Лісты ў "ЛН"

Вуліца імя Міколы

Мая малая радзіма – вёска Лунін. Гэты куточак Беларусі назаўсёды ў сэрцы. Нарадзіўся я ў мнагадзетнай вясковай сям’і адразу пасля вайны. Жылі цяжка. Заробкі ў калгасебылі нізкімі, вось і раз’язджалася моладзь у пошуках хлеба па неабсяжных прасторах СССР.
У 16 год я таксама ўпершыню адарваўся ад сям’і, на 6 месяцаў з’ехаўшы з групай юнакоў і дзяўчат з в. Багданаўка на сезонныя работы ў адзін з калгасаў Саратаўскай вобласці. Вельмі сумаваў па родных мясцінах, але якой была радасць, калі, вярнуўшыся з Паволжа, прывёз не толькі грошы, а яшчэ і цэлую тону першакласнай пшаніцы! На цэлых паўгода сям’я была забяспечана хлебам.
Потым была работа ў Валгаградскай і Растоўскай абласцях, а таксама ў Цалінаградскай вобласці далёкага Казахстана. Праз некаторы час вярнуўся на радзіму і ўладкаваўся ў Палескую доследна-балотную станцыю. Ды неўзабаве камсамол паклікаў на новабудоўлі Мінска. З той пары ўсё маё працоўнае жыццё было звязана са сталічным будтрэстам №1.
Аднак каранёў сваіх стараўся не забываць: у родную вёску прыязджаў па некалькі разоў на год. Увача-відку мог упэўніцца, як прыгажэюць знаёмыя з дзяцінства мясціны. Вось і зараз аграгарадок Лунінскі мае добрыя перспектывы. Тут будуюцца новыя дамы, ды і моладзь застаецца ў вёсцы. Гэта – добры для яе знак.
Разам з тым, ёсць у мяне некалькі прапаноў для мясцовай улады. У далёкім дзяцінстве ў ваколіцах Луніна было некалькі хутароў. Тут жылі вялікія сем’і, якія гадавалі дзяцей, апрацоўвалі зямлю, давалі арміі салдат… Перакрэсце, Заставічча, Дубіна, Белазёрнае, а непадалёк ад Багданаўкі знаходзіўся хутар з лясной назвай Тавалга. Памятаю, як трынаццацігадовым некалькі дзён жыў у родзічаў на хутары Перакрэсце. Зорнае неба, пах свежага сена на сенавале, палявыя кветкі, дамашні хлеб з мёдам дзікіх пчол, найсмачнейшая ў свеце калодзежная вада, сакавітыя яблыкі і грушы, буйныя кветкі маку каля хаты, палоска канапель (тады і ў галаву нікому не прыйшло б выкарыстоўваць гэтыя расліны для дурману)… Колькі светлых успамінаў пакінула гэтае кароткае гасцяванне!
З часам зніклі хутары, але памяць пра іх яшчэ жыве сярод людзей. І вось каб захаваць яе, прапаноўваю землякам увекавечыць хутары ў назвах вуліц. А яшчэ вельмі ўдзячны быў бы за тое, каб збераглі імя свайго земляка, вялікага патрыёта зямлі палескай, журналіста і літаратара Міколы Елянеўскага. Думаю, што ў вёсцы, дзе прайшло яго дзяцінства, дзе ён сталеў і набіраўся моцы, абавязкова павінна паявіцца вуліца яго імя…
Мікалай НАВАРЫЧ. г. Мінск.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть