Общество

КАЛІ ВЕДАЦЬ, ДЗЕ ЎПАДЗЕШ…

Летась на прадпрыемствах і арганізацыях раёна зарэгістравана 18 няшчасных выпадкаў, у якіх пацярпела такая ж колькасць працаўнікоў, прычым 3 чалавекі загінулі, 9 атрымалі цяжкія цялесныя пакалечанні. На жаль, сумная статыстыка працягваецца і сёлета: на працоўных месцах загінулі два работнікі – на РУВП “Палессеэлектрамаш” і філіяле “НВК “Палессе” райспажыўтаварыства, адзін чалавек атрымаў цялесныя пакалечанні.

Аналізуючы сітуацыю і выкананне Дырэктывы Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь № 1 “Аб мерах па ўмацаванню грамадскай бяспекi i дысцыплiны” ад 11.03.2004 г., пракуратурай адзначана, што ў многiх арганiзацыях не звяртаюць увагi на элементарныя патрабаваннi тэхнiкi бяспекi, усталявалася нiзкая працоўная i выканаўчая дысцыплiна, не захоўваюцца тэхналагiчныя нормы вытворчасцi.

Па выніках праверак выдадзена 58 прадпісанняў, у якіх указана на 986 пунктаў парушэнняў, да наймальнікаў прыменены штрафныя санкцыі на суму 34,3 мільёна рублёў. У сувязі з неадпаведнасцю тэхнічным патрабаванням прыпынена работа 67 адзінак абсталявання.

Незадавальняючая абстаноўка ў пытаннях аховы працы склалася на РУВП “Спецжалезабетон” і ААТ “Лунінецлес”. За два апошнія гады на вытворчасці гэтых прадпрыемстваў траўміравана 14 чалавек. У лесанарыхтоўчым цэхе Мікашэвіцкага леспрамгаса пры выкарыстанні электрагазазварачнага трансфарматара прымяняліся самаробныя электратрымальнікі, сам трансфарматар не прайшоў выпрабаванне, манометры няспраўныя і іншае. Падобная сітуацыя назіралася амаль ва ўсіх суб’ектах гаспадарання аграпрамысловага комплексу, дзе праводзіліся праверкі.

Выяўлены парушэнні пры эксплуатацыі абсталявання і механізмаў. Так, у СВК “Велута” трактар “Беларус-1221” з прычэпленай цысцэрнай эксплуатаваўся без абараняльнай агароджы на карданным вале. У выніку трактарыст гаспадаркі быў зацягнуты ў рабочую зону вала, тым самым атрымаў цяжкае пакалечанне ў выглядзе ампутацыі нагі.

Не менш засмучаюць факты работ на няспраўных станках. Майстар цэха дрэваапрацоўкі Мікашэвіцкага леспрамгаса не ўпэўнілася ў тэхнічным стане станка ЦМЭ-3А на лініі па выпуску тарнай дошкі і дапусціла да работы станочніцу, якой пры выкананні прапілу былі ампуціраваны пальцы рук.

За дапушчаныя парушэнні заканадаўства аб ахове працы і тэхнікі бяспекі скасаваны кантракты з загадчыкам рамонтнай майстэрні СВК “Велута” і майстрам цэха дрэваапрацоўкі Мікашэвіцкага леспрамгаса.

Як ні сумна канстатаваць, але іншы раз транспартнымі сродкамі кіруюць асобы, пазбаўленыя гэтага права. Так, трактарыст СВК “Новае Палессе”, неаднаразова затрымліваемы нецвярозым падчас кіравання трактарам, працягваў працаваць у гаспадарцы на працягу некалькіх месяцаў, хаця фактычна не меў права на выкананне работы. Увогуле за мінулы год выяўлена 39 фактаў кіравання транспартнымі сродкамі вадзіцелямі сельгаскааператываў у стане алкагольнага ап’янення.

Па выніках праверак пракуратурай унесена 3 прадстаўленні, накіравана 6 прадпісанняў, 1 асоба афіцыйна папярэджана, 12 – прыцягнута да дысцыплінарнай адказнасці, 1 – да крымінальнай, 20 фізічных і 5 юрыдычных асоб – да матэрыяльнай.

Кожны павiнен памятаць, што правiлы працы i тэхнiкi бяспекi неабходна выконваць безумоўна. Iх парушэнне можа моцна ўдарыць “па кiшэнi” тых, хто вiнаваты, а няшчасныя выпадкi, якiя з-за гэтага здараюцца, – зрабiць чалавека iнвалiдам або наогул пазбавiць жыцця.

Сяргей НАСЕНЯ,
памочнік пракурора.


Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть