Лісты ў "ЛН"

І льецца песня…

Змрок павольна ахутваў усё наваколле. Запальваліся агні ў хатах. Цёплы летні вечар лагодзіў стомленую зямлю. Заканчваўся яшчэ адзін працоўны дзень. А людзі тым часам спяшаліся ў Дварэцкі сельскі Дом культуры. На сціплай сцэне нашы бабулі будуць ладзіць канцэрт, радаваць аднавяскоўцаў добрымі мілагучнымі песнямі.
Шаўковай хваляй раскрываецца сцэна. Ля мікрафона наша любімая пявуння Любоў Аляксандраўна Казун. Як заўсёды крыху хвалюецца. І раптам цень на яе твары знікае, засвяцілася яна, узрадавалася і, здаецца, памала-дзела на шмат гадоў. Аб нечым параі-лася з сяброўкамі і заспявала! Усё, чым свет багаты, чым душа чалавека прыгожая, было ў песні. Навучыцца так спяваць, бадай, немагчыма. З гэтым трэба нарадзіцца, чуць спевы над калыскай, мець іх сваімі спадарожнікамі ўсё жыццё.
З таго часу і я прыкіпеў да песні, уражаны яе хараством і прыгажосцю. І гэта любоў – на ўсё жыццё.
Памятаю, як у маленстве матуля брала мяне з сабой на работу. Людзі працавалі і спявалі. Гучалі песні на вячорках, вяселлях, спявалі проста на вясковых вуліцах. Зараз зусім не так, час іншы, ды і адносіны да песні другія. А ў мяне ў думках гучыць:

Дождж ідзе, дождж ідзе,
Абмывае вішню.
Кліча дзеўчыну хлапец,
Каб у садзік выйшла.
А дзяўчына не выходзіць,
У хаце прыбірае,
Стаіць хлопец пад акном,
Ажно памірае.
– Ой, хоць кліч, хоць не кліч, –
Словам спакусаеш,
Ці багата, мой міленькі,
Працадзён ты маеш?
– Ах, каб быў я ў калгасе
Лодыр-гультаіна,
Сорамна было б хадзіць
Да цябе, дзяўчына.
Цябе ж лічаць у калгасе
Лепшай трактарысткай,
А ў клубе вечарамі
Ты спяваць артыстка.

Глыбока перакананы, што менавіта народныя песні нясуць эстэтычную і маральную асалоду, выхоўваюць чалавека, робяць яго больш мудрым.
Максім КАЗУН. в. Вічын.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть