КВІТНЕЙ, ЗЯМЛЯ! ГАДЫ ВАЙНЫ МІНУЛІ!
Общество

КВІТНЕЙ, ЗЯМЛЯ! ГАДЫ ВАЙНЫ МІНУЛІ!

Шчаслівымі ўсмешкамі вітаем ветэранаў Вялікай Айчыннай, удзячныя за вызваленне, якое яны набліжалі на франтах і ў партызанскіх атрадах. Пакаленням, народжаным у мірны час, цяжка нават уявіць, як вайна выпрабоўвала на гонар і годнасць іх равеснікаў, якія шматлікія нягоды выпадалі на іх лёс і пасля адгрымеўшых змаганняў…

На святкаванні ў Лунінцы Дня Незалежнасці, які тыдзень назад адзначала краіна, аб’ектыў фотаапарата адлюстраваў дзвюх немаладых жанчын. На іх святочным аддзенні прыцягвалі ўвагу шматлікія медалі. Высветлілася, што абедзве – зямлячкі, абедзьве выпакутавалі жудасці нямецка-фашысцкай акупацыі, у час якой загінулі іх бацькі. Маладосць дзяўчын адзначана баявой дзейнасцю ў партызанскай брыгадзе імя Кірава.

У адным страі з байцамі атрада “За Радзіму” была лунінчанка Ганна Ігнатаўна ЖУК, якую добра ведаюць у горадзе. Тут яна нарадзілася, шмат год адпрацавала ў лакаматыўным дэпо. 6 ліпеня адзначыла 80-годдзе, прымаючы віншаванні ад родных, былога калектыву, савета ветэранаў вайны і працы. 

Па шэрагу прычын больш сціплым быў 85-гадовы юбілей Антаніны Ільінічны БЕЛАЦЭРКОЎСКАЙ. Яна нарадзілася ў Флярова – вёсцы, якая ў 1943 годзе была спалена гітлераўцамі, увекавечана ў мемарыяльным комплексе Хатынь. Былая сувязная атрада імя Сталіна ў свой час выехала на Гродзеншчыну, куды на работу быў накіраваны яе муж, працавала бухгалтарам. У старасці паклікала малая радзіма. 6 год жанчына вярнулася ў Лунінец да пляменніцы, клопат якой аблягчае бытавыя цяжкасці.

Давайце пажадаем паважаным лунінчанкам сустрэць разам з намі 65-годдзе Вялікай Перамогі. І няхай наша штодзённая ўдзячнасць падтрымлівае жыццёвыя сілы ветэранаў вайны.





Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть