Коціцца жыццёвая дарога ў залатую восеньскую даль…
Общество

Коціцца жыццёвая дарога ў залатую восеньскую даль…

РаковичиЦіхая вясковая вуліца патанае у кветках і зеляніне. На слівах і яблынях наліваюцца плады будучага ураджаю, сонца шчодра сагравае падворкі гарачымі промнямі. Абапал дарогі роўнай стужкай цягнуцца пабудовы, кожная з якіх хавае цяпло ад няспешнага побыту сваіх гаспадароў.

У адной з такіх хат у маляўнічым куточку Краснай Волі сустракаюць жыццёвую восень Кацярына і Аляксандр РАКОВІЧЫ. Нягледзячы на ўзрост, які перасягнуў 70-гадовую мяжу, муж і жонка старанна спраўляюцца з няхітрымі штодзённымі клопатамі. Трымаюць жыўнасць, бо кожны селянін адчувае сябе сіратліва, калі на двары цішыня. І намнога ўтульней становіцца, як ад бразгання клямкі ў дзвярах адгукнецца ржаннем конь ці забрэша сабака. Толькі летась прадалі карову, у астатніх абавязках не адстаюць ад маладзейшых суседзяў.

Народжаны ў час акуп-цыі, Аляксандр Іванавіч не памятае разрыву бомбаў і снарадаў. Але ў дзіцячым усведамленні добра захаваліся цяжкасці пасляваеннага існавання, калі даймалі хваробы, не хапала ежы, вымотвала нялёгкая праца. Жылі на хутары за 3 кіламетры ад вёскі, усіх дзяцей было сямёра. Хлопец навучаўся ў мясцовай школе, пасільна дапамагаў дарослым. Свавольства з сякерай прывяло да цяжкай траўмы пальцаў рукі. Пасля доўгага лячэння яны прыжыліся, але страціліся многія функцыі. Праблема не дазволіла юнаку прайсці вайсковую службу і ўладкавацца на работу, дзе патрабавалася б вялікая дакладнасць.

Але не ў правілах моладзі таго пакалення сядзець без работы. Яшчэ з 16 год Аляксандр стаў паштальёнам. Праз некаторы час атрымаў невялікі вопыт, і яго перавялі ў суседнюю Вульку 2 начальнікам аддзялення сувязі. Не было тэлефонаў, таму любыя радасныя і сумныя весткі людзям прыносіла пошта. Даводзілася ў любое надвор’е дабірацца да аддаленых хутароў, каб навіны не спазняліся да сваіх адрасатаў. Нават цяпер, праз 50 год, былы сувязіст памятае ўсе сцежкі і прозвішчы.

Моцна замінала ў рабоце аддаленасць ад дому, таму пазней перайшоў у мясцовы калгас інспектарам па кадрах. Там жа прапанавалі паспрабаваць сябе ў якасці касіра, а ў больш сталым узросце ўзначаліў склад гаруча-змазачных матэрыялаў.

Перамены месца работы не знаёмы Кацярыне Аляксандраўне. Яе працоўная біяграфія пачалася ў 15 год. Родам дзяўчына з Барсукова, сёмая, самая малодшая сярод братоў і сясцёр. Бацька не вярнуўся з Нямеччыны, куды быў вывезены ў час вайны. Там яго забралі ў лазарэт з хваробай ног, і больш родныя не атрымалі ніякіх вестак. Мама сама паднімала дзяцей. Быў вялікі хутар, але не хапала сілы яго дагледзець. Каня прасілі ў суседзяў, потым адпрацоўвалі за яго ўручную. Брат ледзь даставаў да плуга, але барозны атрымліваліся роўныя. Недахоп ежы кампенсавала багацце лясоў, дзе збіралі грыбы і ягады.

Пасля сямігодкі Каця не ведала куды пайсці. Дачулася, што ў Краснай Волі нядаўна адкрылася бальніца, туды патрабаваліся санітаркі. Пайшла ўладкоўвацца, але там адразу засумняваліся ва ўзросце невысокай хударлявай дзяўчынкі. Метрыкаў на той час у яе не было, таму цьмяна адказала, што не ведае дату свайго нараджэння. Сказалі ехаць у райцэнтр і навесці парадак з дакументамі. Пакуль атрымала паўторнае пасведчанне, паспела прайсці невялікі інструктаж і толькі-толькі прыступіць да абавязкаў.

Тады кіраўніцтва бальніцы пайшло на парушэнні, але дазволіла непаўналетняй уладкавацца на работу. Галоўны ўрач бачыў, з якім жаданнем яна выконвала абавязкі і ніколі не мела нараканняў. Тое амаль дзіцячае рашэнне працаваць потым вылілася ў 45 год бесперапыннага стажу на адным месцы. Хаця ніколі не было лёгка. Даводзілася самім цягаць дровы і прапальваць грубкі. Ледзяную ваду насілі з калодзежа па слізкай сцежцы, летам даймалі мухі і камары. Хворых было многа, кожнаму патрабавалася ўвага. Здараліся экстранныя выпадкі, калі ад правільных дзеянняў медперсаналу залежала чалавечае жыццё.

Кацярына і Аляксандр сустрэліся ў бальніцы. Яна была на дзяжурстве, ён прыносіў сюды пісьмы і газеты. Цяпер мужчына смяецца, што калі першы раз убачыў, то падумаў, адкуль гэтае дзіця ўзялося. Але з кожным разам глядзеў на “малалетку” ўсё з большым захапленнем. Дзяўчына спачатку аднеслася стрымана да яго ўвагі, але паступова юнае сэрца адгукнулася. Сябравалі да яе паўналецця, потым у маі 1962-га адгулялі вяселле.

Жылі разам з яго бацькамі, паступова нарыхтоўвалі матэрыялы для новага дома. Узвялі драўляны зруб, які ўжо гатовым перавезлі ў вёску, на цяперашнюю сядзібу. Нарадзілася 4 дзяцей, усім здолелі даць вышэйшую адукацыю. На працягу 18 год нехта з іх, адзін ці некалькі адразу, былі студэнтамі. Патрабаваліся падтрымка і дапамога, але дарослыя разумелі, што гэтыя цяжкасці часовыя. Пройдзе час, і жыццё ўсё разложыць па сваіх паліцах.

Цяпер старэйшы сын Аляксандр працуе інжынерам-механікам у Слуцкім раёне. Дарэчы, нарадзіўся ён 9 мая, на Дзень Перамогі. Дачка Ала асталявалася на Пружаншчыне, бухгалтар. Прысвяцілі сябе медыцынскай справе два малодшыя сыны Анатоль і Міхаіл. Яны добра вядомы на Лунінеччыне як урач-інфекцыяніст і хірург-траўматолаг. Кацярына Аляксандраўна пачала дынастыю медработнікаў з малодшага звяна, і вельмі рада, што па шляху выратавання людзей пайшлі яе дзеці.

Прытрымліваюцца гэтага добрага прыкладу і ўнукі — двое з іх, нашчадкі старэйшых сына і дачкі, ужо атрымалі дыпломы медыкаў.

Зберагаючы ў сэрцах любоў да роднай зямлі, малодшыя часта прыязджаюць у аддаленую вёску, дапамагаюць старым у няхітрых клопатах. Возьмуць у рукі касу ці плуг, навядуць парадак у хаце. А калі ўсе справы зроблены, так прыемна сесці разам за вялікім сталом і згадаць мінулае. Бо якіх бы вы-шынь не дасягнуў кожны з нас, ніколі не забудзецца тое дзіцячае хваляванне перад невядомасцю, юначыя дрыжыкі перад першымі экзаменамі, прыемная перадвясельная мітусня.

А за ўсім гэтым стаяць ўсхваляваныя позіркі бацькоў, якія ненавязліва, ледзь заўважна, выводзяць кожнага з нас на шырокую жыццёвую дарогу. І ў падзяку за гэта не просяць нічога ўзамен, а толькі шчыра радуюцца дасягненням іперамогам.

Марыя ЯРАХОВІЧ



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть