КультураМикашевичиНовости районаОбразованиеОбщество

Літаратурная вечарына памяці Уладзіслава Нядзведскага ў Мікашэвічах

У мікашэвіцкай гімназіі прайшоў чарговы Дзень памяці Уладзіслава Нядзведскага – беларускага паэта і празаіка, імя якога ўжо шмат год носіць элітная ўстанова адукацыі. На гасцінную палескую зямлю завіталі член Саюза пісьменнікаў і Беларускага саюза журналістаў, галоўны рэдактар часопіса «Гаспадыня» Зіновій Прыгодзіч і паэт, перакладчык, пісьменнік і журналіст Васіль Жуковіч.

У 2006-ым, падчас наведвання гімназіі, народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч пачаў знаёмства з установай адукацыі з сустрэчы з пачаткоўцамі. А ўсё таму, што ў гэтым узросце закладваецца падмурак нацыянальнай самасвядомасці, фарміруецца імкненне дасканала вывучаць і ведаць родную культуру і гісторыю. З той пары так і павялося – кожны візіт гасцей са сталіцы пачынаецца з сустрэч з навучэнцамі малодшага і сярэдняга звенняў. Сёлетняе наведванне не стала выключэннем. Пры гэтым гутаркі праходзілі адначасова.

Дзяўчынкі і хлопчыкі з 2-4 класаў не толькі з захапленнем слухалі вершы, казкі і іншыя творы ў выкананні Васіля Жуковіча, але і вялі жывую размову з ганаровым госцем.

На ўсё жыццё запомніцца навучэнцам сярэдніх класаў і свое-асаблівы ўрок, на якім у якасці настаўніка выступіў Зіновій Прыгодзіч. Вядомы літаратар прадставіў слухачам свае кнігі, якія ўбачылі свет у розныя часы. А як кранальна гучалі  вершы з вуснаў аўтара! Невялікія па аб’ёме, але ёмістыя па сэнсе, яны былі душэўнымі і шчырымі, закраналі  самыя патаемныя куточкі чалавечай душы. Зіновій Кірылавіч заклікаў любіць і шанаваць малую радзіму і родную краіну, вывучаць і берагчы гісторыю Беларусі.

Мерапрыемствы ў гонар памяці У.І. Нядзведскага прадоўжыліся ў актавай зале гімназіі. Невялікая літаратурна-тэатральная пастаноўка нагадала гледачам малавядомыя старонкі з жыцця земляка, пазнаёміла з яго творамі. Зіновій Прыгодзіч і Васіль Жуковіч чыталі свае вершы, прыгадвалі моманты, калі ім пашчасціла сустракацца з “таварышам па цэху”.

Госці разам з дырэктарам гімназіі Сяргеем Высоцкім уручылі Ганаровыя граматы і салодкія прызы актыўным удзельнікам літаратурнага конкурсу імя У.І. Нядзведскага – Аліне Высоцкай, Ксеніі Клімковай і  Аліне Жогаль. Уладальніцай штогадовай прэміі стала Міхайліна Хвесюк.

На гэтай урачыстай ноце не закончыўся Дзень памяці паэта і пісьменніка, чые маладосць і часткова творчасць звязаны з Мікашэвічамі. Потым яшчэ былі аўтографы, фотаздымкі на памяць, экскурсія па гімназіі, наведванне музейнага кутка і проста шчырыя гутаркі.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть