«Бальнічны» звольненым аплацяць
Лісты ў "ЛН"

«Бальнічны» звольненым аплацяць

Пытанні па назначэнню і налічэнню дапамог па часовай непрацаздольнасці, цяжарнасці і родах працягваюць паступаць у раённы аддзел Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Адказвае на іх начальнік Ірына Чысцякова.

– Мяне прынялі на работу 2 снежня 2015 г. Праз два дні захварэў, адкрылі “бальнічны”, выйшаў на працу 26.12. У выніку па лістку непрацаздольнасці налічылі толькі 1,2 мільёна рублёў, хаця да 01.12.2015 г. страхавыя ўзносы плаціў 5 год. Чаму?

– Паколькі сярэднядзённы заробак вызначаецца за 6 папярэдніх каляндарных месяцаў, то іх вы павінны адпрацаваць у гэтага наймальніка (пункт 21 “Палажэння аб парадку забеспячэння дапамогамі па часовай непрацаздольнасці, цяжарнасці і родах”, зацверджанага Пастановай Саўміна Рэспублікі Беларусь №569 ад 28.06.2013 г.). Згодна з пунктам 23 названага дакумента, калі колькасць каляндарных дзён разліковага перыяду складае менш 30-ці, дапамога налічваецца, зыходзячы з тарыфнай стаўкі (акладу) без надбавак і павышэнняў, устаноўленай на дату ўзнікнення права на такую дапамогу. Ці зыходзячы з сярэдняга заробку, захаванага за час працоўнага і сацыяльнага водпускаў, водпускаў па цяжарнасці і родах, часовай непрацаздольнасці. У вашым канкрэтным выпадку ў разліковым перыядзе (чэрвень-лістапад 2015-га) не працавалі ў плацельшчыка, які назначае дапамогу, таму суму вылічылі з тарыфнай стаўкі (акладу).

– Сына звольнілі за прагул, але ў той жа дзень ён вымушана адкрыў “бальнічны”. Ці аплацяць яго на былой рабоце?

– Так. Дата звальнення лічыцца апошнім рабочым днём (арт. 50 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь). А калі непрацаздольным чалавек становіцца ў перыяд работы і працягвае хварэць пасля звальнення, дапамога назначаецца на папярэднім месцы працаўладкавання (п. 31 вышэй названага Палажэння).

– Працавала на заводзе. 30 кастрычніка трапіла ў бальніцу, а 27 лістапада закончыўся мой кантракт. Скажыце, ці атрымаю дапамогу? Па якім тарыфе яе будуць лічыць?

– Безумоўна, атрымаеце. Калі першы дзень вызвалення ад работы, у адпаведнасці з лістком непрацаздольнасці, – 30.10.2015 г., а дата звальнення – 27.11.2015 г., то дапамога будзе назначана і налічана, зыходзячы з заробку ў разліковым перыядзе (красавік-верасень 2015-га).

– Звольнілі летась 8 кастрычніка (прычына – уважлівая). На жаль, 2 лістапада зламаў руку. Ці аплацяць мне “бальнічны” ліст? Ёсць абмежаванні па яго працягласці для аплаты?

– Паколькі вы захварэлі на працягу 30 дзён пасля спынення працоўнага дагавора і часовая непрацаздольнасць цягнулася больш, чым 30 каляндарных дзён, то дапамогу ў парадку выключэння назначае камісія Брэсцкага абласнога ўпраўлення ФСАН Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым на перыяд, за які робіцца выплата пенсіі, “бальнічныя” не назначаюцца (п. 8 Палажэння). Выплата грашовых сродкаў ажыццяўляецца па месцы папярэдняй работы і ахоплівае ўвесь перыяд часовай непрацаздольнасці да дня яе аднаўлення ці ўстанаўлення інваліднасці, але не больш чым на 120 каляндарных дзён запар. У да-дзеным выпадку назначаецца 70 працэнтаў памеру сярэднядзённага заробку.

– Бабуля можа знаходзіцца на “бальнічным” з унукам? Яго аплата будзе 100-працэнтнай?

– Зразумела, можа. У адпаведнасці з пунктамі 43 і 46 Інструкцыі, зацверджанай пастановай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь №52/97 ад 09.07.2002 г., пры аказанні медыцынскай дапамогі ў амбулаторных умовах лісток непрацаздольнасці па догляду за хворым дзіцём ва ўзросце да 14 год выдаецца таму, хто фактычна яго ажыццяўляе. Праўда, максімум такі “бальнічны” афармляецца на 14 каляндарных дзён. Калі медыцынская дапамога аказваецца ў стацыянары, лісток непрацаздольнасці выдаецца асобе, якая фактычна ажыццяўляе догляд за хворым дзіцём ва ўзросце: да 5 год – на ўвесь перыяд лячэння, ад 5 да 14 год – на тэрмін, пакуль юны пацыент па заключэнню лечачага ўрача і загадчыка аддзялення мае патрэбу ў дадатковым доглядзе (п. 48 Інструкцыі). Такім чынам, замест занятай матулі дазваляецца выдача лістка непрацаздольнасці бабулі ў межах тэрмінаў, устаноўленых пунктамі 46 і 48 Інструкцыі. Дапамога па ім будзе 100-працэнтнай (п. 18.5 Палажэння).

– Пасля дэкрэтнага водпуску выйшла на работу ў сакавіку 2015 года. Як правільна разлічваецца аплата “бальнічнага” па догляду за дзіцём?

– У вашым выпадку перыяд для вылічэння дапамогі па часовай непрацаздольнасці, права на якое надышло ў сакавіку 2015-га, абмяжоўваецца датамі – з 1 верасня 2014 г. па 28 лютага 2015 г. Паколькі ўвесь гэты час вы знаходзіліся ў водпуску па догляду за дзіцём да 3 год, то пасля яго выключэння колькасць каляндарных дзён роўная нулю. Таму дапамога назначаецца, зыходзячы з тарыфнай стаўкі (акладу).

За больш падрабязнай інфармацыяй звяртайцеся ў раённы аддзел Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва па адрасе: г. Лунінец, вул. Я. Коласа, 50. Кантактныя тэлефоны: 3-44-00, 3-46-42, 2-14-99.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть