Общество

ЛЕТА НА ЗАРЭЧНАЙ ВУЛІЦЫ

У дзень Святой Тройцы ў Дзятлавічах абноўленая сядзіба, размешчаная непадалёку ад ракі, прымала шматлікіх гасцей. Але гаспадыня дома раз-пораз уставала ад святочнага стала – турбавалі частыя тэлефанаванні. З пачутых адказаў было зразумела, што звяртаюцца да ее па службовых справах. Але страхавы агент Прадстаўніцтва Белдзяржстраха па Лунінецкім раёне Зінаіда Андрэеўна Кіпцэвіч згаджалася з прапановамі кліентаў прымаць іх гэтым жа нядзельным днём.

– Няўжо не маеце права на выхадны? – здзіўляліся госці.

– Маю, але ў тыя дні, калі не буду патрэбна страхавальнікам, – тлумачыла ў адказ Зінаіда Андрэеўна. – Людзі добраахвотна жадаюць заплаціць страхавыя ўзносы тады, калі ім зручна. Як магу адмовіць? Самой жа даводзіцца звяртацца да кліентаў таксама ў розны час. Ён у нас не рэгламентаваны рэжымам працы.

І, нібыта ў доказ сваім словам, прыводзіць выпадак з вопыту работы. Працуючы з уладальнікамі сядзіб на адным з хутароў, затрымалася да 11-ці гадзін вечара. У наваколлі заставалася наведаць яшчэ адну бабулю, якая жыве на водшыбе. Калі пакінуць яе, заўтра дзеля аднаго чалавека зноў дзесятак кіламетраў трэба будзе круціць педалі надзейнага “спадарожніка”-веласіпеда. Вырашыла: калі будзе гарэць святло – зойдзе. Пад’язджаючы да хаткі, убачыла асветленыя вокны. Яшчэ крыху вагалася: ці не напалохае састарэлую жанчыну такі позні візіт? Магчыма, у гаспадыні і было імгненне разгубленасці. Але, убачыўшы Зінаіду Андрэеўну, старая заўсміхалася і толькі дзякавала начной госці. Маўляў, мацней будзе спаць з асэнсаваннем своечасова ўплочаных дзяржаве абавязковых плацяжоў.

– Такое разуменне неабходнасці страхавання ўласціва перш-наперш жыхарам старэйшага пакалення, – Зінаіда Андрэеўна прыгадвае яшчэ аднаго хутараніна. – Ведаю, што страхоўка за каня складае тры чвэрці месячнага памеру невялікай пенсіі гаспадара. Прапаную разлічыцца з адтэрміноўкай за 3-4 разы, але дзед аплочвае цалкам, кажучы, што не прывык быць даўжніком дзяржавы.

Сёлета споўнілася 20 год, як Зінаіда Андрэеўна працуе страхавым агентам. Партрэт лепшага работніка з Лунінца ўпрыгожвае абласную Дошку Гонару філіяла РУСП “Белдзяржстрах” па Брэсцкай вобласці. На просьбу падзяліцца сакрэтам дасягнення поспеху ў няпростай прафесіі лаканічна, але адназначна адказвае:

– У нашых Дзятлавічах жывуць цудоўныя вяскоўцы. Толькі ім абавязана выкананнем і перавыкананнем планаў.
З гэтым вывадам не згаджаецца малодшая сястра Зінаіды Андрэеўны, некалі таксама (але безвынікова) паспрабаваўшая “хлеб” страхавога агента:

– Прайшла па хатах, пагутарыла з людзьмі. Быццам усе згаджаюцца страхавацца, але ніхто не жадае ўплочваць першы ўзнос. Уявіце: пасля мяне тыя ж дамы наведвае Зіна, і кожны гаспадар адразу разлічваецца! 

Шматлікія сваякі дружна характарызуюць гаспадыню дома. Прыродны дар Зінаіды Андрэеўны – бязмежная дабрыня, чуласць, паважлівыя адносіны да людзей. У сваю чаргу навакольныя не могуць не цаніць яе самастойнасць, працавітасць, імкненне не браць як мага больш ад жыцця, а стваральнымі справамі пакінуць свой след на зямлі. Годнымі людзьмі выгадавала дзяцей. Сын з сям’ёй жыве ў Лунінцы, дачка дапамагае матулі ва ўсіх гаспадарчых пачынаннях. 

Ці лёгка без мужчынскай падтрымкі зрабіць капітальны рамонт дома? Рытарычнае пытанне. А Зінаіда Андрэеўна, хаця і не хутка, здолела добраўпарадкаваць сваё жыллё, карыстаецца цяпер бытавымі зручнасцямі. Звычайны звонку дыхтоўны дом унутры ўражвае еўрадызайнам пакояў, захапляе новай прыгожай мэбляй. У прыбраным двары дапасуюць дому летняя кухня ў абрамленні вінаградных лоз, акуратныя хлявы, палісаднік прываблівае стракатасцю кветак.

Зразумела, матэрыяльны падмурак чалавека закладваецца перш-наперш сумленнай працай. Але не назавеш бязвоблачным 20-годдзе страхавой дзейнасці Зінаіды Андрэеўны. У разбуральныя 90-ыя гады, нягледзячы на тое, што выхоўвала непаўналетніх дзяцей, яе пасаду скарацілі. Суд аднавіў правы жанчыны-маці. Але тагачаснае кіраўніцтва яшчэ не раз нагадвала сваёй непакорнай работніцы, “хто ў доме гаспадар”. Для работы ёй вызначалі няблізкія ад месца жыхарства ўчасткі – Язвінкі, Лахву, Мікашэвічы. Часам было так складана, што хацелася кінуць заяву аб звальненні па ўласным жаданні. Цяпер радуецца, што выцерпела. Быццам сапраўды Бог не дазваляе тыя выпрабаванні, якія чалавек не ў стане перанесці… 
Перажыць няпростую ў літаральным сэнсе сітуацыю дапамагла мама, узяўшы на сябе клопат пра двух унукаў. Даўно пайшоў з жыцця бацька. Пяць год таму і маці пакінула гэты свет. Як не хапае цяпер яе простых разваг, жаночай мудрасці, нават магчымасці паплакацца роднаму чалавеку… Але Зінаіда Андрэеўна не прывыкла паказваць слёзы на людзях. Яна ўсміхаецца:

– Маё жыццёвае правіла: нягоды трэба забываць, а прыгадваць радасці, якія спрыяюць добраму настрою. У сакавіку запрасілі на ўрачыстасці ў Брэст, дзе ў ліку прадстаўніц іншых раёнаў была ўшанавана абласным кіраўніцтвам. Такі гонар прымушае трымаць вызначаную планку.

– Нам даведзены складаныя планы – за паўгоддзе, напрыклад, рост у 135 працэнтаў да адпаведнага перыяду 2008-га, – адзначае дырэктар раённага Прадстаўніцтва Белдзяржстраха П.М. Насковіч. – Аб тым, што наша служба – не “цукар”, вось ужо працяглы час сведчаць вакантныя месцы на пасаду страхавога агента па двух участках у Вялікіх Чучавічах. Але, дзякуючы такім старанным работнікам, як Зінаіда Андрэеўна, спраўляемся з заданнямі і па абавязковым, і па добраахвотным страхаванні. Галоўная яе вартасць – уменне весці паважлівы дыялог з людзьмі.

Сваё асабістае жыццё Зінаіда Андрэеўна таксама лічыць шчаслівым. Унуку Пашцы хутка тры гады – сапраўдны анёльчык! Сын часта наведвае родную вёску разам са сваімі дамачадцамі. Дзеля сям’і – не ў цяжар праца па дому і агароду. Тым больш, што “бабін век” удачна мінуў, а тры гады “ягаднага”, па прымаўцы, жыцця запоўнены прыемнымі клопатамі. Дай Бог, не будзе горш і далей…



Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть