Общество

Лепшая зброя – прафілактыка

У рэдакцыі прайшоў «круглы стол», у ходзе якога разглядаліся праблемы алкагалізму.

Да ўдзелу запрасілі ўрача-нарколага Алену КАЧАНОВІЧ, намесніка начальніка РАУС Ігара ЖУКА, галоўнага спецыяліста аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяну ТРЭГУБАВУ, галоўнага санітарнага ўрача раёна Аляксандра БАЙДУКА, начальніка РАНС Мікалая АРАШКЕВІЧА.
Вядучы: Колькі чалавек знаходзіцца на ўліку ў наркалагічным кабінеце?
Алена Качановіч: Сёння на дыспансерным уліку – 1572 чалавекі. Існуе тры стадыі алкага-лізму. Пачатковая – характарызуецца зніжэннем кантролю над колькасцю выпітага, знікае крытычнае стаўленне да сваіх паводзін, адбываецца эпізадычнае парушэнне памяці (чалавек не памятае, з кім піў і як апынуўся дома). Пры сярэдняй стадыі ўзмацняецца цяга да алкаголю, фарміруецца пахмельны сіндром. Апошняя закранае ахоўныя сілы арганізма ў барацьбе з атрутай. Якасць спіртнога для чалавека ўжо не мае значэння: п’е ўсё, што трапляе. Адбываюцца парушэнні з боку псіхікі, звужаецца кола інтарэсаў. Амаль у 80 працэнтаў людзей, якія злоўжываюць спіртным, выяўляецца поў-ная маральная і фізічная дэградацыя асобы.
Існуе яшчэ бытавое п’янства – ужыванне алкаголю са шкоднымі наступствамі. Гэта звычка, якая не з’яўляецца захворваннем, бо захоўваюцца кантроль над выпітым і ахоўныя рэфлексы арганізма. Бытавое п’янства можа працягвацца на працягу ўсяго жыцця і пры гэтым значна не змяняцца. Але самастойна чалавеку немагчыма вызначыць, калі заканчваецца звычайнае п’янства і пачынаецца алкагалізм. Гэта можа дыягнаставаць толькі спецыяліст. Важна своечасова да яго звярнуцца, бо на раннім этапе хвароба лягчэй паддаецца лячэнню. Зыходзячы са сваёй урачэбнай практыкі, заўважыла, што асобы з алкагольнай залежнасцю часцей за ўсё ўжываюць пладова-ягаднае віно і гарэлку.
Вядучы: Ці назіраліся сёлета выпадкі атручвання алкаголем і яго сурагатамі?
Ігар Жук: Зафіксаваны 2 такія выпадкі (9 – у 2013-ым). Зменшылася колькасць ужытага алкаголю ў сувязі з прыняццем рашэння мясцовай улады, якое забараняе продаж спіртных напіткаў у начны час. Ёсць шмат праціўнікаў гэтай меры. На мой погляд, ад продажу пладова-ягадных він трэба адмаўляцца цалкам.
У аператыўна-дзяжурную службу паступіла 80 паведамленняў аб сямейных скандалах (37 – у мінулым годзе). Да адмі-ністрацыйнай адказнасці за знаходжанне ў п’яным выглядзе ў грамадскіх месцах прыцягнуты 935 грамадзян, за п’янку ў рабочы час – 25. З пачатку года мы адправілі на лячэнне ў ЛПП 23 чалавекі. Створаны камісіі па барацьбе з п’янствам і алкагалізмам, устаноўлены стэнды з інфармацыяй аб асобах, якія парушаюць грамадскі парадак і антыалкагольнае заканадаўства. Праводзяцца гутаркі з людзьмі, схільнымі да злоўжывання алкаголем, у калектывах выступаюць прадстаўнікі ўстаноў аховы здароўя, РАУС. Ажыццяўляюцца праверкі работнікаў перад пачаткам працоўнага дня, на некаторых прадпрыемствах – пасля заканчэння работы.
Вядучы: Як правільна выхоўваць дзіця, каб у будучым яно не стала на шлях алкаголіка?
Таццяна Трэгубава: Галоўную ролю ў фарміраванні адносін дзяцей да спіртнога, стварэнні адмоўнага вобразу алкаголю адыгрываюць часцей за ўсё бацькі. Калі яны распіццё спіртнога пры малых лічаць нармальным, то тыя, у сваю чаргу, пачынаюць капіраваць такія паводзіны. Ніколі не трэба наліваць хлопчыкам і дзяўчынкам “нявінную” чарачку віна, шампанскага за кампанію ці ў гонар дня нараджэння. Гэтым самым дарослыя разбураюць псіхалагічны бар’ер, і ўжо ў падлеткавым узросце моладзь лічыць, што мае права выпіць з сябрамі. Не варта баяцца таго, што дзіця ўбачыць, як мама і тата адзначаюць свята і дазваляюць сабе выпіць. Для неакрэплай псіхікі самае страшнае – невыкананне бацькамі культуры піцця ў іх прысутнасці. Малышы павінны ведаць, што алкагольныя напіткі дазваляецца ўжываць толькі паўналетнім у невялікай колькасці ў гонар ўрачыстага выпадку. З ранніх год неабходна фарміраваць негатыўнае стаўленне да людзей, залежных ад алкаголю.
Вядучы: Ці існуюць сродкі, з дапамогай якіх можна вылечыць гэтую хваробу, у тым ліку без ведама самаго пацыента?
Аляксандр Байдук: Супрацьалкагольныя прэпараты ёсць. Але адной з асаблівасцей алкагалізму з’яўляецца тое, што чым мацней ён прагрэсіруе, тым менш чалавек лічыць сябе хворым. Толькі пасля таго, калі сам зразумее і вырашыць, што спіртное перашкаджае жыць, можна думаць пра лячэнне. Да гэтага моманту ўсе намаганні ўрачоў, блізкіх, міліцыі будуць дарэмнымі. Па пытаннях ананімнага лячэння алкагалізму можна звярнуцца ў наркалагічны кабінет раённай паліклінікі.
Вядучы: Частай прычынай гібелі людзей у пажарах стала іх неасцярожнасць: выпіў – закурыў – заснуў…
Мікалай Арашкевіч: Можна ўспомніць не адно здарэнне гэтага года. Сігнал аб пажары ў Навасёлках паступіў 17 красаві-ка. Выратавальнікі знайшлі на пажарышчы целы 28-гадовай уладальніцы дома і яе сужыцеля. Напярэдадні, як сцвярджаюць аднавяскоўцы, іх бачылі нападпітку. Жанчына рабіла даяркай, яе грамадзянскі муж зарэгістраваны ў Ганцавіцкім раёне, нідзе афіцыйна не працаваў.
Пажар з падобнымі трагічнымі наступствамі здарыўся 15 чэрвеня ў Мікашэвічах. На жаль, агонь забраў жыцці 48-гадовага гаспадара дома і яго 49-гадовага брата. Дарэчы, сёлета з 6 чалавек 5 на момант узгарання знаходзіліся ў нецвярозым стане і курылі.
Вядучы: Магчыма, прычынай з’яўляецца лёгкая даступнасць алкагольных напіткаў?
Аляксандр Байдук: Згодны, бо вялікая колькасць іх продажу звязана з ростам алкагалізацыі насельніцтва ў цэлым. Асноўнымі фактарамі, якія негатыўна ўплываюць на сітуацыю ў раёне, застаюцца шырокая папулярнасць, рэклама і няякасны алкаголь. Дзейнічае Дзяржаўная праграма па папярэджванню і пераадоленню п’янства. Згодна з ёю, асобам, якія пакутуюць на алкагалізм, дапамагаюць лячэбна-прафілактычныя меры. Каб дасягнуць галоўнай мэты – адмовіцца ад ужывання спіртнога – павінны сфарміравацца новыя жыццёвыя арыенціры. Але самы эфектыўны падыход – не злоўжываць, а яшчэ лепш – не ўжываць!
Здаецца, трэба разгле-дзець пытанне аб забароне рэалізацыі танных він, узмацніць санітарна-прафілактычную работу сярод падрастаючага пакалення, вучыць людзей культуры піцця.
Вядучы: Толькі сумеснымі намаганнямі ўсіх зацікаўленых службаў і ведамстваў можна змагацца з такой сур’ёзнай хваробай, як алкагалізм.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть