Крыж лёсу на вуліцы Партызанская
Общество

Крыж лёсу на вуліцы Партызанская

мелесница1 кастрычніка адзначана 70-ая гадавіна трагедыі Мелясніцы.

Штогод у гэты дзень да сціплага абеліска, што ўзведзены ў пачатку вёскі, збіраюцца людзі. Сёння тут у 16-ці дварах зарэгістраваны 29 жыхароў. Цяжка паверыць, што да вайны ў 78 гаспадарках вёскі пражывалі амаль 400 чалавек. 1 кастрычніка 1943-га вёску спалілі. Загінуў кожны другі жыхар…

Ахвяры фашызму пайменна пералічаны на чорнай мармуровай пліце помніка. Ліцію ў памяць загінуўшых адслужыў настаяцель храма Новапакутнікаў і Спаведнікаў Беларускіх в. Красная Воля іерэй Алексій Ільючык. Старшыня Лунінскага сельвыканкама Аляксандр Якавец аб’явіў хвіліну маўчання. Затым разам са старастай вёскі Аленай Свібовіч усклалі вянок да абеліска.

Як і заўсёды, першай да помніка прыйшла Надзея Паўлюкавец. Уладкавалася на табурэтачцы і чакала грамадскасць. У час трагедыі загінула першая жонка і трое дзяцей яе мужа. Максіму Сямёнавічу пашчасціла выратавацца і стварыць новую сям’ю. Лёс шмат выпрабоўваў вяскоўцаў і ў мірным жыцці. Але сёлета Надзея Яфімаўна (дарэчы, 7 студзеня, у свята Нараджэння Хрыстова) адзначыла 90-годдзе. Аб маме клапоцяцца дачка Ніна Даўгун, якая жыве ў Мелясніцы, і сын Міхаіл – лунінчанін.

Юбілярку павіншавала дырэктар раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Тамара Патурай. Яшчэ большы ўзрост мае Пелагея Бушыла, якую наведалі на даму. Састарэлая жанчына захавала выдатную памяць. І хаця падводзіць зрок, яшчэ сама топіць грубку, гатуе ежу і прыбірае пакой, упрыгожаны самаробнымі дыванкамі. Прынесці дровы і ваду, а таксама ў іншых гаспадарчых патрэбах Пелагеі Пятроўне дапамагаюць сацыяльны работнік і добрая суседка.

Мелясніцу лічыць “падшэфнай” вёскай Таварыства Чырвонага Крыжа. Старшыня раённай арганізацыі Таццяна Кацуба ўжо восьмы год удзельнічае ў памятных мерапрыемствах. Яна пажадала жыхарам добрага здароўя і ўручыла харчовыя наборы ўсім пажылым вяскоўцам. Людзі шчыра дзякавалі за ўвагу, а таксама ўдакладнялі ў кіраўніка мясцовай улады хвалюючыя пытанні, прасілі ў бацюшкі благаславення на ўстаноўку паклоннага крыжа…

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть