Каб на падворках не зводзіліся парсючкі
Лісты ў "ЛН"

Каб на падворках не зводзіліся парсючкі

свинья– Чаму гінуць свінні на прыватных падворках? І як правесці дэзінфекцыю хлявоў?
Іван ПІЛІПЦЭВІЧ. в. Лахаўка.

Адказвае галоўны ветурач раёна Кацярына МАКСІМОВІЧ:

– Выявіць прычыну падзяжу свіней можна толькі пасля іх ускрыцця і правядзення лабараторных даследаванняў. Найбольш частыя выпадкі на Лунінеччыне – атручванні, глісты,  хваробы Цішэна і рожа (апошнія дзве з’яўляюцца інфекцыйнымі і па клінічных прыкметах вельмі падобныя).

Асноўнымі крыніцамі распаўсюджвання захворванняў з’яўляюцца дзікі і кармы, якія не прайшлі тэрмічную апрацоўку.

Каб не дапусціць трапляння інфекцыі на падворак, трэба строга захоўваць ветэрынарна-санітарныя правілы. Так, тэрыторыя, дзе ўтрымліваюцца свінні, павінна быць абавязкова агароджана,  абсталявана месца для мыцця і дэзінфекцыі рук і абутку. Пры ўваходзе ў гаспадарчы двор неабходна размясціць дэзпадушкі, рэгулярна праводзіць знішчэнне грызуноў, не дапускаць у памяшканнях знаходжання птушак. Для догляду за жывёлай павінна быць асобнае адзенне і абутак. На падворкі не пускаць пабочных асоб  і не вывозіць харчовыя адходы ў лясныя масівы ці на звалкі. Забараняецца  таксама выгульнае ўтрыманне жывёлін. З надыходам чарнічнага сезону многія накіроўваюцца ў лес. Пасля яго наведвання неабходна правесці апрацоўку транспартнага сродку; змяніць адзенне і абутак;  прыняць душ і апрацаваць адкрытыя ўчасткі цела дэзінфіцыруючымі сродкамі. У выпадку выяўлення ў лесе загінуўшых дзікіх кабаноў, паведамляйце ў ветэрынарную службу раёна па тэлефонах: 6-26-80, 2-13-06, ці ў ДЛГУ “Лунінецкі лясгас”.

Для свіней трэба выкарыстоўваць кармы, якія прайшлі тэрмічную апрацоўку, а таксама грануляваныя камбікармы вытворчасці заводаў Рэспублікі Беларусь, набытыя ў роз-нічным гандлі. Забараняецца купляць іх у прыватных асоб, якія не маюць дакументаў пацвярджаючых якасць і бяспеку. Усе кармы, у тым ліку зялёныя, муку, вотруб’е, бульбу і іншыя падвяргайце тэрмічнай апрацоўцы на працягу 10 хвілін пры тэмпературы не менш як +80 градусаў.  Не карміце жывёлу прынесенымі з лесу жалудамі. Ні ў якім разе не паддавайцеся спакусе купіць парасят, якіх прапаноўваюць па таннай цане і без адпаведных ветэрынарных дакументаў.

У выпадку захворвання або падзяжу свіней на прыватным падворку паведамляйце ў ветэрынарную службу гаспадарак і раёна. Толькі там могуць высветліць дакладную прычыну падзяжу. Не выкідвайце загі-нуўшых свіней у лясныя масівы і на звалкі.

Што датычыць дэзінфекцыі памяшканняў, то яе можна правесці самастойна, набыўшы неабходныя прэпараты ў ветаптэцы, якая знаходзіцца па адрасе: г. Лунінец, вул. Меліярацыйная, 35. Тэлефон 3-51-04. І растлумачаць як імі карыстацца. Другі варыянт – заказаць паслугу ў райветстанцыі. Калі вы захоўваеце вышэйпералічаныя правілы, то дэзінфекцыю правядзем бясплатна па папярэдняй заяўцы, якую можна зрабіць, патэлефанаваўшы на нумар 6-26-80. Да прыезду машыны памяшканне павінна быць ачышчана ад гною, які складзіруйце асобна. Ён таксама будзе апрацаваны. Трэба ведаць, што эфектыўнасць дэзінфекцыі залежыць ад прычыны падзяжу: калі гэта было інфекцыйнае захворванне, то аднаразовай санацыяй не абысціся. У залежнасці ад віду інфекцыі, яна праводзіцца па 2-3 разы з пэўнымі інтэрваламі. Пасля чаго некаторы час памяшканні павінны пуставаць.  І чым даўжэй будзе гэты перапынак, тым большая гарантыя, што з інфекцыяй справіліся. Калі ж падзеж адбыўся па прычыне незаразных ці паразітарных захворванняў, то  праз тыдзень у апрацаванае памяшканне можна зноў ставіць жывёлу.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть