончыўся для мужчыны запрашэннем да новай знаёмай. Дома іх кампанію разбавіў бацька дзяўчыны. За сумесным распіццём алкагольных напіткаў паміж прадстаўнікамі моцнай паловы чалавецтва разгарэлася сварка. І гаспадар папросту выгнаў выпадковага госця. У помсту пакрыўджаны кавалер прыхапіў банкаўскую картку з чахла мабільнага тэлефона жанчыны. Крыху пазней уладальніцы сталі прыходзіць СМС-паведамленні аб зняцці грошай у банкаматах: то 200 рублёў, то 100, а затым і разлік у магазіне. Жанчына звярнулася ў міліцыю…

Пакуль праваахоўнікі ўстанаўлівалі ўсе абставіны здарэння, злодзей накіраваўся дамоў. Далейшыя “прыгоды” не прымусілі сябе доўга чакаць і там. Будучы нападпітку, прычапіўся да такой жа вясёлай кампаніі каля адной з гандлёвых кропак Іванава. Калі землякі адмовілі пачаставаць і цыгарэткай, і чаркай, мужчына ад просьбаў перайшоў да кулакоў. Не дзіва, што барацьба аказалася няроўнай, і небарака кінуўся на ўцёкі, прыхапіўшы пакет з гарэлкай і яблыкамі. Аднак яго ўсё роўна дагналі і паведамілі ў РАУС.

Чарговы эпізод з крадзяжом здарыўся літаральна праз некалькі дзён у кватэры знаёмага. На гэты раз спакусу выклікаў мабільны тэлефон. Непрыкметна для гаспадара апарат апынуўся ў кішэні зламысніка. Пазней супрацоўнікі міліцыі яго знойдуць пры вобыску.

Падчас судовага разбіральніцтва аматар да чужога багацця прызнаў сваю віну. Крадзеж маёмасці, учынены паўторна, у тым ліку шляхам мадыфікацыі камп’ютарнай інфармацыі, паўторнае пакушэнне на адкрыты грабёж кваліфікаваны па частцы 2 артыкулаў 205, 212 і 206, а таксама частцы 1 артыкула 14 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Вердыкт – 4 гады пазбаўлення волі, якія правядзе ў выпраўленчай калоніі строгага рэжыму.

Меру стрымання да ўступлення прыгавору ў законную сілу пакінулі без змяненняў – заключэнне пад варту.

Далучайцеся да нашага канала ў Telegram

 



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть