Каляда – госця жаданая
Общество

Каляда – госця жаданая

колядкиЗ года ў год папулярнасць Старога Новага года расце. Людзі пачалі ставіцца да яго як да самастойнага свята, якое працягвае хараство казачных вечароў. Як і ў даўнія часы, дзеці і дарослыя чакаюць з нецярпеннем заходу сонца, калі можна пабегаць па дамах суседзяў, сяброў, родных ці проста незнаёмых людзей за пачастункамі. А яшчэ Калядкі традыцыйна адзначаюцца масавымі гуляннямі і разнастайнымі забавамі.

Пазаўчора пляцоўка каля Вялуцкага Дома культуры напоўнілася дарослымі і дзецьмі, якія прыйшлі сустрэцца з сябрамі і знаёмымі і стаць гледачамі тэатралізаванага прадстаўлення “Прыйшлі святкі, прыйшлі калядкі”, якое падрыхтавалі работнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.
Упэўнены, яно пакінула ў сэрцах гледачоў самыя шчырыя і цёплыя пачуцці, нягледзячы на першы студзеньскі марозец. Атмасферу свята пазітыўнымі эмоцыямі напоўнілі добрыя песні ў выкананні фальклорнага калектыва “Крынічанька” Лунінецкага ГДК і народнага хору Дварэцкага ЦСДК.
На дварэ быў ужо прыцемак. Але дзетвара, што прыйшла з татамі і мамамі, дзядулямі і бабулямі, весялілася. Адпачывалі за размовамі і ў танцах старэйшыя вяскоўцы. А да сельскага дома культуры падцягваліся маладыя хлопцы і дзяўчаты, пераапранутыя ў касцюмы казачных герояў-калядоўшчыкаў.
Прыемна, што жывуць народныя традыцыі і ёсць добрая магчымасць падарыць сабе і іншым радасць.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть