Калі ў хаце шчасце і лад – будуць кветкі, усмешкі і сад!
Общество

Калі ў хаце шчасце і лад – будуць кветкі, усмешкі і сад!

мамаааммІх прыгожы двухпавярховы дом велічна ўзняўся над звычайнымі краявідамі вёскі Красная Воля. Побач – калгаснае поле і дарога на Міжлессе. Цікаўныя дзіцячыя вочы выглядваюць на вуліцу праз вокны, з якіх відаць далёка навокал. З роднай хаты яны пазнаюць вялікі свет, у якім потым, стаўшы дарослымі, ім давядзецца жыць, працаваць, ствараць свае асабістыя дасягненні і перажываць цяжкасці. А пакуль зімой – па снезе, а летам – па пяску, самая пратаптаная сцежка ад хаты вядзе да мясцовай школы. Тут усе браты і сёстры атрымліваюць веды і знаходзяць новых сяброў.
Калі ж кожны год уся школа збіраецца ехаць на аздараўленне ў санаторый, у хаце Галіны і Сяргея Юрцэвічаў адбываецца сапраўдны пераварот. Адразу сем сумак рыхтуецца ў дарогу. У іх абавязкова трэба пакласці неабходныя сшыткі і падручнікі, вопратку і абутак на цэлых тры тыдні. А яшчэ хочацца забраць любімыя рэчы. Яны ў кожную кладуцца свае, асаблівыя, бо гаспадары гэтых сумак таксама розныя па ўзросту і характарах. Аб’ядноўвае іх усіх агульны дом, бацькі і адчуванне абароненасці ў вялікай сям’і.
Малодшыя Юрцэвічы з аднолькавым дамашнім адрасам навучаюцца ў сямі розных классах: Ганна – выпускніца, праз некалькі тыдняў для яе празвініць апошні школьны званок і яна першай узнімецца на новую прыступку студэнцтва. З выбарам прафесіі дзяўчына канчаткова не вызначылася, але паступіць марыць абавязкова. Многае тут залежыць ад яе самой, як падрыхтуецца да тэстаў, бо ў матэрыяльным плане разлічваць давядзецца больш на свае сілы.
Таня вясной закончыць 10 класаў. У яе яшчэ будзе час падумаць пра далейшыя планы, а пакуль – звычайныя школьныя будні і святы, першыя радасці і расчараванні, якія сустракаюцца на шляху кожнай старшакласніцы.
Аляксандра вучыцца ў 9-ым. Наперадзе – першыя экзамены. Але праз такое выпрабаванне прайшлі старэйшыя сёстры, таму адчуваецца ўпэўненасць.
Чацвёртая Насця – 6-класніца. Здавалася б, і не вельмі вялікая розніца ў гадах са старэйшымі дзяўчатамі, але ў тых інтарэсы ўжо больш дарослыя. Адставаць ад сясцёр ёй не хочацца, таму вельмі цікава ведаць іх сардэчныя тайны, слухаць такія ж музычныя кампазіцыі і быць падобнай у знешнім выглядзе. А прыгожым голасам дзяўчынка ўжо цяпер радуе ўсіх знаёмых на канцэртах мастацкай сама-дзейнасці.
За сваю абароненасць жаночая палавіна сям’і можа не хвалявацца. Падрастаюць тры хлапчукі, якія заўсёды прыйдуць ім на дапамогу. Хай пакуль яны толькі мараць пра мужчынскую сілу і мужнасць, але загартаванасць і моцнае жаданне неўзабаве зробяць іх сапраўднымі целаахоўнікамі.
Арцём зараз у 7-ым класе. Нядаўна ездзіў на раённую алімпіяду па фізіцы. Яшчэ ён наведвае дадатковыя заняткі па працы. У руках падлетка атрымліваюцца прыгожыя рэчы, і гэта толькі пачатак раскрыцця яго здольнасцей.
Сяргей – у 4-ым. Хоць яму яшчэ доўга трэба ўзнімацца па прыступках краіны ведаў, але не за гарамі той час, калі ён зробіць першыя дасягненні. Будуць і ўзнагароды, бо вялікая дружная сям’я выхоўвае ў дзяцей пачуцце адказнасці, працавітасці і ўпэўненасці ў сваіх сілах.
Пеця – самы малодшы. Але другакласнік прывёз ужо з санаторыя “Колас” падзячную грамату за пад-трыманне чысціні ў пакоях. Ён лёгка запамінае вершы і імкнецца вучыцца толькі на добрыя ацэнкі.
З гульняў дзяцей больш захапляе валейбол. Дзяўчаты любяць спяваць, а дома – гатаваць незвычайныя стравы. Асабліва падабаецца печыва. Калі падатлівае цеста ператвараецца ў цудоўны торт ці пірог, гэта нікога не пакідае абыякавым. Такім смачным шэдэўрам можна адзначаць святы і дні нараджэння, пася-дзець за кубачкам кавы з сяброўкамі. Знаходзяць дзеці час і для хатніх спраў. Пакоі прыбраныя, жыўнасць дагледжана, а значыць бу-дзе лягчэй маме, якая імкнецца ўсюды паспець, каб у іх было ўсё неабходнае.
Галіна Пятроўна сама мясцовая. Тата – трактарыст, мама – даярка. У 19 год пасябравала з аднавяскоўцам Сяргеем, якога ведала з дзяцінства. Маладыя, вясёлыя, жыццярадасныя, яны тады хутка зразумелі, што ім прыемна быць разам. Сумавалі, калі даводзілася доўга не бачыцца. Неўзабаве вяселле стала кропкай адліку для іх сямейнага шчасця, у якім галоўнае – дзеці.
Спачатку было вельмі цяжка. Не мелі свайго жылля. Ночы без сну – першыя месяцы… першыя зубкі… першыя крокі… Але разуменне паміж сабой і падтрымка бацькоў дапамаглі пераадолець часовыя нягоды. Дзеці падраслі і стала лягчэй. Атрымалі льготны крэдыт на будаў-ніцтва дома. 1 мая будзе год, як яны дружна падня-ліся па прыступках свайго прасторнага жылля. Пасадзілі кветкі, але асноўнае ўпрыгожанне тэрыторыі яшчэ наперадзе, бо мараць выгадаваць вялікі сад. І гэта не толькі для свежых ягад і яблыкаў, а каб прыгожая квецень прыцягвала сваёй непаўторнасцю. Будуць тут і бярозы, як сімвал чысціні і аснова для шпачыных гнёздаў.
Сяргей Максімавіч працуе на трактары ў СВК “Міжлескае”. Заробкі не асабліва вялікія, але старанная праца і адказнасць дапамагаюць ствараць дабрабыт у сям’і. Добрым дадаткам да бю-джэту з’яўляецца падработка ў фермераў. Летам любімы занятак – хадзіць па чарніцы. Гэта і адпачынак у лесе ад шумнай паўсядзённасці, і нядрэнныя грошы на кішэнныя расходы.
Дзеці дружна дзеляць паміж сабой камп’ютар, без сварак глядзяць тэлевізар. Галоўнае, чаму вучыць сталенне ў мнагадзетнай сям’і – няма эгаізму і замкнутасці. Шчырасць, ветлівасць і добразычлівасць пануюць у хаце. І што здзіўляе асабліва, ніхто не скардзіцца на адсутнасць грошай ці якія іншыя цяжкасці. Хаця, упэўнена, праблем у іх намнога больш, чым у большасці знаёмых і суседзяў. Але мужна пераносіць маленькія нягоды яны вучацца ад братоў і сясцёр, каб не выглядаць слабымі і капрызнымі.
Красавіцкае сонца з усіх бакоў заглядвае ў вокны вясковай новабудоўлі, саграваючы не толькі цагляныя сцены, але і маленькія сэрцы яго шматлікіх насельнікаў. Пройдзе час, і дзетвара раз’едзецца атрымліваць неабходныя веды для будучай прафесіі, хлопцы пойдуць на ваенную службу. Звонкая музыка пакліча на іх вяселлі суседзяў і сяброў. Пачнуцца новыя старонкі ў жыцці юных Юрцэвічаў, а пакуль родны цёплы дом – гэта куточак дабрыні, радасці і светлых надзей, якімі поўняцца дзіцячыя думкі.
Няхай збудуцца іх мары, а бацькі адчуюць гонар і ўдзячнасць за сваю мужнасць і любоў да нашчадкаў. І той вялікі сад, які бу-дзе расці на роднай ся-дзібе, стане сведкам новых перамог і дасягненняў. Яго водар і смак спелых пладоў будзе клікаць да роднага парога, каб з блізкіх і далёкіх шляхоў дзеці з радасцю вярталіся дадому.

Няма ў хаце цішыні –
Тут смех і гоман дзень пры дні,
Абутку многа ля парога,
Бо ў кожнага – свая дарога.
Часцей за ўсё, яна да школы,
Дзе тлум даўно стаіць вясёлы,
А вечарамі – на падворку,
І гульні, і дзяўчат гаворка,
Іх мары светлыя, надзеі,
І часам, значныя падзеі
У думках мрояцца дзіцячых,
Ад крыўды тут ніхто не плача,
І маме скардзіцца не стане.
Яна ж, раней за ўсіх устане,
Сняданак цёплы прыгатуе,
І ласкі ім не пашкадуе –
На семярых хапае слоў,
У сэрцы – шчырая любоў!
Ёй паслухмянасцю аддзячаць,
Свой лёс – не хоча перайначыць…
У радасць – смех і тлум у хаце,
Сыноў, дачок шкадуе маці.
Па сілах будуць перашкоды,
Хай шчасце, радасць – назаўсёды
Сагрэюць іх прасторны дом,
А душы – поўняцца цяплом.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть