Кроплі духмянага мёду
Общество

Кроплі духмянага мёду

Яроховичи Вулька 2Здараюцца выпадкі, калі ўдалы падарунак становіцца штуршком на добры пачын, дапамагае захапленню ператварыцца ў справу ўсяго жыцця. Ці здагадваўся некалі, цяпер ужо нябожчык дзядзька Рыгор, дорачы пляменніку на вяселле пчаліную сям’ю, што міне больш як чатыры дзесяцігоддзі, а ў вуллях будзе кіпець жыццё, адорваючы гаспадароў і іх нашчадкаў салодкім мёдам…

Гэта прыгожая гісторыя з юнацтва з адбіткам цеплыні і рамантыкі дапамагае пераадольваць цяжкасці яе героям Ніне і Анатолю ЯРАХОВІЧАМ з Вулькі 2. Пачынаючыся светлай старонкай, іх жыццё не было бесклапотным, бо давялося ў ім прайсці праз самае горкае і балючае…

Анатоль вырас у вёсцы, на самай яе ўскраіне, па суседству з лесам і рэчкай. У 22 гады сэрцам хлопца завалодала зусім юная 15-га-довая мясцовая прыгажуня Ніна. Маладыя вырашылі не чакаць паўналецця нявесты. Адгулялі вясковае шумнае вяселле на кастрычніцкія святы і сталі жыць разам.

Ім пашанцавала насіць адно прозвішча, бо яно вельмі распаўсюджана ў гэтай мясцовасці. Таму нараджэнне першынца Анатоля не даставіла лішніх клопатаў з паперамі — малога зарэгістравалі раней, чым свой шлюб. Аформілі адносіны толькі з нараджэннем другога дзіцяці — Вячаслава. Неўзабаве сям’я папоўнілася трэцім хлопчыкам — Андрэем.

Аддаючыся штодзённай рабоце дома і ў калгасе, не заўважалі, як імкліва праносіцца час. Анатоль Якімавіч усё жыццё працаваў трактарыстам, на сезон жніва 10 год запар садзіўся за штурвал камбайна. Цэлы стос грамат і поўная скрынка медалёў за стараннасць і доблесць нагадваюць пра мітуслівую і нялёгкую маладосць. Шмат увагі ўдзяляў абавязкам дэпутата, якім землякі выбіралі пастаянна. У калектыве заўсёды паважалі і прыслухоўваліся да яго пункту погляду.

У трактары не было кандыцыянераў, на няроўнай дарозе трэсла так, што выпадковаму пасажыру ўседзець было немагчыма. А ён не ўяўляў сабе іншай справы, ад цямна да цямна знаходзячыся ў пыльнай кабіне. Тэхніка часта ламалася, патрабуючы рамонту. Рукі прызвычаіліся трымаць цяжкія прылады, не баяўся работы на марозе ці ў спякоту. Аднекуль браўся час на догляд за пчоламі, якіх станавілася ўсё больш. Удваіх з жонкай часта лавілі ў лесе рой, разам завіхаліся каля вулляў. Ніна Андрэеўна працавала на жывёлагадоўчай ферме. Яшчэ на жаночых плячах былі догляд за дзецьмі, хатняя гаспадарка і агарод.

Яны былі шчаслівымі, нягледзячы на занятасць. Асабліва, калі дзеці ажаніліся і парадавалі ўнукамі. Ды бяда прыходзіць зусім нечакана. Восеньскай чорнай раніцай 8 год таму малодшага сына знайшлі нежывым. Тады імгненна згасла святло для бедных бацькоў. Сіратой засталася маленькая Віка, удавой — нявестка Марыя.

Жыццё ператварылася ў пакутлівае існаванне. З фотаздымкаў усміхаўся прыгожы юнак, нібы заклікаючы родных не аплакваць яго страту. Ды змірыцца з ёй было немагчыма. Агульная бяда ўсіх аб’яднала, падтрымка блізкіх і знаёмых адчувалася пастаянна. Але дапамагчы змог толькі час, які хоць часткова, усё ж здольны залечваць глыбокія раны.

Падкошанае горам здароўе паправіць не так проста. Сёлета Анатоль Якімавіч перанёс цяжкую аперацыю на сэрца. Імкнецца не паказваць, што яму няпроста. На пенсіі пабольшала вольнага часу, які аддае любімаму захапленню — пчолам. Шмат вулляў размясціў у двары, ёсць і аддаленая пасека. Атрыманнем мёду займаліся яго продкі.

Любіць паляванне, якім таксама займаецца з маладосці. Здараецца, шанцуе на добрую дзічыну. Прыходзіць той доўгачаканы момант, калі ў кішэні — дазвол, у руках — зброя, надзейныя сябры — побач. І пад штурханнем азарту пачынаецца хадзьба на бясконцыя кіламетры па ледзь прыкметнаму следу.

Ніна Андрэеўна даўно скардзіцца на праблемы з нагамі. Быў перыяд, калі наогул не магла хадзіць. Крыху палягчэла пасля складанай аперацыі. Але дактары папярэдзілі, што любы няўдала зроблены крок ці падзенне могуць прывесці да нежаданых наступстваў. Ды сядзець, склаўшы рукі, жанчына не можа. Гадуе многа хатняй птушкі. Падворак усё лета патанае ў кветках. Нягледзячы на спякоту, яны радуюць вока рознакаляровым дываном, дапамагаючы гаспадыні ў паўсядзённых клопатах менш думаць пра балючае. Яна шукае новыя сарты, абменьваецца цікавай інфармацыяй з аднадумцамі.

Жыццё не стаіць на месцы і ў ім ёсць куточак для радасці, нядаўна выйшла замуж старэйшая ўнучка Караліна. Меншыя Даша, Андрэй і Віка ходзяць у школу, часта дзеляцца з бабуляй і дзядулем сваімі навінамі. У кожнага з іх ёсць цікавыя захапленні, асабліва сярод летняй бесклапотнасці.

Сорак трэці год Ніна і Анатоль Яраховічы крочаць па жыцці разам. Свой дом пабудавалі таксама на ўскрайку вёскі, побач з хаткай, дзе жыла іх маці і свякроў Марыя Іванаўна. Яе аднавяскоўцы памятаюць, як доўгажыхарку — нябожчыца памерла ва ўзросце 97 год. Не хварэла, хадзіла да апошняга. Даўно нікому не ўдавалася дасягнуць такой значнай даты ў жыццёвым адліку.

Побач раскінулася рачулка, з другога боку, каля падворка, узнімаюцца сосны. Яны так імкліва ідуць у рост, выклікаючы шчымлівае шкадаванне ад хуткаплыннасці часу. Але пакуль клумбы радуюць кветкамі, у якія тыкаюцца носікамі гуллівыя пчолы, ёсць дзеля чаго спяшацца раніцай з хаты. Каб наталіцца прыемным пахам, паназіраць за пераменамі ў рознакаляровым царстве. Ці паглядзець, як руплівыя працаўніцы носяць у вулей гаючы нектар, які ператворыцца ў кроплі духмянага мёду.

Марыя Яраховіч



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть