Общество
КЛУБ У ЛЮБАНІ АДКРЫТЫ!
Напярэдадні 65-ай гадавіны Вялікай Перамогі ў Любані ўрачыста адкрылі Дом культуры. Пабудаваны амаль што першым на Лунінеччыне і на доўгія гады пакінуты без належнай увагі, ён настолькі “знасіўся”, што спатрэбілася 700 мільёнаў рублёў дзяржаўных сродкаў, каб аднавіць разбуранае.
Літаральна за лічаныя хвіліны да пачатку ўрачыстасці ля высокага парога, вядучага ў храм культуры, сабралася шмат вяскоўцаў. Яно і не дзіўна – засумавалі людзі без духоўнага жыцця. Намеснік старшыні райвыканкама Віктар Рафаловіч і загадчыца аддзела культуры Ганна Баецкая разрэзалі сімвалічную чырвоную стужку.
Мінаваўшы прасторнае фае, трапілі ў танцавальную залу, дзе была разгорнута выстава народнай творчасці. Прыцягнулі ўвагу работы з бісера і вышыванкі. Аднак, найбольш цікавай для ўсіх аказалася ўрачыста-канцэртная праграма. Бурныя апладысменты суправаджалі кожнае выступленне салістаў і мастацкіх калектываў ГДК, якія дарылі ім сваю творчасць. Закончылася праграма феерверкам, пасля якога пакідаць памяшканне людзі не спяшаліся. Многія з іх працягнулі “экскурсію” па адноўленых будаўнікамі пакоях (дзе,трэба спадзявацца, зусім хутка пачнуць работу шматлікія гурткі па інтарэсах), дзівіліся падбору фарбаў на сценах і столі, адзначалі пакуль яшчэ сціплае ўбранне памяшканняў…
Міжволі спыніла погляд на мармуровых дошках, прымацаваных да сцяны пры ўваходзе ў будынак, з якіх узіралі былы старшыня калгаса Герой Сацыялістычнай Працы Уладзімір Сцепчанка і вядомы беларускі пісьменнік Андрэй Макаёнак. Менавіта яны ў свой час унеслі неацэнны ўклад у развіццё культуры ў Любані. Уладзімір Апанасавіч гаспадарчым спосабам узвёў сённяшні будынак, а Андрэй Ягоравіч сваёй творчасцю прывіваў вяскоўцам любоў да літаратуры і мастацтва. Чаго толькі варта яго п’еса “Таблетка пад язык” (прататым галоўнага героя якой стаў яго сябар – У.А. Сцепчанка), сыграная прафесійнымі артыстамі ў свой час і на любанскай сцэне… Цяпер у іх позірках не адчуваўся той горкі дакор, з якім суправаджалі яны кожнага, хто праходзіў міма “паміраючага” будынка. Наадварот, іх вочы, як і ўсіх вяскоўцаў, свяціліся надзеяй, што дзякуючы дзяржаўнай Праграме адраджэння і развіцця вёскі паўнацэннае жыццё ў Дом культуры, абавязкова здолеюць удыхнуць, працуючыя тут работнікі!
Галіна КУЧЭЙКА.