Общество

Камунальны юбілей

IMG_6406Работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі ўрачыста адзначылі 75-годдзе стварэння прадпрыемства.

Для амаль 600 членаў калектыву, раздробленага ў паўсядзённым жыцці па асобных участках, свята стала рэдкай нагодай, каб сабрацца разам. Утульная зала клуба чыгуначнікаў, дзе праходзіла мерапрыемства, паступова запаўнялася “юбілярамі”. Па-святочнаму апранутыя жанчыны загадзя займалі свае месцы, тады як мужчыны ў большасці сваёй не спяшаліся. Падзяліўшыся на асобныя групкі, яны працягвалі нетаропкія гутаркі на вуліцы і ў фае клуба, пакуль не загучала музыка, і на сцэну выйшлі юныя выхаванцы Святланы Галка. Менавіта іх рытмічны танец абвясціў аб пачатку мерапрыемства.

Самыя шчырыя словы ўдзячнасці за цяпло, утульнасць і прыгажосць, якія штодзённай працай ствараюць сённяшнія работнікі, а ў свой час і ветэраны вытворчасці, выказаў прысутным кіраўнік раёна Васіль Агіевіч. “Дзякуючы вашым старанням пастаянна прыгажэюць нашы гарады і вёскі. Сваёй працай вы не толькі дорыце людзям утульнасць і камфорт, але і ўмацоўваеце эканоміку раёна. Жыхары Лунінеччыны разумеюць усю складанасць вашай працы і ўдзячны за гэта”. Павіншаваўшы прысутных, Васіль Міхайлавіч уручыў Ганаровыя граматы і Падзячныя пісьмы ад райвыканкама і райсавета дэпутатаў найбольш заслужаным работнікам галіны. А такіх, як паказала далейшая праграма, на прадпрыемстве не адзін дзясятак. Крыху пазней на сцэну за атрыманнем узнагарод узнімаліся прадстаўнікі шматлікіх падраздзяленняў: транспартнікі, сантэхнікі, азеляніцелі, прыбіральшчыкі… Уручалі іх намеснік старшыні райвыканкама Руслан Хоміч, дырэктар ЖКГ Георгій Шпакоўскі, яго намеснік Аляксандр Чарнавокі, старшыня прафкама Ангеліна Селюжыцкая…

Павіншаваць калег прыехаў былы дырэктар ЖКГ, а сёння намеснік старшыні Баранавіцкага райвыканкама Аляксандр Грыцкевіч. Уручыла падарункі старшыня раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” Людміла Казадаева. Падзяліць радасць сваіх калег прыбылі таксама прадстаўнікі “Водаканала” і Мікашэвіцкай ЖКГ. Выступленні суправаджаліся музычнымі нумарамі, якія з задавальненнем дарылі прысутным артысты клуба чыгуначнікаў, ГДК і юныя танцоры.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть