Общество

КРАСА І СІЛА старажытнай вёскі

Што стварае адчуванне свята? Настрой удзельнікаў любога мерапрыемства. Аб прыўзнятасці пачуццяў жыхароў Велуты, якія ўпершыню адзначалі свята вёскі, сведчыла прыцягненне да мясцовай урачыстасці ўвагі шматлікіх гасцей.

Без выстаўлення адзнакі выдатна ацаніў падзею дырэктар прадпрыемства меліярацыйных сістэм В.А. Клімовіч. Уручыўшы падарунак ветэрану ПМС Кацярыне Сяргееўне Максімчык і падзякаваўшы за працу цяперашнім работнікам, Віктар Аляксеевіч далучыўся да самадзейнага артыста на сцэне, каб выканаць папулярную “Галіну”. Загадчыца мясцовага СДК Галіна Зылевіч з радасцю разам з другой вядучай – Вольгай Бірыла – называла прозвішчы аднавяскоўцаў, якія ўдастоіліся гонару ўшанавання. Яго працягнуў старшыня СВК “Велута” Сяргей Наварыч, узнагародзіўшы дзесяць ветэранаў калгаснай вытворчасці і цяперашніх перадавікоў вытворчасці.

Кіраўнік Бастынскага сельвыканкама Фёдар Рашэцкі адзначыў сувенірамі мнагадзетную працавітую сям’ю Анатоля Клімчука, самую маленькую жыхарку – Дар’ю Арэхва, імяніннікаў 31 ліпеня, ураджэнку Велуты Тамару Соц, якая занатоўвала фотаімгненні свята. Памятныя падарункі былі падрыхтаваны і раённымі службамі: старажылу, 98-гадовай Даміне Хлуд, і адзінаму з ветэранаў вайны вёскі, Міхаілу Клімчуку, – раённай арганізацыяй Чырвонага Крыжу; гаспадыні лепшай сядзібы Марыне Ільючык – аддзелам па справах моладзі; дзіцячаму садку “Купалінка” – аддзелам адукацыі. Аматары творчасці вясковай дашкольнай установы аформілі выставы рукатворных вырабаў. Шчырымі апладысментамі вітала грамадскасць ветэрана-настаўніка І.А. Панасюка, які раней навучаў тут школьнікаў, а цяпер зрабіў падарунак Велуце, выдаўшы аднайменную кнігу. Прыняўшы падзяку мясцовай улады, Іван Аляксеевіч паведаміў аб зборы матэрыялаў для другога выдання.

Велута, якая два гады таму набыла статус аграгарадка, сёлета налічвае 425 двароў. Тут пражываюць каля 1180 вяскоўцаў, сярод якіх пераважаюць жыхары працаздольнага ўзросту. Прыкладна аднолькава – па 280 чалавек – пенсіянераў і моладзі. Гэта адлюстроўвалася і ў глядзельнай зале СДК. Бабулі і дзядулі, вяскоўцы паважанага ўзросту сядзелі на крэслах, сціпла вітаючы выступаючых. Удвая большая колькасць людзей стаялі ўздоўж сцен. Юнакі і дзяўчаты падпявалі і падтанцоўвалі ўдзельнікам канцэрту, які падрыхтаваў раённы аддзел культуры. Асаблівае замілаванне выклікалі маленькія дзеці. Для іх шчодра набывалі бацькі цацкі ў гандлёвых кропках і ласункі – у філіяле “Грамадскае харчаванне”, што раскінуліся каля СДК. Разняволеныя хлопчыкі і дзяўчынкі запаўнялі ўсю прастору перад сцэнай.

Спадзяемся, праз пэўны час колькасць малышоў павялічыцца дзеткамі маладажонаў Вольгі Наварыч і Аляксандра Каховіча, якіх у гэты дзень з вяселлем віншавала ўся вёска. “Горка!” – гучала над наваколлем. І ад гэтага станавілася соладка на душы, таму што ўяўна бачылася будучыня вёскі. Яе стварылі “волаты”, даўшы назву паселішчу. На працу іх натхняюць прыгажуні, уразіўшыя на сцэне мастацкімі здольнасцямі. Няхай краса і сіла Велуты спрыяюць вёсцы, летапіснае прыгадванне якой вядзецца з XVI стагоддзя.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть