Общество

КАЛІ АБРЫВАЕЦЦА ЖЫЦЦЁ…

Дэмаграфiчная сiтуацыя ў раёне па-ранейшаму выклiкае трывогу. У 2008 годзе натуральны спад насельнiцтва склаў 93 чалавекі. У найбольш спрыяльным становiшчы знаходзяцца гарады Лунiнец, Мiкашэвiчы і Вулькаўскі сельсавет, дзе нараджальнасць перавышае смяротнасць. А вось у вёсках сітуацыя больш трывожная. Асаблiва неспрыяльная яна ў Лахвенскiм, Лунiнскiм i Бастынскім сельскiх Саветах. Адна справа, калi чалавек пакідае гэты свет па старасці, і зусім іншая – калi смерць наступае ў росквіце сіл. Аб гэтым разважае старшы следчы пракуратуры Віктар КОЛЧЫН:

– Летась у пракуратуру i Лунiнецкi РАУС паступiлi 515 заяў i паведамленняў аб смерцях людзей. Застаецца вялікай колькасць самазабойстваў. Найбольш распаўсюджаным спосабам развiтацца з жыццём з’яўляецца павешанне. За мiнулы год такім чынам пайшлі з жыцця 30 чалавек, 19 з iх перад гэтым прынялi ўнушальную дозу спiртнога. Менавіта злоўжыванне спіртным падштурхнула “залезцi ў пятлю” лунінчаніна, які незадоўга да гэтага разам з роднымі адзначаў сямейнае свята. 

Варта адзначыць, што гарэлка часта з’яўляецца прычынай няшчасных выпадкаў, якiя адбываюцца на вадаёмах. З 9 загiнуўшых 6 знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення. Жыхар Яжавок адпачываў разам двума знаёмымі на беразе мясцовага вадаёма. Пасля выпітай гарэлкі ён палез “асвяжыцца” ў ваду. Адсутнасць кампаньёна была заўважана пасля таго, як дзеці, што адпачывалі побач, сталі крычаць. Спробы самастойна дапамагчы таварышу не прынеслі выніку. Яго цела выцягнулі са дна вадаёма супрацоўнікі РАНС. Як паказала экспертыза, у крыві тапельца ўтрымліваўся этылавы спірт у канцэнтрацыі 3,3 праміле, што адпавядае моцнай ступені ап’янення.

На тэрыторыi раёна застаецца шмат вадаёмаў, кар’ераў, каналаў, у якiх небяспечна купацца. Адсутнасць забараняльных знакаў, недастатковая колькасць выратавальных пунктаў у месцах масавага адпачынку i iх слабая тэхнiчная аснашчальнасць вядуць да трагедый на вадзе.

Сумна канстатаваць, але і колькасць загiнуўшых пры пажарах летась павялічылася больш як у два разы: пажары абарвалi 15 жыццяў. Так, у кастрычніку мінулага года пры тушэнні дома ў Мокрава быў знойдзены труп гаспадара. Як высветлілася, прычынай смерці стала камбінаванае атручванне вокісам вугляроду і этылавым алкаголем. Увогуле 11 грамадзян, загiнуўшых у агнi, былi нецвярозымi.
Нягледзячы на вялiкi аб’ём прафiлактычнай работы супрацоўнiкамi РАУС, у дарожна-транспартных здарэннях загiнула таксама 15 чалавек. 

Трывожыць і той факт, што людзі ідуць з жыцця ў выніку траўм, атрыманых падчас вытворчага працэсу. Летась праводзіліся праверкі па 19 фактах вытворчага траўматызму, узбуджаны 2 крымінальныя справы, 1 матэрыял перададзены ў транспартную пракуратуру. У 9 выпадках працаўнікі атрымалі цяжкія траўмы, два чалавекі загінулі.

У мэтах выканання патрабаванняў Дырэктывы № 1, пракуратурай праведзена 8 праверак па выкананню заканадаўства, накіраванага на захаванне бяспекі аб’ектаў будаўніцтва, жыллёвай гаспадаркі і стану працоўнай дысцыпліны. Унесена 6 прадстаўленняў, вынесена столькі ж прадпісанняў, 13 асоб прыцягнуты да дасцыплінарнай адказнасці, 25 – да матэрыяльнай, 1 – да адміністрацыйнай. 

Амаль усе трагедыі звязаны са злоўжываннем спiртымi напiткамi. Гэта бяда, у якую трапляюць як маладыя людзi, так i пенсiянеры. Летась у вынiку алкагольнага атручвання памерлi 26 чалавек. На жаль, не заўсёды тыя, хто пакутуе ад алкагольнай залежнасці, атрымліваюць своечасовую кваліфікаваную медыцынскую дапамогу. Тут віна не толькі медыкаў, але і ўчастковых інспектараў міліцыі, і работнікаў сельвыканкамаў.

Увогуле, аналiзуючы статыстыку, трэба адзначыць, што многiх ахвяр можна было б пазбегнуць, каб людзi не былi абыякавымi да свайго здароўя, захоўвалi правiлы дарожнага руху, пажарнай бяспекi, купалiся толькi ў спецыяльна адведзеных месцах. Улiчваючы, што большая частка загiнуўшых пры розных здарэннях на момант смерцi былi п’янымi, можна толькі параіць: менш заглядайце ў чарку.


Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть