Лісты ў "ЛН"

Памяць на ўсё жыццё

Зіма выдалася снежнай, але не марознай. Вазок бег лёгка і спраўна. Гармонік і песні заглушалі халоднае надвор’е, хацелася жыць і спяваць. Здавалася, што ўсё самае лепшае і шчаслівае чакае наперадзе…

Неяк незаўважана, быццам птушкай, праляцеў час, а ў той дзень – 2 лютага 1969 года – у Багданаўцы ладзілі вяселлі чатыры пары. Гэта нашы бацькі Яўгенія Аляксееўна і Іван Аляксеевіч Кавалевічы, а таксама Вольга Яўгенаўна і Сцяпан Іванавіч Кавале-вічы, Еўдакія Аляксееўна і Іосіф Антонавіч Ярмольчыкі, Яўгенія Антонаўна і Васіль Пятровіч Мелюхі.
Мама і тата нікуды не паехалі шукаць шчасця, а засталіся ў роднай вёсцы. Пачалі абжывацца, будаваць свой дом. Добрым словам і парадай дапамагалі ім бацькі. Дзед па матулінай лініі быў добрым будаўніком. За сваё жыццё ўзвёў не адзін зруб. А дзед з бацькавага роду славіўся вырабамі дзвярэй і вокнаў. Бабулі ж дапамагалі гадаваць унукаў.
У народзе існуе павер’е: калі хочаш пакінуць след на зямлі на адзін год – пасей хлеб, на 10 год – пасадзі сад, захаваць памяць на ўсё жыццё – нарадзі і выхавай чалавека.
Нашы юбіляры пакінулі трайны след. Добрую адукацыю далі аўтару гэтых радкоў, а таксама Алене і Уладзіславу. Віншаванні з сапфіравым вяселлем прымалі ад 8 унукаў. Старэйшы Ілья працуе і адначасова набывае вышэйшую адукацыю ў тэхнічным ВНУ. Вераніка вучыцца ў медыцынскім універсітэце. Іван вельмі любіць працаваць на зямлі, таму выбраў сельскагаспадарчы каледж. Аліна сёлета будзе трымаць іспыты на цэнтралізаваным тэсціраванні. Малодшыя Сяргей, Марына, Кацярына і Павел яшчэ ходзяць у школу і толькі рыхтуюцца да дарослага жыцця.
Наш бацька працаваў механікам у тагачасным калгасе “Гігант”, а мама ўзначальвала аддзяленне паштовай сувязі ў Багданаўцы. Заслужаныя работнікі, яны маюць падзячныя лісты.
…Хата поўная гасцей. Гучаць цёплыя словы, пажаданні дабрабыту і шчасця. Родныя нашы, жадаем доўгага веку ў здароўі і згодзе. Няхай у вокнах яшчэ доўга гарыць святло!
Дзіна ПАЎЛОЎСКАЯ.
в. Рэдзігерва.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть