Новости районаОбщество

ІХ Свята-Антоніеўскія праваслаўныя педагагічныя чытанні (Лунінецкі раён)

У прафесійна-тэхнічным каледжы сельскагаспадарчай вытворчасці адбыліся ІХ Свята-Антоніеўскія праваслаўныя педагагічныя чытанні.

Па традыцыі, сустрэча пачалася з “урока духоўнасці”, які з навучэнцамі ў групах правялі свяшчэннікі Лунінецкага благачынія. Ранішні дождж забыўся, калі дарослыя і моладзь сабраліся ў актавай зале, праз вокны якой шчодра лілося сонца. Добрая прыкмета прыроды ўмацавалася малітоўным благаславеннем духавенства. Дырэктар каледжа Іван Раковіч вітаў удзельнікаў і гасцей чытанняў, жадаючы плённага поспеху ў справе духоўна-маральнага дасканалення, якому няма мяжы. Настаяцель Свята-Пакроўскага храма в. Мокрава іерэй Аляксандр Вабішчэвіч пазнаёміў з эпізодамі жыцця святога, у гонар якога арганізаваны чытанні. Прападобны Антоній Вялікі (†356) у значнай ступені можа быць прыкладам і для сучасных юнакоў і дзяўчат. Святога таксама называюць бацькам манаства. Сімвалічна, што цяперашняя сустрэча была прысвечана 400-годдзю памяці Канстанціна Долмата (?-1622) – фундатара мужчынскага праваслаўнага манастыра, у складзе якога амаль 230 год былі Дзятлавічы, Лунінец і Мелясніца. У Год гістарычнай памяці гэта пасадзейнічае сучаснікам новымі ведамі аб знакавай асобе. “…Движимый благочестивой ревностью о поддержании православия, преследуемого уже возникшей тогда унией…”, каралеўскі дваранін запісаў свае маёнткі на абіцель, чым дазволіў нам захаваць чысціню праваслаўнай веры. У адпаведнасці з завяшчаннем, “чтобы из доходов оного монастыря всегда содержимо было по 12 монашествующих, по 12 вдов и 12 сирот, коих последних и обучать”, у нашым лясістым і балотным краі былі закладзены асновы духоўнасці, міласэрнасці, асветы, культуры. Таму і шануем заснавальніка манастыра – яго радавы герб стаў асновай сучаснага геральдычнага сімвала вёскі Дзятлавічы.

З дакладам “Дзятлавіцкі Нова-Пячэрскі Спаса-Праабражэнскі манастыр – аплот праваслаўя на Палессі” выступіў настаяцель Свята-Параскевінскага храма в. Бастынь протаіерэй Іаан Пятрэнка. Прайшло больш чым паўтара стагоддзяў ад закрыцця абіцелі, у свой час “багацейшай у Мінскай епархіі”, але бацюшка прыгадаў, што ў 1990-я гг., у пачатку пастырскага служэння, бачыў паўразбураную званіцу манастыра. На жаль, гістарычную святыню не збераглі ні час, ні людзі…

Настаўнік гісторыі Валянціна Боброўнік паведаміла аб дабрачынцы XIX стагоддзя. Графіня Ганна Арлова-Чэсменская (1785-1848) была адзначана ў

Сінодзіку Дзятлавіцкага манастыра за шчодрыя ахвяраванні. У агульнай складанасці, на розныя храмы і абіцелі, яна выдаткавала каля 25 мільёнаў рублёў!

Ведамасць маёмасці палесскай святыні за 1770 год апублікавана ў адным з нумароў часопіса “Праваслаўная Еўропа”. Яна ўтрымлівае сапраўдную сенсацыю для нашага краю – план Нова-Пячэрскага Спаса-Праабражэнскага Дзятлавіцкага манастыра. Знаёмству з дакументамі лунінчане абавязаны выкладчыку Мінскай духоўнай акадэміі і семінарыі протадыякану Паўлу Бубнову. Бясцэнная інфармацыя па гісторыі Дзятлавіч і Лунінца! Але ў той жа час вельмі важная – і для храма іконы Божай Маці “Взыскание погибших”, да прыходу якога належыць сельгаскаледж. З такім паведамленнем выступіла настаўнік беларускай мовы і літаратуры Людміла Каховіч. Сярод уладанняў манастыра ў будучым горадзе ўказана і некалькі ўчасткаў на Баханова! На тэрыторыі ўрочышча, што захавана ў назве адной з вуліц мікрараёна, і знаходзіцца “сіняя царква”, як кажуць у народзе.

Магчыма, гэтая інфармацыя адкрыта лунінчанам дзякуючы часціцы мошчаў прападобнага Нестара Летапісца, Пячэрскага, што маецца ў храме іконы Божай Маці “Взыскание погибших”? Вядома, што мошчы святога знаходзяцца ў Кіева-Пячэрскай Лаўры, і архіўныя матэрыялы – там жа, у Кіеве, у Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве Украіны…

Праграму сустрэчы правёў намеснік дырэктара каледжа Сяргей Бекеш. Малітоўна падзякаваўшы за арганізацыю чытанняў, сфатаграфавалися свяшчэннікі – сярод іх былі таксама настаяцелі прыходаў: іерэй Аляксандр Барысаў (храм Казанскай іконы Божай Маці в. Рэдзігерава), протаіерэй Сергій Чыж (Спаса-Праабражэнскі храм в. Язвінкі), протаіерэй Валерый Скрабец (Ражство-Багародзічны храм в. Лахва), протаіерэй Мікалай Вабішчэвіч (храм мучаніц Веры, Надезі, Любові і маці іх Сафіі в. Багданаўка) – з педагогамі і навучэнцамі.

Такім чынам, дадзены старт 400-годдзю дабрачынца сярэднявечча – можна назваць гэта самай важнай духоўнай датай года для лунінчан. На чытаннях захапляліся мудрасцю папярэдніх пакаленняў. Яны не толькі захавалі адданасць веры продкаў, але і ведалі, што з просьбай як для духоўных настаўленняў і вылячэння цялесных хвароб (у прыватнасці, гангрэны) трэба звяртацца з малітвай да прападобнага Антонія Вялікага. Гэта захворванне нават звязалі з яго імем. Але для нас, словазлучэнне “Антонаў агонь” будзе маяком, што выказаў святы: “Боголюбивый ум есть свет, осиявший душу, как солнце – тело”.

Таццяна Канапацкая. Фота Ніны Дамашэвіч.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть