Лунінецкія Каласавіны праходзяць з 1 по 5 лістапада
КультураМикашевичиНовости районаОбщество

Лунінецкія Каласавіны праходзяць з 1 по 5 лістапада

З 1 по 5 лістапада 2022 года ў бібліятэках Лунінецкай раённай цэнтралізованнай бібліятэчнай сістэмы праходзяць Лунінецкія Каласавіны – мерапрыемствы ў гонар класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа, 140-годдзе з дня нараджэння якога адзначаецца ў гэтым годзе.

2 лістапада ў Лунінецкай цэнтральнай раённай бібліятэца адбыўся літаратурна-музычны вечар “Як песня народа неўміручы наш Колас”. Вядучыя Ірына Навацкая і Таццяна Ванюк распавялі пра жыццёвы і творчы шлях Якуба Коласа. Падрабязна спыніліся на Лунінецкім перыядзе яго жыцця. У 1911 годзе пісьменнік выйшаў з Мінскага астрогу з так званым “воўчым білетам”, які забараняў працаваць у дзяржаўных школах. Былы аднакурснік па Нясвіжскай семінарыі Вінцук Філіповіч запрасіў да сябе ў Лунінец і ўступіў частку сваіх прыватных урокаў. У Лунінцы паэт шмат і плённа пісаў. Тут была распачата праца над паэмай “Сымон-музыка”, напісаны такі класічны твор, як “Нёманаў дар” і яшчэ два апавяданні, у аснове якіх камічныя, а ў першым гучаць нават і драматычныя сітуацыі: “Трывога” і “Недаступны”. Пісаўся ў Лунінцы і трэці раздзел паэмы “Новая зямля”.

Падчас вечара вершы Якуба Коласа гучалі ў выкананні навучэнцаў Лунінецкага дзяржаўнага аграрнага каледжа Максіма Емельяновіча, Ксеніі Калянковіч, Веранікі Ільіч, Таццяны Купрацэвіч, Яўгена Несцяровыіча. Свае вершы, прысвечаныя беларускаму, песняру чытала Вера Скіба – бібліятэкар палітэхнічнага каледжа. Песні на вершы Якуба Коласа і іншых беларкіх аўтараў выконваў Сяргей Місікаў.

Удзельнікі літаратурна-музычнага вечара паглядзелі відэафільм “Музей Якуба Коласа” і пазнаёміліся з кніжнай выставай, на якой былі прадстаўлены кнігі пра жыццё і творчасць пісьменніка, яго творы, артыкулы з перыядычных выданняў.

Мерапрыемствы да юбілею знакамітага песняра праходзяць і ў іншых бібліятэках раённай бібліятэчнай сістэмы. Агляды літаратуры, літаратурныя вечары, кампазіцыі, віктарыны, медыягадзіны, конкурсы мастацкага чытання, гасцёўні, вандроўкі, паэтычныя калейдаскопы – у розных формах бібліятэкары даносяць да сваіх чытачоў творчасць вялікага беларускага песняра.

Лунінецкая раённая цэнтралізованная бібліятэчная сістэма



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть