Лунінец адсвяткаваў!
Общество

Лунінец адсвяткаваў!

 

Надвор’е радавала сваім святлом і цяплом. Урачыстае мерапрыемства пачалося з ускладання кветак да абеліскаў загінуўшым у Вялікай Айчыннай вайне. Уздоўж сцен стадыёна размясціліся выставы народнай творчасці і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якія пераконвалі ў таленавітасці і “залатых” руках нашых землякоў. Аб гістарычным шляху населенага пункта і лю-дзях, якія стараннай працай і дасягненнямі ўносяць уклад у яго развіццё і працвітанне, расказвала фотагалерэя “Учора. Сёння. Заўтра.”

Незаўважана трыбуны стадыёна запоўніліся, і пачалося цудоўнае відовішча “Мы – адзінае цэлае”.

– Дзень горада – наша агульнае і любімае свята, – зазначыў старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко. – Асаблівая атмасфера шчасця, якая пануе навокал, дае магчымасць яшчэ мацней адчуць роднасць з тымі, хто жыве побач, у адным цудоўным доме, назва якога – Лунінец. Яго поспех і росквіт – вынік сумеснай работы чыгуначнікаў і будаўнікоў, настаўнікаў і ўрачоў, работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі і культуры, прадпрымальнікаў…

Лепшым з іх Аляксандр Мікалаевіч, а таксама старшыня райсавета Віктар Рафаловіч уручылі заслужаныя ўзнагароды.

У гэты дзень цёплыя словы гучалі не толькі ў адрас тых, хто сваёй працай і талентам праслаўляюць наш горад, хто ўнёс значны ўклад у яго развіццё і актыўна ўдзельнічае ў жыцці працоўных калектываў. Павіншавалі адну з доўгажыхарак – Алену Апанасаўну Золатаву, якой 15 мая споўнілася 97 год, мнагадзетныя сем’і Іны і Данііла Бруцкіх і Ігара і Наталлі Мельянец, у якіх выхоўваецца па 6 дзетак. Ва ўрачыстай абстаноўцы распісаліся ў ганаровай кнізе юбіляраў сямейныя пары: Івана Андрэевіча і Надзеі Раманаўны Кіпцэвіч, якія сёлета святкуюць брыльянтавае вяселле, а таксама “залатыя” юбіляры – Анатоль Уладзіміравіч і Соф’я Іванаўна Штэйнберг. Можна сказаць, што ў гэты дзень яны перадалі эстафету тым, хто толькі пачынае будаваць сваё сямейнае гняздо, – Аляксею і Алесі Дзмітрыевым, Мікалаю і Аліне Рудзько.

Падарункавымі сертыфікатамі адзначаны пераможцы раённага агляду-конкурсу “Лепшая добраўпарадкаваная тэрыторыя”: ААТ “Лунінецкі малочны завод”, ДРБУ-101, цэнтральная раённая бальніца, ПТУП “Еўрарэйс”, яслі-сад №1, ДЮСШ па плаванню “Дэльфін”, ПУВП “Вікторыя”, магазін №101 “Прадукты”, КУП “Водаканал”. У ліку ўзнагароджаных гаспадары прыватных падворкаў – Таццяна Рагалевіч, якая жыве ў доме №6 па вул. Юнацтва, і Валянціна Канапацкая (вул. Чапаева, 107).

Для ўсіх пераможцаў і гасцей свята гучалі музычныя прывітанні ад лепшых вакальных і танцавальных калектываў раёна.

Спартыўны блок адкрылі паказальныя выступленні выхаванцаў клуба кёкусінкай будо каратэ “Самурай” на чале з Дзмітрыем Карасёвым. Незабыўнае ўражанне пакінула праграма прадстаўнікоў 38-ай асобнай гвар-дзейскай Венскай Чырвонасцяжнай дэсантна-штурмавой брыгады горада Брэста. А потым лунінчан павіншавалі парашутысты сталічнага аэраклуба ДТСААФ, якія нечакана паявіліся ў небе і прызямліліся на футбольнае поле. Усе жадаючыя маглі не толькі паназіраць за палётамі, але і ўзняцца ўвышыню на верталёце МІ-2 і ўбачыць наш горад ва ўсёй прыгажосці.

У гэты ж час на спартыўных пляцоўках прыхільнікі здаровага ладу жыцця спаборнічалі на выяўленне лепшых. Пераможцамі ў дартсе сталі Марына Дубініч і Сяргей Швец, армрэстлінгу – Вадзім Грабовіч, гіравым спорце – Аляксандр Грабовіч. Высокую хуткасць у практыкаваннях на скакалцы прадэманстравалі Алена Гнедзька і Андрэй Грабовіч. “Парні” вызначыліся ў стрытболе, а “Ліцэй” – у валейболе.

Працягам святочнай праграмы стаў канцэрт, у якім бралі ўдзел не толькі мясцовыя выканаўцы, але і зорка беларускай эстрады Аляксандр Саладуха. Лунінчане вельмі цёпла сустракалі госця, які аддзячыў цудоўнымі песнямі і не шкадаваў аўтографаў для сваіх прыхільнікаў.

Цэнтр горада пераўтварыўся ў велізарную святочную плошчу, дзе кожны мог знайсці захапленне па інтарэсах. Дзеткі з задавальненнем каталіся на поні і конях, а таксама асвойвалі вадзіцельскія навыкі пры яздзе на электрамабілях. Гульнявыя пляцоўкі запрашалі паўдзельнічаць у конкурсах і прадэманстраваць свае спрыт і моц.

Падсілкавацца запрашалі адкрытыя летнія кафэ райспажыўтаварыства і ДОРОРСа, дзе быў прадастаўлены шырокі асартымент прадуктаў, напіткаў, марожанага, а таксама ветлівае і хуткае абслугоўванне.

Юныя гараджане з задавальненнем прынялі ўдзел у фестывалі фарбаў, што адбыўся на мотадроме. Многіх з іх потым з лёгкасцю можна было заўважыць, дзякуючы рознакаляровым малюнкам або адценням на тварах, на музычна-гульнявой праграме “Вясёлка настрою” на плошчы Леніна.

“Спяваючы горад” закружыў лунін-чан у танцавальным рытме. Потым народ “запаліў” артыст беларускай эстрады Дзядзя Ваня. А ў 23.00 у неба ўзвіўся святочны феерверк. Накіраваўшы погляды ўверх, гараджане жадалі гораду квітнець, прыгажэць і ніколі не старэць!

Расказ аб свяце — у друкаваным нумары «Лунінецкіх навін» за сераду 09.08.2017.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть