Лунінец расце на ўсход
Общество

Лунінец расце на ўсход

Год таму архітэктурную службу раёна ўзначаліў малады спецыяліст Андрэй Лузько. Зараз у пэўнай ступені ад яго залежыць знешні выгляд Лунінца, яго эстэтычнасць і прыгажосць. Менавіта аб гэтым – наша сённяшняя гутарка.
– Работу архітэктара звычайна ацэньваюць візуальна. А што самі хацелі б змяніць у абліччы нашага горада?
– Першае знаёмства з Лунінцам пакінула добрае ўражанне. Горад невялікі, але вельмі прывабны. Населены пункт імкнецца ісці ў нагу з часам, беручы на ўзбраенне сучасныя метады і прынцыпы горадабудаўніцтва. На гэта ў сваёй рабоце абапіраюся таксама. Многія лунінчане і госці звярнулі ўвагу на новыя знакі пры ўездзе ў райцэнтр. Гэта – свайго роду невялікая візітоўка, якая дае ўяўленне аб горадзе і яго гісторыі… Прыемна бачыць на вуліцах многа маладых людзей і матуль з дзеткамі. Хочацца, каб для іх прагулак было больш зон адпачынку. Так узнікла ідэя абсталяваць дзіцячую пляцоўку ў скверы, што каля стадыёна. Думаю, што хутка яна ўвасобіцца ў жыццё. Маладыя клёны, ясені і ліпы, якія высадзілі тут падчас акцыі “Зялёны горад, квітнеючая вёска”, з часам падкрэсляць велічнасць абеліскаў, у спякотнае надвор’е абароняць ад сонечных промняў, а восенню парадуюць лістотай.
– Зараз распрацоўваецца новы генеральны план развіцця горада. А што з папярэднім? Ці Лунінцу стала цесна ў існуючых межах?
– Сённяшні генплан не ў поўнай меры адпавядае запытам і рэаліям райцэнтра XXI стагоддзя. Таму карэкціруем яго з улікам пашырэння і больш эфектыўнага выкарыстання існуючай тэрыторыі. Лунінец сапраўды расце. Зараз вядзецца распрацоўка мікрараёнаў сядзібнай забудовы за вадаёмамі Баханова. Па папярэдняму генплану гэтыя ўчасткі знаходзіліся па-за межамі горада. Наспеў час пашырыць тэрыторыю. Такім чынам, Лунінец расце ва ўсходнім напрамку. Тут плануецца пабудаваць не толькі жылыя дамы, але і ўсе аб’екты сацыяльнай інфраструктуры. У больш далёкай перспектыве – засваенне заходняй часткі горада. Гэта тэрыторыя ад Пнішча да “Палессеэлектрамаша”. Шматпавярхоўкамі будуць прырастаць кварталы “Паўночны” і “Паўднёвы”. Сёлета ўзвялі жылы дом за камбінатам бытавога абслугоўвання. У бліжэйшы час побач вырастуць яшчэ некалькі. У перспектыве па вуліцах Савецкая і Чырвоная на змену аднапавярхоўкам прыйдуць шматкватэрныя будынкі. Яшчэ адна з прычын, чаму неабходны новы генплан, – выкарыстанне тэрыторый па прызначэнню. Так, яшчэ нядаўна ўчастак, дзе зараз размешчаны магазін “Санта”, лічыўся зялёнай зонай. Вядома, што гэта таксама павінна быць замацавана дакументальна.
Зараз мяняецца падыход да стратэгічнага гарадскога планавання, яно пераасэнсоўваецца. На першы план выходзіць не колькасць, а якасць забудовы. Сучасны горад павінен быць кампактным. Менавіта ад гэтага залежаць магчымасці зрабіць яго камфортным – бліжэй транспартныя магістралі, менш неэфектыўна выкарыстоў-ваемых зямель.
– Якія першачарговыя задачы стаяць перад сектарам архітэктуры і будаўніцтва?
– Рабіць наш горад прыгожым, цікавым і функцыя-нальным. Мала намаляваць прыгожыя карцінкі, расставіць малыя архітэктурныя формы і разбіць клумбы – у першую чаргу дзеянні забудоўшчыкаў павінны быць узгоднены і накіраваны на паляпшэнне архітэктурнага аблічча горада. Няхай гэта будзе новы будынак, рэканструкцыя старога ці проста рэкламная шыльда – усё гэта фарміруе гарадское асяроддзе, а значыць, павінна быць увязана з астатняй забудовай. Разам мы абавязкова зробім наш горад і іншыя населеныя пункты раёна лепш.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть