Калі жыццё напоўнена разуменнем, цеплынёй і ўвагай. Вераніка Антановіч з Багданаўкі (Лунінецкі раён)
МикашевичиНовости районаОбщество

Калі жыццё напоўнена разуменнем, цеплынёй і ўвагай. Вераніка Антановіч з Багданаўкі (Лунінецкі раён)

У наш хуткаплынны век людзі часта сутыкаюцца з абыякавасцю і чэрствасцю. І вельмі прыемна, калі атмасфера супрацьлеглая – жыццё чалавека напоўнена разуменнем, цеплынёй і ўвагай блізкіх. У такіх умовах вырасла Вераніка АНТАНОВІЧ з Багданаўкі.

Лёс прыгатаваў ёй шмат нялёгкіх выпрабаванняў, але адначасова з тым падарыў любячых бацькоў, спагадлівую сястрычку, клапатлівых бабуль, добразычлівых суседзяў і аднавяскоўцаў. А нядаўна кола яе знаёмых пашырылася – дзяўчына стала наведваць аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН у Лунінцы, дзе ёй пашанцавала знайсці новых сяброў і адчуць клопат спецыялістаў, гатовых у любы момант падтрымаць і дапамагчы.

Вераніка нарадзілася 20 год таму ў дружнай сям’і, дзе ўжо выхоўвалася старэйшая Таня. Мама і тата ўсе сілы аддавалі юным прыгажунькам, ахутвалі пяшчотай, хваляваліся, калі хто захварэе. Ды радасць нечакана азмрочылася. Паступова сталі заўважаць, што малодшая адстае ў развіцці ад сваіх равеснікаў. Медыкі іх падазрэнні пацвердзілі, назначылі лячэнне. Але яно не дапамагала, праблем не меншала. Пасля шматлікіх даследаванняў стала зразумела, што да поўнага выздараўлення вельмі далёка…

Школьны перыяд быў складаным, дзіця з цяжкасцю асвойвала праграму для свайго ўзросту. Толькі дзякуючы згуртаванаму калектыву мясцовай навучальнай установы і стараннасці бацькоў атрымалася даць дзяўчынцы элементарныя веды. Яна захапілася чытаннем, кнігі сталі добрымі і надзейнымі таварышамі.

Вераніка па характары добрая і спагадлівая, хоча дапамагаць іншым. Яна маўклівая, занадта спакойная і замкнутая ў сабе. На пытанні адказвае коратка, сама задае іх рэдка. Але ў яе заўсёды была любоў да музыкі, спеваў, танцаў і рукадзелля. Таму з прыходам у аддзяленне ажыццявіліся многія дзявочыя мары. Для наведвальнікаў спецыялісты арганізоўваюць канцэрты і розныя пазнавальныя мерапрыемствы, функцыянуе шмат гурткоў па інтарэсах.

Жаданне спасцігаць усё новае стымулюе пераадольваць бытавыя цяжкасці. Амаль кожную раніцу Вераніка дабіраецца ў Лунінец на рэйсавым аўтобусе. Спецыялісты цэнтра сустракаюць на гарадскім вакзале, каб магла зарыентавацца ў навакольнай мітусні. Літаральна праз некалькі хвілін трапляе ў прыемную атмасферу, створаную тут для людзей з няпростымі лёсамі. Ёсць магчымасць адчуваць сябе ўтульна, па-дамашняму, займацца тым, да чаго ляжыць душа: ляпіць, выразаць, шыць. Асабліва падабаецца маляваць. У захаплення бязмежныя магчымасці, разгул для юначай фантазіі. Усе пачынанні тут падтрымліваюць, даюць карысныя парады. У калектыве ўсе роўныя, няма зайздрасці, крыўды, сумненняў.

Мама і тата Веранікі – работнікі мясцовага лясніцтва: Таццяна Леанідаўна – бухгалтар, Уладзімір Аляксеевіч працуе на лесапагрузачнай машыне. Да выхавання дзяўчынкі з асаблівасцямі развіцця яны адносяцца з адказнасцю, імкнуцца даць максімум увагі, стварыць належныя ўмовы, дораць ёй бязмежную любоў і шчырасць сваіх пачуццяў:

– Мы прымаем дачушку такой, якая яна ёсць. Калі Бог паслаў нам гэта выпрабаванне, трэба яго вытрымаць. Найперш навучаем самастойнасці. Каб пры неабходнасці яна змагла абысціся без старонняй падтрымкі хоць невялікі тэрмін. Хочам выказаць словы ўдзячнасці калектыву Багданаўскай СШ – неабыякавыя да чужой бяды людзі дапамагалі пераадольваць праблемы ў перыяд навучання Веранікі.

Ад дзяўчыны з мілай усмешкай на вуснах вее цяплом і дабрынёй. Яна паказвае сшытак, дзе роўным почыркам запісвае тое, што найбольш цікавіць і хвалюе. Вельмі любіць падарожжы. Аддаючыся ўладзе хуткасці на звычайнай дарозе, ёй не хапае часу думаць пра сваю жыццёвую, на якой пастаянна сустракаюцца горыч і выпрабаванні. Шчыра верым, што ў далейшым самаадчуванне Веранікі палепшыцца, сумны адбітак у вачах зменіцца на шчаслівы, а на яе шляху будзе больш прычын для радасці.

Марыя Яраховіч



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть