Общество

Лічбавы летапіс раёна

У  аддзеле ЗАГС райвыканкама дакладна ведаюць, колькі шлюбаў было заключана ў раёне і колькі нарадзілася дзетак, а яшчэ, колькі сем’яў сталі мнагадзетнымі ў першым паўгоддзі 2017 года. Ёсць тут і сумная статыстыка – колькасць памерлых.

Па словах начальніка аддзела Святланы Яроцкай, з пачатку года свае адносіны зарэгістравалі 126 пар, з іх 84 – у райцэнтры. 10 шлюбаў аформлены з замежнымі грамадзянамі. Нехта знайшоў сваю другую палову сярод жыхароў Украіны, Расіі, Узбекістана, Азербайджана, Туркменістана. Адна нявеста аддала перавагу італьянцу. 6 мужчын і 9 жанчын зарэгістравалі свае адносіны ва ўзросце старэйшым за 50 год. Гэта добры намёк на тое, што нашы землякі не баяцца шукаць шчасце ў сямейным жыцці нават і ў паважаным узросце. Хутчэй хацелі выйсці замуж і дзве дзяўчынкі – на момант рэгістрацыі ім не споўнілася 18 год.

468 смерцяў зарэгістравана на Лунінеччыне: 123 жыхары страціў райцэнтр, астатнія памерлі ў сельскай мясцовасці (найбольш у Мікашэвіцкім гарсавеце – 71, Лунінскім сельсавеце – 44, Дварэцкім – 38, Бастынскім – 31). Сярэдні ўзрост склаў: 65 год – для мужчын і 77 – для жанчын.

Не менш важныя лічбы ў раённым летапісе – колькасць нованароджаных. За першае паўгоддзе ў раёне зарэгістравана 344 дзіцяці. На свет з’явіліся 176 хлопчыкаў і 168 дзяўчынак. 113 малышоў былі першынцамі ў сям’і, 115 нарадзіліся ў сем’ях другімі, 83 – трэцімі, 24 – чацвёртымі, 6 – сталі пятымі. Дзве матулі нарадзілі шостае дзіця, яшчэ адна – сёмае. Двойні парадавалі пяць сем’яў.

Матулямі сталі ў асноўным жанчыны ад 20 да 35 год, 58 лунінчанак адчулі гэта шчасце ва ўзросце ад 35 да 40 год, яшчэ 29 жанчын нарадзілі дзетак пасля 40, а адна – пасля 50-ці. Сярэдні ж узрост матуль склаў 27 гадоў, бацькоў – 31 год.

Якія ж імёны былі ў топе? Ёсць у спісе як простыя, так і вельмі экзатычныя. У дзяўчынак па-ранейшаму лідзіруюць Дар’і і Соф’і – іх адпаведна 12 і 11. Прыйшліся даспадобы Аляксандры, Паліны, Валерыі і Марыі. Хлопчыкаў найчасцей называлі Аляксандрамі (13). У нас з’явілася 10 Яраславаў і 7 Арсеніяў. Многа было Арцёмаў, Дзянісаў, Дзмітрыяў, Ягораў, Іванаў і Раманаў. Рэйтынг самых рэдкіх імёнаў узначалілі Івана, Ільнура, Сцепаніда, Юстына, Прохар, Савелій, Акім і Елісей.

Нехта скажа, гэта проста лічбы і імёны. Але за імі – мы і наша жыццё.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть